ЖНІВЕНЬСКІ КАМЭНТАР
(ВЫСТУП на жнівеньскім Сойме БНФ і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
За гэты месяц-ліпень, што мінуў, цяжка знайсьці і адзначыць якую-небудзь станоўчую зьяву ў нашым палітычным і грамадзкім жыцьці. Такіх падзеяў няма ўжо даўно. Бальшыня таго, што адбываецца, ідзе на пагаршэньне. Адзначаецца паўсюдны наступ антыбеларускай рэакцыі у войску, эканоміцы, гандлі, грамадзкіх і палітычных арганізацыях. Ставяцца старыя спэктаклі пагарэлага тэатра кшталту “Пастанова 991”, здалася ў палон КГБ (нават бяз супраціву) арганізацыя “Бацькаўшчына,” прамаўляюцца фразы 30–40-гадовай даўніны, людзей гнояць у турмах, зьневажаюць за мову, у палітыцы лгуць і “абкурываюць” старую Эўропу.
Ёсьць пэўныя зрухі да лепшага ў нацыянальнай сьведамасьці, але найгорш тое, што 15 гадоў аўтарытарнай калгаснай улады не мінаюць бяссьледна — адбываецца рэпрадукцыя саўка на ўзроўні новага пакаленьня. Мы бачым тут, у Амэрыцы, масы гэтага кантынгенту зь Беларусі, выраслага ў хамстве, рабстве і паняверцы, людзей фізічнага існаваньня, зрусіфікаваных, без ідэалаў, без культуры і грамадзкіх інтарэсаў. Гэта адзін са складнікаў нашага грамадзкага застою, параліча волі, адсутнасьці ініцыятывы.
Практычна, грамадзкі баланс не зьмяніўся, як і сорак, пяцьдзесят, сто гадоў таму: 10–15 адсоткаў нацыянальна абуджанага насельніцтва і рэшта — пасыўны патэнцыял. Тут “баланс несвабоды” выяўляецца як пастаянная велічыня, якая можа стаць пераменнай якраз пры ўмове дасягненьня гэтай самай свабоды.
Прынцып авангарду ў беларускім змаганьні супраць прыгнёту застаецца ў гэтай сытуацыі нязьменным. Але і тут назіраюцца адхіленьні, характэрныя для пэрыяду застою і сацыяльнага страху. З барацьбы выбавае (дакладней, у барацьбу не ўключаецца) палітычна аптымальнае пакаленьне — людзі ва ўзросьце 35–50 гадоў. Іхняе месца займае моладзевая фронда, што істотна зьніжае зьмест і ўзровень антырэжымнага змаганьня, але тым ня менш яно (моладзевае змаганьне) зьяўляецца якраз выразным палітычным люстэркам антынацыянальнага прыгнёту і сацыяльнага маразму.
Сэнс нашай фронтаўскай праграмы па стварэньні “групаў народнага даверу” вызначаецца яшчэ і ў тым, каб падрыхтаваць грунт да ўваходу ў палітыку “аптымальнага пакаленьня”. Гэта адбываецца, як правіла, у пэрыяды інфармацыйных выбухаў і сацыяльнага кіпеньня. Лёгіка падзеяў паказвае, што мы набліжаемся да гэтага часу і мусім падрыхтавацца.
Трэба ўлічыць, што хаатычны стан палітыкі калгаснага рэжыму і хаос у Расеі можа выклікаць непрадказальныя дзеяньні гэтых рэжымаў, дзеля ўяўнага перайманьня ініцыятывы над крызісам. Цяпер шмат ідзе гаворак пра магчымасьць новай расейскай агрэсіі супраць Грузіі, але для нас, беларусаў, рэальнай пагрозай зьяўляюцца манёўры чужога войска на нашай тэрыторыі ў верасьні гэтага года. Такія дзеяньні супярэчаць нашай Канстытуцыі і ў каторы раз сьведчаць пра акупацыйны характар антыбеларускай улады ў Беларусі.
Жнівень — фатальны месяц для расейскай палітыкі. Бальшыня міжнародных і ўнутраных злачынстваў Расеі былі зробленыя ў жніўні. Але для беларусаў жнівень якраз добры месяц, бо тое, што расейцу кепска, беларусу — воля.
25 Жніўня 1991 года ажыцьцявілася двухсотгадовая мара цэлых пакаленьняў беларускіх змагароў з расейскім заборам. У гэты гістарычны дзень пад напорам дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і пры падтрымцы тысячаў людзей на плошчы перад парлямантам была спынена дзейнасьць КПСС у нашай краіне і канстытуцыйна аб’яўлена незалежнасьць Беларусі. Ад часоў падзелу Рэчы Паспалітай і ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага — нашай магутнай дзяржавы — гэты дзень, 25 Жніўня, ёсьць рэальна найвялікшай датай нашай двухсотгадовай гісторыі змаганьня за волю і незалежнасьць. Ад гэтага часу незалежная Беларусь рэальна ёсьць, існуе як незалежная дзяржава, знаная ў сьвеце. Ужо дзеля дасягненьня аднаго гэтага варта было жыць. Засталося зрабіць апошні крок вялікай беларускай барацьбы — усталяваць у Беларусі беларускую ўладу.
У гэтым сутнасьць змаганьня з антыбеларускім рэжымам. Вораг залез у наш дом. Барацьба ўнутры. Будучыня, жыцьцё і сьмерць нацыі, існаваньне дзяржавы і незалежнасьці залежыць ад зыходу гэтай барацьбы, ад таго, хто вынесе трупы.
Перад кожным пакаленьнем беларусаў, народжаным у ілжы, стаіць вызваньне — зразумець, што ў змаганьні з імпэрскай Расеяй не было, няма і ня будзе ні кампрамісу, ні паловы, ні міру: альбо яна нас знішчыць, альбо выйдзем на вольны шлях і зробімся незьнішчальнымі. Віншую ўсіх з 25 Жніўня, Днём незалежнасьці Беларусі!
7 жніўня 2009 г.