КРОК ДА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ
Калі я ўпершыню зайшоў у Авальную залю, адчуў тое, што, напэўна, адчувае асуджаны на сьмерць, калі яго ставяць перад растрэльнай камандай. У вачах — нянавісьць, у манерах — упэўненасьць у абсалютным валоданьні тваім лёсам; хіба што зброяй былі ня стрэльбы, а кнопкі для электроннага галасаваньня. Затое не дзесятак чалавек, а — амаль трыста.
Дэпутаты БНФ складалі толькі 8 працэнтаў ад агульнай колькасьці Вярхоўнага Савета. Наша перавага перад сьмяротнікамі была ў тым, што можна было павярнуцца і сысьці. Але прыйшлося перамагчы эмоцыі і працаваць.
Пракамуністычны парлямэнт
Зразумець складанасьць прыняцьця Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце і, шырэй, аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі немагчыма бяз тлумачэньняў раскладу палітычных сілаў ў пачатку 90-ых гадоў, пра якія ні сучасныя падручнікі гісторыі, ні афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі аб'ектыўна не гавораць.
На сакавіцкіх выбарах 1990 году ў Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня Беларускі Народны Фронт выставіў сваіх кандыдатаў па большасьці з 310 акругаў (усяго было 360 мандатаў, але 50 дэпутатаў абіраліся, ці, лепш казаць, прызначаліся арганізацыяй ветэранаў, таварыствамі інвалідаў, сьляпых і глухіх). Прадбачачы іранічныя ўсьмешкі, адразу скажу, што большасьць дэпутатаў ад трох апошніх таварыстваў потым засьведчылі свае дэмакратычныя перакананьні і зрабіліся сапраўднымі прафэсійнымі парламэнтарыямі; дэпутаты ж ад вэтэранскай арганізацыі, колькасьцю у 30, вызначаліся гранічным непрыняцьцем усяго прагрэсіўнага. Яны да апошняга дня існаваньня ВС 12 скліканьня шалёна ненавідзелі ўсё беларускае — магчыма, таму, што ў большасьці былі рускімі па нацыянальнасьці. Гэта былі пэнсіянэры — былыя партыйныя работнікі, генэралы, вэтэраны КДБ. Яны блякавалі ўсе прапановы Апазыцыі БНФ. Гэтыя трыццаць дэпутатаў адыгралі чорную ролю ў найноўшай гісторыі Беларусі.
Народнаму Фронту ўдалося правесьці ў Вярхоўны Савет каля дваццаці сваіх кандыдатаў. Партыйныя (натуральна ж, камуністычныя) камітэты кантралявалі выбары, адмоўна паўплывалі і паклёпніцкія артыкулы, зьмешчаныя ў афіцыйных газэтах за дзень да выбараў, калі ўжо не было магчымасьці абвергнуць хлусьню.
Сапраўды, першы дзень у Авальнай залі пакінуў незабыўныя успаміны. Гэтыя некалькі сотняў партыйных сакратароў, старшыняў выканкамаў, дырэктараў прадпрыемстваў “сацыялістычнай вытворчасьці” падаліся ў нечым вельмі падобнымі; да таго ж, ці то выпадкова, ці то з нейкай невядомай мне прычыны, але практычна ўсе яны былі ў аднолькавых сьветла-блакітных касьцюмах. Жанчын было няшмат. Адна ветэранка, з зоркай Героя сацыялістычнай працы, паказала на мяне пальцам:
— Посмотрите, “бэнээфовец” такой молодой, а с бородой, что он этим хочет сказать?
Між іншым адзначу, што ці не галоўнай перашкодай ва ўсталяваньні ўзаемаразуменьня з апанентамі быў якраз наш малады ўзрост — мне было 28 гадоў, Мікола Маркевіч, Ігар Гермянчук, Юрась Беланькі, Лявон Баршчэўскі былі равесьнікамі плюс-мінус год, Валянціну Голубеву, Лявонцію Зданевічу, Вользе Галубовіч, Сяргею Антончыку, ды, бадай, большасьці дэпутатаў будучай апазыцыі не было і 35-ці. Саракашасьцігадовы Зянон Пазьняк здаваўся нам ў той час калі не старым, дык нешта блізка да таго. Праз некалькі тыдняў “ўзроставы бар'ер” зьнік.
