ВЫБАРЫ-1994. СКРАДЗЕНАЯ ПЕРАМОГА

Сяргей Навумчык. Нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. У 1990-1996 — дэпутат Вярхоўнага Савету, член Канстытуцыйнай камісіі, разам з іншымі дэпутатамі Апазыцыі БНФ распрацоўваў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. З 1996 — у палітычнай эміграцыі. Намесьнік Старшыні Рады БНР. Супрацоўнік беларускай службы Радыё Свабода. Ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру за кнігу “Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)”.

Пазьняк перамог бы ў прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году і Кебіча, і камуністаў, калі б “маладыя ваўкі” ня вылучылі Лукашэнку. Уласна, Лукашэнка “скраў” перамогу ў Пазьняка, скарыстаўшыся плёнам дзейнасьці БНФ, які выкрываў поўную няздатнасьць Кебіча і ягонага ўраду ажыцьцявіць дэмакратычныя і эканамічныя рэформы.

Пытаньне — чаму гэта адбылося? — я задаю сабе з той самай ночы пасьля першага туру выбараў, якую, як давераная асоба Зянона Пазьняка, правёў ў кабінэце старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Аляксандра Абрамовіча. У гэтых нататках адказаць на яго немагчыма (пэўна, трэба б было пісаць асобную кнігу), але паспрабую нагадаць некаторыя эпізоды той выбарчай кампаніі, спасылаючыся, пераважна, на тое, чаму сам быў сьведкам.

За паўтары месяцы да той ночы мне давялося быць удзельнікам пасяджэньня ЦВК, якое магло паставіць крыж на прэзыдэнцкіх амбіцыях Лукашэнкі.

На рэгістрацыю кандыдатаў Пазьняк папрасіў прыйсьці мяне ў якасьці ягонай даверанай асобы. Перад пасяджэньнем Кебіч падышоў да нас і працягнуў руку, якую Пазьняк не паціснуў. Я ўсё ж паціснуў руку прэм'ер-міністру і, больш за тое, мне пад час паседжаньня прыйшлося апынуцца паміж Пазьняком і Кебічам. Далей сеў кандыдат-камуніст Новікаў, паводдаль — Лукашэнка з Сініцыным. Неўзабаве высьветлілася, што падпісныя лісты за Лукашэнку аформленыя з парушэньнем заканадаўства. У іх месцам ягонага жыхарства быў пазначаны Менск, а пасада — дэпутат ВС, тым часам як жыў Лукашэнка ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёна, а пасада была — дырэктар саўгасу “Гарадзец”.

Гэта быў сьвядомы падман (паплечнікі Лукашэнкі разумелі, што за дырэктара саўгасу як за будучага кіраўніка дзяржавы падпішацца меньш людзей, чым як за члена парляманту). Цяпер кандыдатаў у дэпутаты здымаюць з рэгістрацыі і за менш значныя парушэньні.

А тады паміж старшынём ЦВК Абрамовічам і Лукашэнкам адбыўся такі дыялёг: “Дзе Вы прапісаны?” — “Живу в гостинице “Октябрьская” — “Я не пытаюся, дзе Вы сьпіце, я пытаюся, дзе Вы афіцыйна прапісаны? Дзе Ваш пашпарт”? — “Паспорт? А его у меня украли. Против меня развёрнута кампания травли. Но личность свою я могу подтвердить, если Вы не верите”...

Кебіч кажа мне: “Нет, ты видишь? Видишь, какой это человек?”. У адказ я сказаў, што Вы, Вячаслаў Францавіч, самі стварылі з Лукашэнкі героя, і Кебіч гэта ня стаў аспрэчваць.

У той дзень ЦВК усё ж зарэгістравала Лукашэнку (праз нядоўгі час Лукашэнка прызначыць Абрамовіча намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі).

