НЯ ЛЮБЯЦЬ БЮРАКРАТЫЮ

7 чэрвеня 2009 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” апублікавала артыкул пад тытулам “Нідэрляндцы галасуюць супраць імігрантаў”. Старшыня Партыі Свабоды Гэрт Вілдэрс стаў першым названым пераможцам на выбарах у Эўрапарлямант, якія адбываюцца па ўсёй Эўропе. Партыя ўзяла яшчэ 4 дэпутацкія месцы (разам адну чацьвертую месцаў ад сваёй краіны). Вілдэрс заявіў выбарцам: “Мы хочам змагацца за права нідэрляндцаў вырашаць, хто можа іміграваць у нашу краіну. Брусэль ня мае права вырашаць за нас”.

Наш камэнтар: Бедны Брусэль! З усяе Эўропы паступаюць зьвесткі пра трыюмфальную перамогу на эўравыбарах кансэрватараў, народнікаў і нацыяналістаў. Левакі, сацыялісты і лібэралы церпяць сакрушальную паразу. На іронію лёсу перамагаюць так званыя “эўраскептыкі”, якія выступаюць за незалежнасьць сваіх айчынаў ад брусэльскай бюракратыі. Падобна, што эўрапейскія народы ўжо “накушаліся” лібэральных “каштоўнасьцяў”.

Алесь Хадасевіч