Ня сіла аргумэнтаў, а сіла арыфмэтыкі
Ужо з першых дзён сэсіі дэпутатам БНФ прыйшлося ўступіць у супрацьстаяньне з пракамуністычнай большасьцю. Спачатку спрэчка ішла за пасаду старшыні Вярхоўнага Савета. ЦК КПБ вылучыла на гэтую пасаду былога сакратара ЦК па сельскай гаспадарцы Мікалая Дземянцея. Ужо пасля першых фраз Мікалая Іванавіча ўзьнікала пытаньне: як такі чалавек мог зрабіць кар'еру большую, чым заатэхнік калгасу? Дземянцей, па-просту, ня мог гаварыць. Ён будаваў сказы, у якіх словы часам не стасаваліся па родах і ліках, утрымлівалі супярэчлівыя пазыцыі ў межах аднаго сказу. І самая знакамітая ягоная фраза — “Кто как хотіт, тот так і говоріт” — выявіла інтэлектуальны ўзровень фармальнага кіраўніка БССР і надоўга прыклеілася да Дземянцея.
Мы разумелі, што Пазьняк ня будзе абраны гэтым дэпутацкім корпусам на пасаду старшыні ВС (цяпер я думаю, што, ўсё ж, трэба было вылучаць яго нават пры заведама непрахадным варыянце, каб ён змог агучыць канцэпцыю дасягненьня сувэрэнітэту на мільённую аўдыторыю; дэбаты з Авальнай залі вяліся ў прамой радыётрансляцыі). Таму спыніліся на двух кампрамісных кандыдатах: прарэктары БДУ, народным дэпутаце СССР Станіславе Шушкевічы і касманаўце Уладзіміру Кавалёнку. У той момант Кавалёнак выказваў дэмакратычныя перакананьні, а дзьве залатыя зоркі Героя Савецкага Саюза і пагоны генэрал-лейтэнанта істотна ўскладнялі спробы камуністычнай большасьці навешаць на яго шыльду “бэнээфаўца”. У выніку Кавалёнак саступіў месца Шушкевічу, якому і давялося змагацца за пасаду спікера з Дземянцеем.
Калі падліковая камісія абвясьціла вынікі галасаваньня (большасьць, як і варта было чакаць, набраў Дземянцей), Народны Фронт вывеў да Дому ўраду дзесяць тысяч чалавек. На наступны дзень нам удалося, спалучаючы тактыку ціску і кампрамісаў, прымусіць Дземянцея зьняць прапанаваную ім на пасаду свайго першага віцэ-спікера кандыдатуру намесьніка старшыні Гродзенскага аблвыканкаму Машко і пагадзіца з прызначэньнем на гэтую стратэгічна важную пасаду Станіслава Шушкевіча (заўважу, што адразу пасьля гэтага Станіслаў Станіслававіч чамусьці перастаў наведваць пасяджэньні дэмклюбу і імкнуўся дыстанцыявацца ад БНФ).
Далей ішла ня менш вострая барацьба за пасаду старшыняў парламенцкіх камісіяў (яны, па Канстытуцыі, уваходзілі ў склад Прэзыдыюму ВС). БНФ вылучыў практычна на кожную пасаду сваіх прадстаўнікоў (кіраўніком планава-бюджэтнай камісіі — Юрася Беленькага, камісіі па міжнацыянальны станусках — Лявона Баршчэўскага, па міжнародных адносінах — Пётру Садоўскага і г.д.). Гэта давала магчымасьць пад час абнародваньня праграмы і дэбатаў данесьці да насельніцтва сваю пазыцыю практычна ў кожны беларускі дом, чаго БНФ раней быў пазбаўлены (але даволі хутка камуністы спахапіліся і спынілі прамую трансьляцыю).