З Лукашэнкам у мяне ніколі не было прыязных адносінаў (хутчэй — узаемная асабістая антыпатыя з першага дня знаёмства ў 1990 годзе), але чатыры гады мы правялі з ім як дэпутаты ВС ў Авальнай залі. Не магу сказаць “прапрацавалі”: для сыстэмнай, руціннай заканадаўчай працы ён быў няздатны, не памятаю, каб калі-небудзь вылучыў хоць адну заканадаўчую прапанову. Дэпутаты Апазыцыі БНФ распрацавалі некалькі дзесяткаў законапраектаў (у тым ліку эканамічнага характару), і мы імкнуліся далучыць да працы і не “апазыцыйных” дэпутатаў, але нават ў падрыхтоўцы Зямельнага Кодэксу і закону аб зямлі дырэктар саўгасу “Гарадзец” ня браў ўдзелу. Стыхія Лукашэнкі была — мікрафон, у прамовах яго часьцяком не было ні лёгікі, ні сэнсу, ён мог супярэчыць сам сабе ў межах аднаго выступу, але, як трапна вызначыў Васіль Быкаў, меў “зычны, абураны голас”.

У 1991 годзе Лукашэнка выступіў супраць Незалежнасьці Беларусі; замест бел-чырвона-белага дэпутацкага значка ён прынцыпова насіў “бэсэсэраўскі”, чырвона-зялёны.

Яго мала хто ўспрымаў усур'ёз, пакуль ў чэрвені 1993 года з падачы дэпутата Анатоля Лябедзькі старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч не прапанаваў яго кандыдатуру на пасаду Старшыні так званай камісіі па карупцыі (гэтая памылка Шушкевіча адыграла фатальную ролю і ў лёсе Беларусі, і ў ягонай ўласныай палітычнай біяграфіі). Супраць карупцыі змагалася Апазыцыя БНФ, называючы канкрэтныя лічбы і канкрэтныя імёны з атачэньня Кебіча. Лукашэнка ж пераўтварыў працу камісіі ў прапагандысцкае шоў, эпагеем якога 14 снежня 1993 году стаў даклад на сэсіі ВС з прамой тэле- і радыётрансляцыяй. Імёны тых, хто сапраўды скраў мільёны (і заклаў тым самым пачатак некаторых цяперашніх мэга-бізнэсаў) Лукашэнка не назваў. Затое абліў брудам Шушкевіча і апазыцыю. Пазьней стала вядома, што даклад яму дапамагалі пісаць супрацоўнікі “Советской Белоруссии” па загаду з Саўміну. Кебіч імкнуўся зьняць Шушкевіча, каб расчысьціць сабе шлях да прэзыдэнцтва, і яму ў студзені 1994-га рукамі Лукашэнкі і “маладых ваўкоў” удалося гэта зрабіць (Апазыцыя БНФ, хаця і крытыкавала Шушкевіча за непасьлядоўнасьць, спрабавала сарваць галасаваньне. На жаль, не ўдалося).

Акрамя “барацьбы з карупцыяй”, галоўнай тэмай выступаў Лукашэнкі было аднаўленьне савецкай імпэрыі. Яшчэ ў кастрычніку 1993-га мы прынялі заяву Апазыцыі БНФ, у якой запатрабавалі пазбавіць дэпутацкіх паўнамоцтваў Лукашэнку і некаторых іншых парламентарыяў за выразна антыдзяржаўніцкую пазыцыю (што лагічна: калі дэпутат выступае за скасаваньне дзяржавы, ён не павінен быць у парламэнце). На жаль, Станіслаў Шушкевіч адмовіўся падтрымаць нашу прапанову, яна не была ўключаная ў павестку дня сэсіі ВС. Давёўшы эканамічнае становішча Беларусі да крытычнага стану (пракебічаўская большасьць не прыняла ні аднаго з дзясяткаў законапраектаў, распрацаваных Апазыцыяй БНФ і нашымі экспэртамі), Кебіч учапіўся за ідэю ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля і падпісаў у Маскве адпаведнае пагадненьне (на Прэзыдыюме ВС тады нават разглядалася пытаньне арышту Кебіча і іншых членаў дэлегацыі ў менскім аэрапорце. Але Кебіч быў дэпутатам ВС і меў імунітэт). Лукашэнка ж заяўляў, што ён адродзіць СССР, увядзе расейскі рубель хутчэй, чым Кебіч. Нарэшце, Лукашэнка выступіў у дзярждуме Расеі з лозунгамі аднаўленьня імпэрыі.

