ІХНЫ “ПРАЗДНИК”

Напярэдадні рэжым прымусіў прадпрыемствы і крамы вывесіць плякаты ў стылі сацыялістычнага рэалізма: дамачка з фальшывай усьмешкай і з вянком на галаве (мабыць увасабленьне “Белоруссіі” у рэжымным разуменьні), салют на бэтонным Менскам і г.д. А 3 ліпеня лукашызм у чарговы раз наладзіў свой “празднік”. Як вядома, баі з немцамі на тэрыторыі Беларусі працягваліся да 29 ліпеня 1944 г., але рэжым менавіта на 3-яе прызначыў свой фальшывы “день незавісімості (день республікі)” і адначасова “день освобожденія от немецко-фашістскіх захватчіков”. Так яно ў чарговы раз і круцілася ў віры правінцыйна-савецкай эклектыкі.

Аднак эклектычная зьява набыла сёлета новыя рысы. У сталіцы тысячы грамадзянаў зьявіліся толькі на ваенны парад (“танкі паглядзець”). Асабліва цікава было дзецям і падлеткам. Дарослыя глядзелі, як бранетэхніка ламае вулічны асфальт, лаяліся і выказвалі разуменьне, што “усё гэта на нашы грошы”. Танцаваць з Лукашэнкам, як гэта было ў мінулыя гады, большасьць людзей не захацела і пайшла падалей ад тых месцаў, дзе рэжым разгарнуў свае скокі. Мінулагадовы выбух бомбы пасярод натоўпу шмат чаму навучыў людзей. Як вядома, гэбэ бамбістаў не знайшло, але галоўны жандарм рэжыма Жодобін чамусьці атрымаў ад дыктатара яшчэ адну генэральскую зорку.

Пэўная навізна назіралася і на правінцыі. Заўважальна было, што ў гарадах і мястэчках начальства не зганяла прымусам людзей “праздновать”. Начальства цяпер баіцца вялікіх масаў людзей, якія раптам замест “здравіц любімаму кіраўніцтву” могуць выказаць свой пратэст супраць хунты і арганізаванага ёю эканамічна-сацыяльнага правалу. На цэнтральных плошчах правінцыйнае начальства зьбірала “сваіх”, гэта значыць саміх сябе і сваіх сямейнікаў. Простыя грамадзяне паўсюдна праігнаравалі “празднік”. Вось, напрыклад, у Стоўбцах перад помнікам са змрочнага бэтону на пагорку сшыхтаваліся “мясцовыя эліты” з гарвыканкама, некалькі вэтэранаў і бэрэсэмаў. Пад пагоркам стаяла невялікая купка асобаў у белых кашулях і сукнях з залатымі упрыгожваньнямі. Такім чынам, начальства выступала само перад сабою. Галоўны мясцовы начальнік бадзёра і даволі чыста па-расейску гаварыў пра “правильность нашего исторического выбора, товарищи... мы всегда с Россией...” Потым да мікрафона выйшла маладзіца, сакратарка мясцовага БРСМ: “В этот день наша родина получила свободу и независимость...” (?).

Адзіным натуральным момантам быў выступ гасьцей Стаўбцоўшчыны з пабрацімскіх раёнаў Украіны і Польшчы. Украінец і паляк выступілі на родных мовах (беларусам не патрэбныя перакладчыкі). Яны казалі пра сумесную барацьбу супраць фашызма, ахвяры народаў у часы сталіншчыны і гітлершчыны, выказалі шчырыя пажаданьні шчасьця і посьпехаў, згадалі пра сваю нацыянальную літаратуру і гісторыю. Кантраст гэтых выступоўцаў і мясцовай вярхушкі быў надзвычай выразным. Мясцовыя анісловам не азваліся на мове свайго народа, адбарабанілі свой “мэсідж” у лукашысцкім стылі на акупанцкай мове і пачуваліся даволі ўпэўнена сярод сваіх. На сталічным і местачковым узроўні было бачна, што гэта ёсьць небеларуская, акупанцкая ўлада. Улада, ад якой ужо адвярнуўся беларускі народ.

Янка Базыль