Аднак праграмы і аргумэнты, выказаныя дэпутатамі БНФ, у Авальнай залі не браліся пад увагу: для камуністычнай большасьці галоўным было, як у супрацьпаветранай абароны, вызначэньне “наш” — “ня наш”. Ня “іхнія” — бязьлітасна зьбіваліся. Парадаксальна, але адукаванасьць кандыдатаў разглядалася як кампрамат. Анэкдатычны аргумент прагучаў, калі абмяркоўвалі Садоўскага на пасаду старшыні камісіі па міжнародных адносінах: “Спадар Садовский вместо чтобы сделать что-то полезное для народа, изучил пять иностранных языков!”.
Садоўскі якраз быў абраны старшынём міжнароднай камісіі і стаў адзіным дэпутатам БНФ у складзе Прэзыдыюму ВС, у астатнім жа нашыя кандыдаты “рэзаліся” пры галасаваньні. Не праходзілі і “кампрамісныя” фігуры (так, на пасаду старшыні аграрнай камісіі быў забалатаваны ня толькі прапанаваны дэпутатамі БНФ Лявонцій Зданевіч, але і “ўмераны” старшыня саўгасу “Гарадзец” Шклоўскага раёну дэпутат Лукашэнка. (У тыя дні Лукашэнка рэгулярна наведваў пасяджэньні дэмклюбу, праўда, я не памятаю, каб выступаў з найкімі прапановамі. Звычайна — маўчаў і слухаў).
Пад час выпрацоўкі канцэпцыяў, прадстаўленых нашымі кандыдатамі, выбудоўвалася мадэль рэалізацыі сувэрэнітэту — у эканоміцы, у фінансавай сфэры, у міжнародных дачыненьнях. Але самым прынцыповым было стварэньне дзяржаўных атрыбутаў і інстытуцыяў, якія павінна мець незалежная дзяржава — ўласная фінансавая сыстэма, уласнае войска, самастойная міжнародная палітыка. Якраз гэта абсалютна не ўспрымалася парламенцкай большасьцю.
БНФ патрабуе Незалежнасьці
Яшчэ 11 траўня 1990 году Сойм БНФ заявіў пра незалежнасьць Беларусі як палітычную мэту, а ў канцы таго месяца БНФ правёў агульнанацыянальную канфэрэнцыю “Незалежная Беларусь” з удзелам больш як шасьцідзесяці дэмакратычных дэпутатаў усіх ўзроўняў (ад Вярхоўнага да раённых Саветаў). Асноўны даклад зрабіў Пазьняк.
Распрацаваны БНФ праект Дэклярацыі аб сувэрэнітэце ў чэрвені 1990 году быў прапанаваны Вярхоўнаму Савету.
Калі Пазьняк казаў на сэсіі ВС пра сувэрэнітэт Беларусі як менавіта абвяшчэньне незалежнай дзяржавы, большасьць дэпутатаў слухала яго так, як бы ён абвясьціў, што ў Менск прыляцелі прадстаўнікі іншай галактыкі, і вось толькі што ён зь імі размаўляў. На тварах дэпутатаў чыталася ці ня ўся гама пачуцьцяў — ад зьдзіўленьня да сарказму. Эканамічная самастойнасьць яшчэ ўспрымалася (сакратарам і дырэктарам надакучыла выпрошваць на кожную дробязь дазвол Масквы), а вось уласныя грошы, уласнае войска — не, гэта было па-замежмі іх разуменьня.
Антыбеларускія беларусы
У гэтым, між іншым, была трагедыя Беларусі: у адрозьненьне ад Літвы, дзе сувэрэнітэту патрабавалі ў Гарбачова сакратары ЦК кампартыі Летувы, ці Эстоніі, дзе ЦК кампартыі Эстоніі падтрымаў ня толькі свой Народны Фронт, але дапамагаў іншым, ці хаця б Украіны, дзе сакратары ЦК і абкамаў паміж сабой размаўлялі па-украінску нават у савецкія часы, — партыйнае кіраўніцтва Беларусі на 99,99 адсоткаў не ўспрымала нацыянальныя інтарэсы як свае. Як прыклад — з дакумэнтаў выкрэсьліваліся словы “беларускі”, “нацыянальны”.
