ДЗІКУНСТВА — Ў БЕЛАРУСЬ
17 ліпеня расейскі тэлеканал “Мір” паказаў дакумэнтальны фільм пра расейскую правінцыю. А менавіта пра горад Чапаеўск Самарскай вобласьці. Дыктар сказаў, што пры саветах у Чапаеўску дзейнічалі тры вялікіх ваенных заводы. Пасьля развалу СССР заводы зачыніліся, насельніцтва горада згубіла працу. “І началось!” — сказала ў камэру адна з жыхарак-чапаевак. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі траціна насельніцтва (улічваючы старых і дзяцей) зьяўляюцца прафэсійнымі наркаманамі і наркагандлярамі. Пьянства, разбой, гвалты і крадзёж — банальныя чапаеўскія сацыяльныя зьявы. Па вуліцах жудаснага горада соўгаюцца, як прывіды, чалавечыя постаці, многія зь якіх ужо згубілі ўсё чалавечае.
Дарэчы, на Зьезд беларусаў сьвету прыехалі беларусы з Расеі. Некаторыя зь іх распавялі ў кулуарах аб тым, што творыцца ў РФ, асабліва ў гарадах, дзе усё насельніцтва працавала на адным-двух горадаўтвараючых камбінатах. Камбінаты збанкрутавалі і зачыніліся. У гэтых мясьцінах адразу ўспыхнула крымінальшчына нябачаных раней маштабаў. Беспрацоўныя агрэсіўныя людзі злучаюцца ў кодлы і займаюцца рабункамі. Разгромлены і раскрадзены цэлыя дачныя гарадкі. Сытуацыя выходзіць з-пад кантролю. Дарэчы, аўтары згаданага фільма так і не сказалі, што за рэжымныя прадпрыемствы існавалі былі ў Чапаеўску. А працаваў там буйнейшы ў СССР завод па вытворчасьці атрутных рэчываў для міністэрства абароны. Як вядома, сучаснай Расеі зноў спатрэбілася хімічная зброя. Але даваць яе ў рукі агаломшаных алкаголем і наркатой дорогіх россіян Крэмль ня хоча. Было вырашана, што такі завод будзе пабудаваны непадалёк ад Менска ў Пухавіцкім раёне. Вось такі падарунак разбудоўваюць цяпер “дорогіе россіяне” на нашай зямлі.
Янка Базыль