БЕЛАРУСКІ НАСТРОЙ
28 ліпеня ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя кніжкі (“падарожнага выданьня”) Зянона Пазьняка “Нацыянальныя каштоўнасьці”. Кніга ўяўляе сабой падборку артыкулаў, якія прызначаны ў асноўным дзеля асьветніцтва моладзі. Бальшыня гэтых артыкулаў была эксклюзыўна напісана ў 2000-м годзе і надрукавана ў кнізе “Новае стагоддзе” плюс некалькі апошніх працаў аўтара. Кніжка кішэннага фармату разьлічана на зручнае карыстаньне і паўсядзённасьць.
Прысутныя і выступоўцы (Вітаўт Кіпель, Антон Шукелойць, Сяргей Капытка, Ларыса Пузач, Тацьцяна Красоўская) вельмі станоўча ацанілі выданьне і патрэбу ў такой кніжцы, асабліва ўлічваючы антыбеларускую палітыку рэжыму і этнацыд на Бацькаўшчыне.
Зянон Пазьняк выступіў перад прысутнымі з развагамі пра каштоўнасьць нацыянальнай культуры ў сучасным сьвеце.
Сюрпрызам для аўтара былі цёплыя віншаваньні сяброў з нагоды ягонага 65-годдзя, чытаньне ягоных вершаў і сьпявапньне беларускіх песьняў у выкананьні малой дзяўчынкі Паўлінкі Падлескай (унучкі вядомага, сьветлай памяці, ветэрана БНФ Генадзя Банкевіча). Гучала таксама (у запісу) песьня-раманс Ігара Лучанка “Авэ-Марыя”, паводле верша Зянона “Гучаньне анельскага голасу”.
Прэзэнтацыя адбылася ў цёплай атмасфэры. Увогуле, беларусы вельмі любяць, каб усё было проста, шчыра і прыязна. Пампезнасьць і афіцыёз ім не ляжаць на душы. Дзеля гэтага трэба толькі, каб разам зьбіраліся свае і каб былі самы сабой. Тады — жыве Беларусь!
– Інфармацыя –