Апазыцыя БНФ пасьлядоўна выступала супраць пасады прэзыдэнта, сьцьвярджаючы, што гэта непазьбежна прывядзе да дыктатуры (дакладна такі тэрмін — “дыктатура” — ужываўся ў заявах парлямэнцкай апазыцыі БНФ вясной 1994 года). І хаця парлямэнцкая большасьць, што рыхтавала прэзыдэнцтва “пад Кебіча”, настойліва дамагалася сваёй мэты, нам удалося б заблякаваць рашэньне, яно не набрала б канстытуцыйнай большасьці (дзьве траціны галасоў дэпутатаў), калі б не паводзіны “маладых ваўкоў”, якія выставілі наперад Лукашэнку як таран.

Калі сьцісла, мэта Ганчара і Булахава была наступнай. Лукашэнка робіцца прэзыдэнтам, Ганчар — прэм'ерам, Булахаў — старшынём Канстытуцыйнага Суда. Ведаючы характар Лукашэнкі, няцяжка было здагадацца, што ён даволі хутка уступіць у канфлікт з Канстытуцыяй, і не адзін раз (што праз некалькі месяцаў і адбылося). Пасьля таго, як Канстытуцыйны Суд вынесе вэрдыкт пра парушэньні, пачынаецца працэдура імпічмэнту (якую, па іх разьліках, падтрымалі б і дэпутаты БНФ, і прадстаўнікі наменклятуры). Лукашэнка — у адстаўцы, а функцыі прэзыдэнта выконвае прэм'ер-міністар Ганчар, які трымае ў руках адміністрацыйны рэсурс. У выніку — Ганчар абіраецца прэзыдэнтам.

Забягаючы наперад, скажу, што ўжо ў першы дзень прэзыдэнцтва Лукашэнка клясычна “кінуў” сваіх паплечнікаў. Адразу пасьля інаўгурацыі ён фармальна выканаў абяцаньне — прапанаваў Вярхоўнаму Савету зацьвердзіць Булахава на пасадзе старшыні КС (“Пацан сказал — пацан сделал”). Але звычайна прапановам на пасады такога рангу папярэднічае “апрацоўка” дэпутатаў, кансультацыі з фракцыямі і г.д. Напрыклад, у той самы дзень тэрмінова выкліканы з Лондану амбасадар Сянько гутарыў з намі (дэпутатамі Апазыцыі БНФ) наконт свайго прызначэньня міністрам замежных спраў. Да Булахава адмоўна ставіліся і апазыцыя (менавіта ён адыграў ключавую ролю ў тым, што ВС праігнараваў 442 тысячы подпісаў, сабраных БНФ за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах па мажарытарна-прапарцыйнай сыстэме), не любілі яго і “кебічаўцы” (занадта малады — яму было 35 гадоў). Лукашэнка выдатна ведаў гэта, але вылучыў кандыдатуру Булахава бяз усялякай падтрыхтоўкі. І калі электроннае табло ў Авальнай залі паказала, што Булахаў не набраў галасоў, Лукашэнка проста ня змог стрымаць усьмешкі, сказаўшы пры гэтым кшталту — ну, нічога страшнага, Дзьмітрый Пятровіч яшчэ малады чалавек, а працы хапае і іншай. На Булахава было цяжка глядзець. Сумным выглядаў і Ганчар, якога Лукашэнка вылучыў “усяго толькі” на віцэ-прэм'ера (і калі Лукашэнка кажа, што Ганчар прасіў у яго прэм'ерства — ён кажа праўду. Але ня ўсю праўду — ён яму гэтую пасаду абяцаў).

А тады, у сакавіку, менавіта Ганчар і Булахаў прапанавалі, у парушэньне рэглямэнту ВС, працэдуру галасаваньня па “прэзыдэнцкім” разьдзеле Канстытуцыі пайменнымі бюлетэнямі на працягу трох дзён; ініцыятыву падтрымаў спікер М. Грыб. Апазыцыя БНФ абвясьціла гэта антызаконным, мы ўвогуле байкатавалі галасаваньне і не бралі бюлетэняў — але ў Авальную залю дастаўлялі дэпутатаў-вэтэранаў нават на машынах хуткай дапамогі, некаторых дэпутатаў я тады пабачыў упершыню за некалькі гадоў. Да таго ж, за прэзыдэнцтва выказаліся Карпенка і група ягоных прыхільнікаў (яшчэ раней Карпенка падтрымаў зьняцьцё з пасады старшыні ВС Шушкевіча). Патрэбныя дзьве траціны галасоў сабралі.

