РАЗГОРТВАНЬНЕ КРЫЗІСУ

(Жнівеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

9 жніўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Жнівеньскі камэнтар” (публікуецца).

З дакладамі аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра далейшае разгортваньне крызісу ў Беларусі. Усё больш людзей застаюцца без працы або губляюць большую частку заробка. Замест рэалізацыі антыкрызісных захадаў рэжым працягвае хадзіць з працягнутай рукой і прасіць крэдытаў на Захадзе і ў Расеі. Аднак, групоўка, што знаходзіцца пры ўладзе ў нашай краіне, разумее небясьпеку для свайго існаваньня напярэдадні правалу. Апошнім часам адбыліся спробы чарговай маніпуляцыі грамадзкай думкай. Рэжымны рупар газэта “Советская Белоруссия” (за 5.08.2009) надрукаваў вялікі “крытычна-аналітычны артыкул”, падпісаны С. Ткачовым, памочнікам “прэзыдэнта” А. Лукашэнкі. У артыкуле гаворыцца пра загружанасьць складоў беларускіх прадпрыемстваў нераспраданай прадукцыяй, пра фінансавую запазычанасьць і нават ўжываецца выраз пра “правал”. Сапраўднай аналітыкі ў такіх опусах няма, але праглядаецца імкненьне прадстаўнікоў рэжыму прызнаць катастрафічнае становішча і знайсьці вінаватых (напрыклад, прэм’ера Сідорскага).

У тым жа ключы выкананы апошнія публічныя выступы прадстаўнікоў псэўдаапазыцыі С. Багданкевіча, С. Шушкевіча, А. Мілінкевіча. Яны канстатуюць віну ўрада РБ, асабіста прэм’ера, нават А. Лукашэнкі, але нідзе нават ня згадваюць пра Расею, пра разбуральную антыбеларускую палітыку Расеі ў Беларусі. Стала вядома, што ў сувязі з спыненьнем фінансаваньня псэўдаапазыцыі з Захаду Масква рыхтуе стварэньне ў Беларусі сваёй цалкам прамаскоўскай фронды. На гэта выдзелены вялікія фінансавыя сродкі, за якія і пачалася публічная дыскусія “апазыцыянэраў-адвакатаў” Расеі.

Нікому, аднак, ня ўдасца ў чарговы раз заблытаць беларусаў і падмануць фальшывым аналізам становішча. Поўную адказнасьць за эканамічны і сацыяльны правал нясе рэжым Лукашэнкі, кантралюемы з Масквы. Сталі вядомы таксама новыя дэталі эканамічных адносінаў зь “вялікім братам”. У Расеі плянуецца разгарнуць вытворчасьць заходніх грузавых аўтамабіляў, больш якасных і больш танных, чым аналягічная беларуская прадукцыя. Беларускія МАЗы ніхто ня будзе купляць, гэта будзе магутны ўдар па нацыянальнай эканоміцы і людзям. Ненармальная арыентацыя на працягу шэрагу гадоў на расейскі рынак вядзе нашу эканоміку ў тупік. Выратаваць становішча можа не дэкаратыўная зьмена прэм’ера або ўрада, а адхіленьне галоўнага адказнага за антынацыянальную і антыдзяржаўную палітыку — усёй кіруючай групоўкі, а таксама нармалізацыя беларускага нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця без брутальнага ўмяшальніцтва імпэрскай Расеі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны нагадалі, што С. Ткачоў вядомы сваёй антыбеларускай пазыцыяй. Ён вядомы шчырай адданасьцю рэжыму, а ў 1995 г. ён кандыдаваў падчас выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі пад лёзунгам “Едіненія с Россіей”. Так што вельмі кур’ёзным выглядае ягоная крытычная поза ў амплуа апазыцыянэра “унутры рэжыма”. Сябры Сойму распавялі пра новую “рэфармісцкую” кампанію рэжыму. Па ўсёй краіне распачалася будоўля вялізных сьвінакомплексаў “па дацкай тэхналёгіі”. Вядома, што ўжо на гэтым этапе на гэтую манілаўшчыну выдаткавана ў два разы больш грошай, чым было заплянавана. Зразумела, што чарговая бессэнсоўная кампанія была арганізавана з мэтай адмыўкі раскрадзеных грошай.

Прагучала таксама інфармацыя з Расеі, якая прышла ад беларусаў, якія вяртаюцца адтуль. У сувязі з закрыцьцём прадпрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах РФ мільёны людзей засталіся бяз сродкаў на існаваньне. Па ўсёй краіне ўспыхнуў масавы бандытызм і разбой. Вялікія групоўкі нападаюць на дачныя пасёлкі, загарадныя маёнткі, разрабоўваюць і паляць іх. На вуліцах Масквы і іншых гарадоў звычайнай справай сталі напады на мінакоў, абрабаваньне і гвалты. На дарогах банды нападаюць на машыны і абрабоўваюць падарожнікаў. Прычым, гэтым масава займаюцца людзі без крымінальнай мінуўшчыны, якіх абрабаваў лубянскі рэжым. Нават шэраг расейскіх аналітыкаў лічаць, што адзіным выйсьцем для Крамля-Лубянкі ў гэтай сытуацыі, адзіным паратункам для маскоўскай хунты зьяўляецца развязваньне ваеннага канфлікту за межамі Расеі і ўвядзеньне ў самой Расеі надзвычайнага становішча дзеля здушэньня пратэстаў. Ад такой выбухова небясьпечнай імпэрыі беларусам трэба трымацца як мага далей, бараніць ад яе свой нацыянальны Дом — родную Беларусь. Сойм абмеркаваў захады па інфармаваньню насельніцтва аб сапраўдным становішчы ў краіне і кансалідацыі грамадзтва ў абароне нацыянальных інтарэсаў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 жніўня 2009 г.