І гэта пры тым, што практычна ўсё кіраўніцтва, практычна ўвесь партыйны апарат быў этнічнага беларускага паходжаньня. Аднак у 1988 годзе гэты партапарат распачаў маштабнае цкаваньне толькі што ўтворанага БНФ і яго старшыні менавіта з-за “нацыяналізму”, у “нацыяналізме” на “адзіных палітднях” абвінвачвалі і Васіля Быкава. Неверагодна, але пасьля адстаўкі сакратара ЦК Кузьміна адзіным “адвакатам” Быкава ў кіраўніцтве быў прысланы з Масквы другі сакратар ЦК КПБ расеяц Ігруноў — сакратары-беларусы патрабавалі “крыві” народнага пісьменьніка за тое, што асьмеліўся выступіць у абарону беларускіх каштоўнасьцяў.
Такім чынам, дасягнуць нашай мэты нам было ўдвая складаней, чым літоўцам ці украінцам: тым даводзілася змагацца толькі з Масквой, нам жа — яшчэ і з нацыянальным нігілізмам “свайго” кіраўніцтва, усяго партыйна-дзяржаўнага апарату. Але Масква была далёка, а свае — тут, побач. Самыя зацятыя праціўнікі Незалежнасьці, самыя апантаныя змагары з нацыянальнымі каштоўнасьцямі — былі беларускія камуністы.
Пазьняк прапануе пагутарыць “нефармальна”
Спачатку Вярхоўны Савет адрынаў саму ідэю прыняцьця дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Пасьля таго, як падобныя дэклярацыі прынялі Украіна і Расея, Дземянцей заявіў, што і Беларусь павінна зрабіць аналагічны крок (і нават афіцыйную парляманцкую камісію стварылі). Такая дыямэтральна супрацьлеглая зьмена пазыцыі тлумачыцца проста: Прэзыдэнт СССР Гарбачоў змагаўся са старшынём ВС РСФСР Ельцыным і яму было аб'ектыўна выгодна “размыць” расейскую дэклярацыю дэклярацыямі іншых рэспублік; пры гэтым ён нічога не губляў, бо Канстытуцыі ўсіх рэспублік і раней утрымлівалі фразу пра сувэрэнітэт, а ў дэклярацыі прапаноўвалася ўключыць пункт аб падпісаньні новай саюзнай дамовы. Менавіта такі варыянт і меў на ўвазе Дземянцей.
Але — для нас гэта быў шанец. Мы палічылі неабходным скарыстаць яго максымальна, прапанаваўшы такія палажэньні, якія б канстытуцыйна замацавалі сувэрэнітэт і дазволілі распачаць будаўніцтва незалежнай дзяржавы.
У камуністаў не было ніякага праекту — у нас праект Дэклярацыі быў падрыхтаваны. Гэта, бясспрэчна, было вялікім плюсам, але вопыт абраньня старшыняў камісіяў паказваў, што пры галасаваньні ўсё вырашалі не аргумэнты, а арыфмэтычная большасьць галасоў.
Уласна, мы мелі два варыянты дзеяньняў.
Першы — прапанаваць Вярхоўнаму Савету на пленарным паседжаньні наш праект, абгрунтаваўшы ягоныя палажэньні. Найхутчэй, камуністычная большасьць яго б адразу адрынула толькі таму, што яго прапанавалі дэпутаты БНФ.
Другі — прапанаваць праект спачатку ў адпаведнай камісіі, якую ўзначальваў дэпутат Козік (той самы, які цяпер пастаўлены Лукашэнкам кіраваць афіцыйнымі прафсаюзамі). Пераканаць дваццаць членаў камісіі значна прасьцей, чым трыста дэпутатаў, і калі ў выніку праект будзе ўнесены на сэсію ВС ад імя афіцыйнай камісіі, ён мае значна больш шанцаў быць прыняты.
Мы абралі другі варыянт.