Да таго ж, падчас разгляду пытаньня аб прэзыдэнце на сэсіі ВС Ганчар і Лябедзька настаялі, каб узроставы цэнз для кандыдата быў зьменшаны з 40 гадоў да 35 (Лукашэнку спаўнялася сорак толькі у жніўні).

Як апошнюю магчымасьць спыніць катастрофу, мы прапанавалі не прызначаць прэзыдэнцкія выбары адразу, а правесьці спачатку парлямэнцкія, і толькі потым, праз паўгады — прэзыдэнцкія. Наш разьлік быў на тое, што ў выніку выбараў дэмакратычныя сілы павялічылі б сваю прысутнасьць у ВС і што ў людзей было б больш часу разабрацца і ў асобах, і ў плятформах патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Але ВС адрынуў і гэтую нашу прапанову.

Масква афіцыйна нібыта падтрымлівала Кебіча, у заявах Ельцына і Чарнамырдзіна, але заявы былі толькі словамі. Ды і трэба памятаць, што ўяўляў сабой у той час Ельцын і пад чыім кантролем ён быў. Расейскія спэцслужбы зрабілі ў Беларусі стаўку на чалавека, які выказваў тыя ж “саюзьніцкія” ідэі, што і Кебіч, але рабіў гэты больш энэргічна. І ня толькі расейскія. “Аляксандар Рыгоравіч сваім ўзыходжаньнем шмат чым абавязаны Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі... у пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў ў спэцслужбе была створаная ініцыятыўная група падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі... шматлікія супрацоўнікі цэнтральнага апарату Камітэту ў Менску і абласных упраўленьнях КДБ адсочвалі абстаноўку пад час выбараў, кантралявалі дзеяньні асноўных канкурэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду і прадастаўлялі папераджальную інфармацыю ў штаб Аляксандра Рыгоравіча... Менавіта чэкісты ведалі сапраўдную карціну лёзьненскага замаху, фінансаваньня прэзыдэнцкай кампаніі і парупіліся схаваць “канцы ў ваду”, — пісаў пазьней былы афіцэр КДБ Сяргей Аніська (“БДГ”, 15 лютага 1996 г).

І тады, у 1994 годзе, і цяпер я быў і застаюся перакананы: адзіным кандыдатам, здольным пабудаваць незалежную Беларусь і вывесьці яе ў супольнасьць цывілізаваных дэмакратычных краінаў, быў старшыня БНФ і парлямэнцкай апазыцыі Зянон Пазьняк. Пазьняк меў дэталёва распрацаваную прэзыдэнцкую праграму дзяржаўнага будаўніцтва з моцным эканамічным блёкам (распрацоўшчыкі — акадэмікі і дактары эканамічных навук). У каманду ўваходзілі віцэ-прэзыдэнт Акадэміі Навук Радзім Гарэцкі, член-карэспандэнт АН Іван Нікітчанка, доктары эканамічных навук Уладзімер Тарасаў і Ўладзімер Кулажанка. Не гаворачы ўжо пра дэпутатаў, якія атрымалі вялікі вопыт заканадаўчай і палітычнай працы — Уладзімера Заблоцкага, Юрася Беленькага, Сяргея Папкова, Мікалая Крыжаноўскага, Валянціна Голубева, Лявонція Зданевіча ды іншых. Даверанай асобай Пазьняка быў і Васіль Уладзімеравіч Быкаў. 19 чэрвеня, у дзень свайго 70-годзьдзя, Быкаў на мітынгу ў ягоны гонар ля помніку Янку Купалу называе свае галоўныя жаданьні, і ў тым ліку: “Я вельмі хачу, каб першым прэзыдэнтам Беларусі стаў яе самы найлепшы сын — Зянон Станіслававіч Пазьняк”.

У Лукашэнкі, па ягоных нядаўніх словах, уся перадвыбарчая праграма ўмяшчалася на аркушы паперы. Я б ўдакладніў: яна ўвогуле ўмяшчалася ў адной фразе: “усіх перасажаю і аднаўлю СССР” (трэба прызнаць, што гэтую праграму, з пэўным посьпехам, ён імкнецца выконваць і зараз).

