ВЭРСАЛЬ — КРЫНІЦА 2-Й СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ

28 чэрвеня 2009 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” прысьвяціла артыкул і сэрыю фотаздымкаў 90-м угодкам падпісаньня Вэрсальскай мірнай дамовы, якая паклала юрыдычны крэс І Сусьветнай вайне. 28 чэрвеня 1919 г. завяршыліся шматмесячныя перамовы краінаў-пераможцаў. Дэлегацыю Нямеччыны трымалі ў асобным памяшканьні і не дапускалі яе да ўдзелу ў перамовах. Немцаў запрасілі толькі на апошняе паседжаньне, дзе зачыталі ўмовы, высунутыя пераможцамі. Запатрабаваныя рэпарацыі былі настолькі высокімі, што агаломшаны кіраўнік нямецкай дэлегацыі граф Бракдорф-Ранцаў ня здолеў устаць з крэсла, калі гэта было неабходна для рытуалу. Сярод іншага ўпершыню ў гісторыі было прынята рашэньне судзіць нямецкага кайзэра і ягоных генэралаў за ваенныя злачынствы (з гэтага пазьней нічога не атрымалася, але юрыдычны прэцэдэнт паўстаў).

Наш камэнтар: Пераможцы трактавалі немцаў як адзіных адказных за распальваньне зьнішчальнай вайны і агрэсію. Хаця адказнасьць за ваенную істэрыю напярэдадні 1914 г. нясуць усе эўрапейскія кіруючыя палітыкі. Усе разьлічвалі на хуткую разьвязку. Маўляў, праз 2-3 месяцы варожая армія будзе разгромлена і пачнуцца мірныя перамовы. Нямецкія жаўнеры весела ехалі на фронт з крыкамі “Ура, на Парыж!”, французкія з крыкамі “Ура, Берлін наш!” Жахі татальнай вайны, якая ператварыла масавыя забойствы і разбурэньне ў індустрыяльны працэс, хутка пазбавілі народы ад ілюзіяў.

У выніку вайны распаліся Германская імперыя і яе хаўрусьнікі Аўстра-Угорская і Асманская імпэрыі. Замест таго, каб распачаць праграму мірнага суіснаваньня і ўзаемнага даверу, краіны-пераможцы (перш за ўсё Брытанія і Францыя) прымусілі немцаў плаціць шалёныя рэпарацыі. Гэта толькі раззлавала немцаў і ў пэрспэктыве часу кінула іх у абдымкі гітлерскага экстрэмізма і рэваншызма. Хаця ў Брытаніі, Францыі і Нямеччыне гучалі галасы людзей, якія заклікалі да міру і згоды, адмовы ад помсты. Найбольш актыўнымі былі некалькі вэтэранскіх арганізацыяў, якія ўзначальвалі інтэлігентныя людзі, ваенныя інваліды, якія ведалі, што такое вайна. Яны заснавалі франка-нямецкія і брытанска-нямецкія таварыствы згоды і гуманітарнай дапамогі, арганізоўвалі культурныя і асьветніцкія праграмы. Але, на жаль, да іх не прыслухаліся палітыкі і большасьць насельніцтва. У сярэдзіне 1930-х гг. іх вельмі прыязна прымаў Гітлер, які зразумеў, што імі можна пакарыстацца ў фальшывай праграме “Мы за мір”. Недалёкасьць палітычнага розуму эўрапейскіх элітаў пасьля І Сусьветнай вайны была адной з прычынаў выбуху ІІ Сусьветнай вайны.

Валеры Буйвал