Пасьля заканчэньня аднаго з паседжаньняў ВС Пазьняк прапанаваў усім жадаючым застацца ў Авальнай залі, каб “неафіцыйна” абмеркаваць сытуацыю. Сабралося некалькі дзясяткаў дэпутатаў (можа, восемьдзесят) у сэктары ўраду і Менскай дэлегацыі (правы бок Авальнай залі, калі стаяць тварам да прэзыдыюму). Нашыя дэпутаты — гісторыкі (Пазьняк, Голубеў, Трусаў) распавялі пра гісторыю ВКЛ і БНР. І для большасьці тое, што Беларусь калісьці мела пэрыяды незалежнасьці, было адкрыцьцём.
А далей пачалася праца ў камісіі Козіка. Дэбаты былі бурныя, але, як ні дзіўна, з большага нашыя прапановы былі прынятыя. Яшчэ больш дзіўным для шмат каго было тое, што асноўныя палажэньні Дэкларацыі ад імя камісіі прадстаўляў не яе афіцыйны старшыня, а Зянон Пазьняк.
Цяжкае галасаваньне
Найбольш вострыя дэбаты па Дэкларацыі аб сувэрэнітэце былі 26-га і 27-га ліпеня.
Наш практ прынялі ў цэлым. Але пры паартыкульным абмеркаваньні даводзілася змагацца ня тое што за кожную фармулёўку — за кожнае слова ў нашых фармулёўках.
Словы пра “пераемнасьць дзяржаўнай ідэі БССР ад Беларускай Народнай Рэспублікі і неабходнасьць рэспубліканскай парламенцкай формы праўленьня” — выкідаюцца.
Слова пра назву “Беларуская Рэспубліка, альбо Беларусь” — выкідаюцца, застаецца БССР.
Словы пра тое, што “усе віды маёмасьці зьяўляюцца ўласнасьцю грамадзян БССР” (а не Масквы) — выкідаюцца.
Словы пра стварэньне ўласнай грашовай сыстэмы — выкідаюцца. Але пагаджаюцца ўтварыць Нацыянальны банк. Праходзіць і нашая прапанова аб праве Беларусі на сваю долю ў “саюзным” алмазным і валютным фондах і залатым запасе.
Мая прапанова аб дэманапалізацыі СМІ належнай колькасьці галасоў не набірае.
Затое прымаецца прапанова Пазьняка, што “сваю свабоду і сувэрэнітэт Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў першую чаргу выкарыстоўвае на выратаваньне беларускага народу ад вынікаў Чарнобыльскай катастрофы”.
Не праходзіць фармулёўка пра тое, што “Беларуская ССР мае права на ўласныя Ўзброеныя Сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадзскай бясьпекі, падначаленыя Вярхоўнаму Савету” — першым супраць выступае дэпутат Віктар Ганчар. Яго падтрымлівае намесьнік Старшыні КДБ Генадзь Лавіцкі.
Даволі хутка дэпутацкая большасьць разумее, што працэс, дзякуючы націску дэпутатаў БНФ, ідзе “не туды”, куды ім хацелася б. У нейкі момант старшыня камісіі ВС Леанід Козік заяўляе, што “если мы примем эту Декларацию, то она направлена на сто процентов на выход из Союза”. Што, канешне, было праўдай.
І вось — апошні артыкул. Большасьць дэпутатаў застаецца непахіснай у сваім жаданьні прадэкляраваць падпісаньне “Саюзнай дамовы”. Слова бярэ дэпутат БНФ Уладзімер Заблоцкі, які ў складзе беларускай дэлегацыі па падрыхтоўцы гэтай самай “саюзнай дамовы” наведваў Маскву.
Па праекце гэтай “саюзнай дамовы” Масква пакідала сабе ў Беларусі права на: міжнародную палітыку, войска, дзяржбясьпеку, памежныя войскі, мытню, юрыдычныя інстытуцыі, ваенную прамысловасьць, энэргетычную сыстэму, пераапрацоўку нафтапрадуктаў, газавыя і нафтавыя трубаправоды, крэдытна-фінансавую і банкаўскую сыстэмы, чыгуначны транспарт, паветраны транспарт, тэлебачаньне, радыё, фундамэнтальную навуку... Словам, нам заставаўся хіба Чарнобыль.