Але на баку Лукашэнкі было тое, што адыграла ў ягонай перамозе ключавую ролю — дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Некаторыя тагачасныя паплечнікі Лукашэнкі цяпер гавораць, што супраць яго нібыта працавалі ўсе дзяржаўныя СМІ. Некаторыя зь іх нават ганарацца перамогай ў такіх “складаных” умовах.

Насамрэч дзяржаўныя СМІ (тэлебачаньне, радыё і газэты) працавалі ў 1992-1994 гг. на Лукашэнку. У тым сэнсе, што ідэі дэмакратыі, эканамічных рэформаў, а самае галоўнае — Незалежнасьці Беларусі — падвяргаліся сыстэматычнай рэвізіі і нават абсьмяяньню, затое цкаваньню Народнага Фронта было дадзена “зялёнае сьвятло”. А пасьля таго, як у верасьні 1993 году Кебіч назваў свой подпіс пад Віскулёўскім пагадненьнем вялізнай памылкай і пакляўся аднавіць саюз з Расеяй, дзяржаўная прапаганда набыла выразна імпэрскі характар. Усё гэта было на руку Лукашэнку, які яшчэ за месяц да пакаяньня Кебіча, у жніўні 1993-га, надрукаваў інтэрвію ў маскоўскай газэце “Правда” пад красамоўным назовам “Да возродится!” (маючы на ўвазе Савецкі Саюз ці хаця б саюз “двух братских народов”). Водпаведзь Лукашэнку даў на старонках “Народнай газэты” Васіль Быкаў. Уласна, Лукашэнка і Кебіч цягам некалькіх месяцаў спрачаліся, хто лепшы “інтэгратар”. Ідэя “інтэграцыі” і па-сутнасьці ліквідацыі беларускай Незалежнасьці пры гэтым дзяржаўнымі СМІ падавалася як панацэя ад усіх бедаў.

Тут павінен сказаць, што ўсё тое, што робіць Лукашэнка вось ужо пятнаццаць гадоў, ён у той ці іншай форме выказваў у 1993-пачатку 1994 гг. Члены каманды Лукашэнкі, “маладыя ваўкі” (назаву найбольш вядомых — Ганчар, Сініцын, Булахаў, Лябедзька, Шэйман, Фядута) не маглі ня бачыць яго выразна антыдэмакратычнай, антыдзяржаўніцкай і антынацыянальнай пазыцыі. Падаецца, што наадварот — менавіта такая пазыцыя была сьвядома ўзьведзеная ў ранг галоўнай ідэалёгіі ягонай выбарчай кампаніі (тагачасны кіраўнік перадвыбарчага штабу Сініцын і цяпер апантана выступае за ўключэньне Беларусі ў склад Расеі).

У сваіх нядаўна выдадзеных мэмуарах Кебіч найважнейшым фактарам перамогі на тых выбарах вызначае (абсалютна справядліва) прапагандысцкі рэсурс. Гэты рэсурс працаваў супраць БНФ і на Лукашэнку і ідэалягічна, і пэрсанальна (сюжэты з так званым “лёзьненскім стрэлам” і “сцюардэсай” толькі надалі яму папулярнасьці).

Як піша Кебіч, “заявив в госдуме России о намерении добиваться восстановления Советского Союза, Александр Лукашенко стал играть на моём информационном поле” (В. Кебіч, “Искушение властью”, Минск, “Парадокс”, 2008, ст. 414). І далей: “Вслед за антікоррупционным докладом “Советская Белоруссия” напечатала об Александре Лукашенко очерк “Я рос не в чёрной “Волге”, не на чёрной икре”, а затем пространное интервью о его поездке в Москву и выступлении в Государственной думе. Имя депутата замелькало на страницах газет. Он стал частым гостем на телевидении” (ст. 415-416).

Да сакавіка 1994 года, калі Лукашэнка ўпершыню выступіў з крытыкай Кебіча, яму — дзеля таго, каб “мачыць” БНФ, — былі неабмежавана (менавіта неабмежавана) прадастаўленыя ўсе дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. У сваіх мэмуарах Кебіч пацьвярджае, што і пасьля сакавіка і “СБ”, і некаторыя іншыя выданьні працягвалі падтрымліваць Лукашэнку.

