ІГУМЕНСКІ ШЛЯХ
28 чэрвеня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правялі штогадовыя мэмарыяльныя мерапрыемствы памяці ахвяраў расейскага генацыду ў горадзе Чэрвені (былы Ігумень) Менскай вобласьці. Вялікая група сяброў Партыі прыбыла з Менска і распачала мерапрыемствы каля будынка былой Ігуменскай турмы, дзе расейскія акупанты вязьнілі і катавалі беларускіх патрыётаў з 19-га стагоддзя. У гэтай вязьніцы каты НКВД трымалі вязьняў апошнюю ноч перад расстрэлам 26 чэрвеня 1941 г., пасьля таго, як прыгналі іх з менскай турмы. Расейцы падзялілі вязьняў на “крымінальных” і “палітычных” і адпусьцілі асуджаных па крымінальных артыкулах. На наступны дзень расейскія акупанты пагналі калёну вязьняў па шашы ў бок Расеі і непадалёк ад Чэрвеня адкрылі агонь па людзях. Было забіта больш за паўтары тысячы людзей, толькі нямногія здолелі ўцячы і выратавацца. Злачынства маскоўскага захопніка наклалася на злачынства нямецкага захоніка нашай зямлі.
Фронтаўцы прайшлі шляхам беларускіх пакутнікаў пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і Гербам Пагоня. На магілах ахвяраў былі ўскладзены вянкі і кветкі, запаленыя сьвечкі. Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”. Перад грамадой выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП-БНФ, і сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі. Яны казалі пра неўмяручасьць народнай памяці, якая не дазваляе ворагам Беларусі сфальшаваць нашу гісторыю і наш народны лёс. Маскоўская імпэрыя ня толькі забіла мільёны нашых людзей. Крэмль ізноў спрабуе выставіцца вызваліцелем і выратавальнікам беларускага народу і ўсяго чалавецтва. Але сьвятыя магілы ў Курапатах, Ігумене і іншых месцах пакутніцтва нашага народу ёсьць вечным сьведчаньнем расейскага акупанцкага злачынства. Яны не пакаяліся і зноў сунуцца на нашу зямлю з сваімі арміямі, ФСБ-НКВД, стукачамі, пьянствам і наркаманіяй. У імя сьветлай памяці аб нашых ахвярах і дзеля сьветлага жыцьця будучых пакаленьняў мы менавіта цяпер павінны абараніць нашу Айчыну ад чарговага расейскага нашэсьця. Абараніць так, як гэта рабілі нашыя дзяды на працягу стагоддзяў беларускага супрацьстаяньня маскоўскаму патопу.
Выступілі таксама маладыя беларусы, якіх шмат было на сёлетніх мерапрыемствах. Некаторыя зь іх упершыню наведалі гэтыя мясьціны і былі ўсхваляваны ўбачаным і пачутым. Яны казалі пра выбар, што вельмі выразна паўстае перад моладдзю. Далучацца да народнага супраціву расейскай агрэсіі або да БРСМ і антыбеларускай хеўры, служыць роднай культуры або ўдаваць з сябе “русскоязычного”, жыць вольна на сваёй зямлі або усё жыцьцё прыстасоўвацца да чарговых акупантаў і гвалтаўнікоў. Прагучалі таксама словы пра падступную дзейнасьць псэўдапазыцыі, якая раз за разам заводзіць людзей у тупік, дзейнічае ў адным рэчышчы з антыбеларускім рэжымам. Маладыя заклікалі сваіх равесьнікаў успрымаць ня толькі словы палітычных прадстаўнікоў, але перш за ўсё глядзець на іхныя справы.
Мерапрыемствы былі закончаны сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
28 чэрвеня 2009 г.