“ГАЛІНКІ”
Сёлета ўлетку спаўняецца роўна трыццаць гадоў аднаму зь вялікіх злачынстваў часоў савецка-расейскай акупацыі Беларусі. З траўня па верасень 1979 г. каланіяльная адміністрацыя Беларусі (пад кіраўніцтвам сакратара ЦК КПБ Машэрава) пагнала мільёны людзей на нарыхтоўку кармоў для калгаснай жывёлы. Спэцапэрацыя адразу ж атрымала народны назоў — “галінкі”. Спэцы ад рэжыму з мічурынскім крымінальным імпэтам распрацавалі “новую канцэпцыю адкорма жывёлы” і загадалі зьдзіраць з дрэваў галінкі з лістоўем. Прадпрыемствам і арганізацыям былі даведзены дзікія пляны “нарыхтовак”. Напрыклад, Мастакі музэй БССР у Менску (невялікі штат у асноўным з жанчын і пажылых людзей) павінен быў нарыxтаваць 20 тон “галінак”. Калі плян быў выкананы і людзі спадзяваліся спакойна вярнуцца да выкананьня сваіх абавязкаў, райкам падкінуў дадатковы плян яшчэ на 20 тон. Галінкі з дрэў дзерлі нават дактары навук, падпалкоўнікі міліцыі, цэлыя палкі савецкай арміі.
Маштабы экалагічнай катастрофы былі надзвычай вялікімі. Былі зьнішчаны лясы і прысады, зьнішчаны і скалечаны сотні тысячаў дрэваў. Як заўсёды з антыпрыроднымі авантурамі саветаў, і гэты “экспэрымэнт” акрамя шкоды ня меў ніякага эфэкту. (Машэраў быў таксама “застрельщиком” найвялікшага — пасьля Чарнобылю — экалягічнага злачынства ў Беларусі — так званай “меліярацыі” і асушэньня балотаў). “Галінкі” у вялікіх колькасьцях згнілі ў сілосных ямах. Быдла не захацела спажываць гэтае атрутнае месіва. (Гэта зразумела кожнаму нармальнаму чалавеку — быдла ня есьць ні лісьця ні дрэва, нават калі кампартыя загадвала.)
Трэба сказаць, што ў наступныя гады саветы не вярнуліся болей да гэтай практыкі. Для Беларусі “апэрацыя галінкі” мела такія ж разбуральныя наступствы, як масавае зьнішчэньне катоў або верабьёў у Кітаі Мао дзэ Дуна. Мяркуем, што пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму будзе абавязкава праведзена сьледства і арганізаваны судовы працэс над распрацоўшчыкамі, камандзёрамі і прапагандыстамі “галінак”. Будзе ўрэшце высьветлена, якая была ў гэтым усім роля Масквы і хто з мясцовых “энтузіястаў” акрамя Машэрава спрычыніўся асабліва актыўна да злачыннай справы.
Янка Базыль