Супрацьстаяць магутнай дзяржаўнай прапагандысцкай машыне было папросту немагчыма. Натуральна, пра Пазьняка “СБ” ніякага нарысу ніколі не друкавала, а ўжо з восені 1993 года дэпутатам Апазыцыі перасталі даваць тэлеэфір, што, між іншым, было парушэньнем Закону аб статусе дэпутата. Мы маглі разьлічваць толькі на парлямэнцкую “Народную газэту”, якую рэдагаваў Іосіф Сярэдзіч, і на “Свабоду” Ігара Гермянчука. Гэта было нямала, але — недастаткова. Перадача “Беларуская маладзёжная” была закрытая да пачатку выбарчай кампаніі.

Афіцыйныя вынікі першага туру выбараў былі наступныя: Лукашэнка — 45,1 адсоткаў, Кебіч — 17,4, Пазьняк — 12,9, Шушкевіч — 9,9, Дубко — 6, Новікаў — 4,6. Я пішу “афіцыйныя”, бо, па нашых зьвестках, фаварытамі былі Лукашэнка і Пазьняк, Кебіч не прайшоў у другі тур і нават заняў ня трэцяе, а чацьвёртае месца — пасьля Лукашэнкі, Пазьняка і Шушкевіча. Мне патэлефанаваў Булахаў і прапанаваў пацьвердзіць перамогу Лукашэнкі ўжо ў першым туры, пры тым што за Пазьняком было б “ганаровае другое месца”. Гэта была абсурдная прапанова ў тых умовах.

Але магчымасьць прадухіліць прэзыдэнцтва Лукашэнкі ўсё яшчэ заставалася.

Літаральна праз некалькі хвілінаў пасьля званка Булахава мне пазванілі са штабу Кебіча і запыталіся, ці не лічыў бы БНФ магчымым у такіх умовах “падтрымаць Вячаслава Францавіча”. У мяне ў той момант не было магчымасьці параіцца з Пазьняком, а рашэньне трэба было прымаць імгненна. Я сказаў, што Вячаслава Францавіча ўжо нішто не ўратуе, але магчымасьць не дапусьціць Лукашэнку да прэзыдэнцтва ёсьць. Справа ў тым, што многія ішлі галасаваць ня столькі “за Лукашэнку”, колькі — “супраць Кебіча”. І калі Кебіч здыме сваю кандыдатуру і ў бюлетэні застаецца толькі Лукашэнка, на выбары прыйдзе значна менш людзей, чым магло б прыйсьці, калі супрацьстаяньне Кебіч — Лукашэнка застанецца. У сваю чаргу, БНФ мог бы зьняць сваіх назіральнікаў (яны былі ў нас ці не на кожным выбарчым участку). Другі тур, па-просту, мог не адбыцца з-за няяўкі выбаршчыкаў. Я таксама папрасіў Кебіча прадаставіць нам тэлеэфір — каб спакойна, без эмоцый, патлумачыць, чым пагражае абраньне Лукашэнкі. “Будзем думаць,” — пачуў у адказ.

Адразу пасьля гэтага я праінфармаваў Пазьняка, і мы правялі пэўныя кансультацыі (я пакуль не магу назваць прозьвішчы, але тое былі “першыя” асобы ўлады). Выпрацаваўся варыянт (канстытуцыйны), які выключаў удзел Лукашэнкі ў “другім коле” выбараў. Больш за тое: узьнікала магчымасьць скасаваньня прэзыдэнцтва, паколькі з гэтым пагадзіліся і тыя, хто яшчэ чатыры месяцы таму настойваў на яго ўвядзеньні.

Пазьней А. Фядута прызнаўся, што менавіта варыянт зьняцьця Кебіча ў другім туры найбольш палохаў каманду Лукашэнкі.

Але палохаліся дарэмна: Кебіч прапанову не прыняў. Не далі нам і эфір, каб шырока паведаміць пра рашэньне Сойму БНФ: не ісьці на другі тур альбо ў крайнім выпадку выкрэсьліваць абодвух кандыдатаў.

Апошні шанец спыніць Лукашэнку быў страчаны.

Пазьней Кебіч напіша: “Теперь, по прошествии многих лет, я не считаю, что потерпел сокрушительное поражение. По сути дела, мы выступали с Александром Лукашенко с одинаковых политических позиций, боролись не друг с другом, а за президентское кресло, разница была лишь в подходах к достижению поставленных целей. И потому главным итогом первого тура следует, пожалуй, считать поражение ставленников националистических сил Зенона Позняка и Станислава Шушкевича. Чей вклад в общую победу над кандидатами от БНФ, мой или Александра Лукашенко, оказался весомее, пусть рассудит время” (ст. 434).

