ВАЙСКОВАЯ СЬВЯТЫ

28 чэрвеня 2009 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” пісала пра сьвяткаваньне Дня марскіх пехацінцаў у Партугаліі. Падраздзяленьні, якія на вайсковым жаргоне называюцца “Fuzos”, былі створаны ў Партугаліі яшчэ ў 1621 г. Як заўсёды, сваё прафэсійнае сьвята сёньняшнія вайскоўцы разам з вэтэранамі адзначылі парадамі і банкетамі на тэрыторыі вайсковых базаў.

Наш камэнтар: Партугальцам у галаву б не прышло сьвяткаваць нешта паводле календара якіх-небудзь былых каланізатараў-акупантаў роднай краіны (маўраў або касцільцаў). І сьвяткуюць яны ў сваім коле, дзе ім камфортна падзяліцца ўспамінамі, пасьпяваць песьні марпехаў і г.д.

Ужо 18 гадоў як не існуе СА (савецкая армія). Увосень 1991 года па Беларусі яшчэ доўга хадзілі жаўнеры, на пагонах якіх былі зьдзерты жоўтыя літары СА, фармавалася нацыянальная армія. Але антыбеларускі рэжым усе гэтыя гады нахабна навязвае нашым вайскоўцам і ўсяму грамадзтву “советскій патріотізм і любовь к родіне” (мы добра разумеем, пра што йдзецца). Беларуская мова выдалена з нацыянальнай арміі, кар'еру ў нашым войску робяць бяздарныя расейскія маўры, якім ненавісна ўсё беларускае. Маладыя беларускія вайскоўцы ня маюць пэрспэктывы ў гэтай сістэме здушэньня ўсяго нацыянальнага. Акупанцкі рэжым не адчапіўся нават ад прафэсійных сьвятаў. Дзень артылерыі, памежных войскаў, Дзень абаронцаў Айчыны сьвяткуюцца ў дні, вызначаныя яшчэ Леніным, Сталіным і іхным палітбюро. Нібыта ў беларусаў да 1917 г. не было артылерыі, пяхоты, памежнай аховы ВКЛ і ніхто не абараняў Айчыну (перш за ўсё ад маскоўскай арды). Рэжым паводле савецкай традыцыі робіць усё для таго, каб фальшывыя савецкія сьвяты разьліваліся па вуліцах нашых гарадоў, каб усё ператваралася ў масавую п'янку з гвалтам і дзікімі выбрыкамі пад чырвонымі сьцягамі.

У вызваленай ад акупантаў Беларусі нацыянальныя вайсковыя сьвяты набудуць цывілізаваныя эўрапейскія формы і зьмест.

Алесь Хадасевіч