Але і гэта не ўспрымалася аргумэнтам для парляманцкай большасьці. Не жадалі дэпутаты і надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы. Для нас гэта было прынцыпова важным, бо такі статус ставіў Канстытуцыю і законы Беларусі вышэй за Канстытуцыю і законы СССР, і гэта якраз і азначала юрыдычную Незалежнасьць.
Ніякія нашыя аргумэнты не ўспрымаліся.
Больш за тое: ўзьнікла рэальная пагроза перагляду ўжо прынятых артыкулаў і выхалошчваньня з Дэклярацыі ўсяго, што нам удалося правесьці.
Выйсьці, каб перамагчы
І тады Пазьняк прапанаваў тактычны крок, які спачатку падаўся шмат каму з нас натуральнай авантурай. Пазьняк прапанаваў апэляваць не да розуму дэпутацкай большасьці, а, скажам гэтак, да калектыўнага інстынкту, скарыстаўшы ўжо выпрацаваную звычку галасаваць насуперак БНФ.
“Паважаныя дэпутаты, — пачаў свой выступ Пазьняк на сэсіі, — я не затрымаю доўга вашай увагі. Тое, што мы зараз пачулі зьвесткі, што нам рыхтуе “саюзны дагавор”, і тое, што зараз сэсія прагаласавала за гэты “саюзны дагавор”, гэта тое самае, што сунуць галаву ў пятлю. Гэта значыць, што далейшая размова аб сувэрэнітэце ня мае сэнсу. Гэта значыць, што наша праца два дні была без патрэбы. На вялікі жаль, народныя дэпутаты, відаць, мы ўсё ж такі не дарасьлі да сувэрэнітэту. Таму я, Пазьняк Зянон Станіслававіч, заяўляю, што я адмаўляюся далей удзельнічаць у гэтай сэсіі ў выніку таго, што Вярхоўны Савет ня здольны прыняць Дэклярацыю аб сапраўдным сувэрэнітэце. Тых дэпутатаў, якія мяне падтрымліваюць, прашу зрабіць тое самае. Я пакідаю залю”.
З Авальнай залі выйшла трыццаць дэпутатаў (аднак некалькі дэпутатаў БНФ, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, былі пакінутыя ў залі).
Заява Пазьняка і выхад з залі выклікалі ў прысутных шокавы эфэкт сваёй нечаканасьцю. Але значна больш моцнымі было жаданьне зрабіць насуперак — як перад гэтым на сэсіі заўважыў Ігар Гермянчук, некаторыя галасуюць “супраць” толькі таму, што Пазьняк галасуе “за”.
Перад выхадам з залі мы абмяркоўвалі гэты крок, нам ён падаваўся вельмі рызыкоўным. Найбольш рызыкаваў, канешне, Пазьняк: калі б у выніку Дэклярацыя не была б прынятая (скажам, не хапіла галасоў) — на ягоным палітычным аўтарытэце, ды і на аўтарытэце ўсяго Народнага Фронту можна было б ставіць крыж.
Але адбылося так, як разьлічваў Пазьняк: дэпутаты заявілі, што поўныя рашучасьці прыняць Дэклярацыю і пачалі актыўна галасаваць. Ня ведаю, чаго тут у Пазьняка было болей: дакладнага палітычнага разьліку, адчуваньня псыхалёгіі ці проста інтуіцыі.
Раз-пораз чуюцца сьцвярджэньні: “Апазыцыя БНФ не брала ўдзел у галасаваньні па Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце”, — і на гэтым ставіцца кропка, маўляў, дэпутаты БНФ ня маюць да яе дачыненьня. Праўдай жа застаецца тое, што дэпутаты БНФ напісалі праект гэтай Дэклярацыі. Мы галасавалі па кожным яе артыкуле, і толькі ў заключныя дні, 26-27 ліпеня, выступілі на сэсіі больш за сто разоў! Нарэшце, некалькі дэпутатаў БНФ былі ў залі пры канчатковым галасаваньні.
Да слова, нам з дэпутатам Шачакам удалося правесьці фармулёўку, што Беларусь “мае права на ўласныя Ўзброеныя сілы, ўнутраныя войскі, органы дзяржаўнай бясьпекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету”, прычым за гэта прагаласавала 230 дэпутатаў!