Такім чынам, тое было не пэрсанальнае супрацьстаяньне Кебіча, Лукашэнкі, Пазьняка ці іншых кандыдатаў — гэта было супрацьстаяньне паміж старым і новым, паміж аўтарытарызмам і дэмакратыяй, паміж імпэрыяй і Незалежнасьцю. І “маладыя ваўкі” разам з Кебічам перамаглі не Пазьняка — яны зьнішчылі нацыянальнае Адраджэньне.

Замест падтрымкі дэмакратычнага, эўрапейскага разьвіцьця Беларусі, умацаваньня нацыі і нацыянальных каштоўнасьцяў (мовы, культуры) “маладыя ваўкі” прывялі да ўлады таго, хто быў і застаецца галоўнай небясьпекай для існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Тут і адказ тым, хто кажа, што ідэі Лукашэнкі адпавядалі памкненьням большай часткі тагачаснага (ды і цяперашняга) грамадзтва. У Беларусі рост нацыянальнай сьвядомасьці і асэнсаваньне грамадзтвам сувэрэнітэту як найвялікшай каштоўнасьці пачалі (дзякуючы атачэньню Кебіча) падаўляць ужо праз год пасьля аднаўленьня Незалежнасьці. Дзяржаўная прапаганда фармавала супольнасьць, гатовую адмовіцца ад таго, чаго іншыя нацыі дамагаюцца пакутамі і часам крывёю.

У той жа часткі грамадзтва, якая ўсьведамляла адказнасьць за лёс дзяржавы, проста не хапіла “крытычнай масы”, каб супрацьстаяць хлусьні і цынічнай сіле. Нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня было толькі восем (!) працэнтаў, колькасьць усяго БНФ не складала і аднаго працэнта ад насельніцтва Беларусі. Але разам з тымі трыццацьцю тысячамі грамадзян (два працэнты жыхароў Менску), якія ў жніўні 1991 года выйшлі на плошчу перад Домам ураду і чыя падтрымка была неацэннай, нам ўдалося аднавіць Незалежнасьць, і гэта для Беларусі — найважнейшы палітычны вынік мінулага стагодзьдзя. Аднак прадухіліць тую трагедыю, якая адбылася летам 1994-га, у нас ужо не хапіла сіл.

“Што ж, можна хіба павіншаваць беларусаў з мінулымі выбарамі, — саркастычна заўважыў Васіль Быкаў. — Горай — ня зробіш. Для сябе, для грамадзтва, для нашчадкаў — таксама”. І праз паўтары гады пасьля тых выбараў, адказваючы на пытаньне супрацоўніка радыё “Свабода” Аляксандра Лукашука пра памылкі дэмакратаў, Быкаў сказаў: “Думаю, што гаварыць пра якія-небудзь памылкі дэмакратыі, можа быць, няма сэнсу. Калі разабрацца і прынцыпова падыходзіць — дык гэтых памылак, такіх значных памылак, было ня так і шмат — можа быць, і наогул не было. Іншая справа, што і вельмі правамоцная і абгрунтаваная палітыка не прынесла посьпеху. Дык яна ў гэтых умовах і не магла прынесьці таго посьпеху, на які дэмакраты разьлічвалі... Грамадзтва яшчэ не гатовае, каб прынесьці посьпех беларускай нацыянальнай дэмакратыі”.

У гэтым меркаваньні Быкава ключавым словам мне бачыцца — “нацыянальнай”. Гісторыя ведае прыклады, калі эканоміку ўдавалася ўзьняць і бяз дэмакратыі (Чылі часоў Піначэта). Але няма ніводнага выпадку, калі б дзяржава ўмацавалася без аднаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці. Бяз гэтага краіна можа быць анэксаваная іншай дзяржавай. Таму тое, на чым спатыкнулася беларускае грамадзтва ў 1994 годзе, яму рана ці позна давядзецца прайсьці.

Сяргей НАВУМЧЫК

http://naviny.by/rubrics/opinion/2009/07/10/ic_articles_410_163536/