ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ВАСІЛЯ УЛАДЗІМЕРАВІЧА БЫКАВА
22 чэрвеня сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прышлі да магілы Васіля Быкава на Усходніх могілках Менска. Грамада ўзьняла нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі і засьпявала гімн “Магутны Божа”. Да надмагільнага помніка людзі ўсклалі кветкі. Выступілі выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронта сп. Юры Беленькі і адказны сакратар Управы Партыі і Фронта сп. Алесь Чахольскі. Яны казалі пра вялікага сына нашага народа, якога няма з намі ўжо шэсьць гадоў. Але ягоныя творы, ягоныя стваральныя справы працягваюць жыць і натхняць беларусаў. Жыцьцё і творчасьць Быкава — вечная каштоўнасьць беларускага народа. Новае пакаленьне далучаецца да ягонай творчасьці нягледзячы на паняверку з боку антыбеларускага рэжыму, які марна спрабуе затаптаць памяць аб нацыянальным таленце. Маладыя павінны ведаць, што Васіль Уладзімеравіч быў адным з стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, прысьвяціў шмат сілаў змаганьню за вольную Беларусь. Ягоны прыклад натхняў патрыётаў Бацькаўшчыны. Але і цяпер памяць аб гэтым вялікім чалавеку злучае нас. Ягоныя кнігі вучаць нас чалавечнасьці і праўдзе. Васіль Быкаў будзе заўсёды з намі ў часы драматычнага змаганьня за вызваленьне Беларусі і ў дзень перамогі над цёмным антыбеларускім варварствам.
Людзі падзяліліся сваімі ўспамінамі пра тое, як яшчэ ў дзяцінстве і юнацтве чыталі Быкава, які вялікі ўплыў мелі ягоныя кнігі на фармаваньне іх душы. Усе гаварылі аб ім як аб блізкім і дарагім чалавеку.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
22 чэрвеня 2009 г.