І хаця абвяшчэньне Беларусі бяз'ядзернай зонай не прайшло — 229 чалавек прагаласавалі за тое, што Беларусь “ставіць на мэце зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а рэспубліку — нейтральнай дзяржавай”. Для мяне асабіста гэта было справай гонару, бо за два гады да гэтага нам у Віцебску ўдалося перашкодзіць плянам будаўніцтва АЭС.
Прыняла парлямэнцкая большасьць і фармулёўку пра “поўны сувэрэнітэт”, якую прапанаваў Анатоль Вярцінскі, рэдактар штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, бадай што самай прагрэсіўнай на той час газэты.
У выніку за Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР прагаласавалі 229 дэпутатаў — значна больш, чым патрабавалася для яе прыняцьця.
У ЗША — вывучаюць, у Беларусі — замоўчваюць
І ўсё ж гэта яшчэ не была тая Незалежнасьць, пра якую марылася — толькі праз год, 25 жніўня, на скліканай па патрабаваньню Апазыцыі БНФ надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савета Дэкларацыі будзе нададзены статус канстытуцыйнай сілы, і Беларусь стане незалежнай “дэ-юрэ”. За гэты год паміж 27 ліпеня 90-га і 25 жніўня 91-га Апазыцыя падрыхтавала некалькі дзесяткаў законапраектаў, якія потым ляглі ў падмурак беларускай дзяржаўнасьці. Гэтых месяцаў шмат каму хапіла дзеля асэнсаваньня бесперспэктыўнасьці існаваньня імпэрыі, і таму ў жніўні 91-ага, каб падтрымаць нас, на плошчу перад Домам ураду выйшлі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
Вось чаму не вытрымлівае ніякай крытыкі тэорыя, што нібыта “Незалежнасьць звалілася на беларусаў зьнянацку, як зь неба”. Тыя, хто гэтак кажа, забываецца (а хутчэй, па-просту ня хоча ведаць) ні пра Тадэвуша Рэйтана, які ў 1772-ім годзе лёг перад дэпутатамі Сойму, каб перашкодзіць пераходу Усходніх беларускіх земляў у панаваньне расейскага цара. Ні пра паплечнікаў Тадэвуша Касьцюшкі — ўдзельнікаў антыцарскага паўстаньня 1784-га. Ні пра паўстаньне 1863-га году Кастуся Каліноўскага. Ні пра Слуцкі збройны чын, чые ваяры пацьвердзілі на сваёй тэрыторыі вяршэнства БНР і некалькі месяцаў адбівалі атакі бальшавікоў. Ні пра актывістаў Саюзу беларускіх патрыётаў на Пастаўшчыне і Глыбоччыне, якія ў канцы 1940-ых гадоў выступілі супраць русыфікацыі, трымалі ў сябе Бел-Чырвона-Белыя сьцягі і за гэта правялі шмат гадоў у мардоўскіх канцлягерах.
Тое, што ўдалося зрабіць актывістам БНФ (я маю на ўвазе ня толькі дэпутатаў, але тысячы прыхільнікаў Народнага Фронту ў Менску і ў рэгіёнах) у 1990-1991 гадах — гэта заканамерны вынік змаганьня пакаленьняў беларусаў за Незалежнасьць. У Злучаных Штатах за двесьце гадоў пра іхнюю Дэклярацыю аб незалежнасьці напісана безьліч кніг (ва ўсялякім разе, каталёг Бібліятэкі Кангрэсу ЗША налічвае тысячы і тысячы выданьняў). У сёньняшняй Беларусі пра нашу Дэклярацыю імкнуцца ня ўзгадваць.
Прывяду, аднак, словы Васіля Быкава: “Што ж датычыцца апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, то я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта апазыцыя Беларускага Народнага Фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай сувэрэннасьці. Гэта яе заслуга. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца, незалежна ад лёсу Беларусі навогул, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна, гэта будзе ацэнена праз вякі”.
Сяргей НАВУМЧЫК,
http://naviny.by/rubrics/politic/2009/07/27/ic_articles_112_163747/