“ГРОБ”

1 чэрвеня 2009 г. Іспанская газэта “La Razon” пісала пра вучэньні грамадзянскай абароны, якія пачаліся 31 траўня ў Ізраілi. За 61 год існаваньня сучаснай ізраільскай дзяржавы гэта найбуйнейшыя вучэньні для ўсяго насельніцтва і ўсіх дзяржаўных службаў.

Наш камэнтар: Сістэма грамадзянскай абароны Ізраіля вядомая сваёй эфэктыўнасьцю. Падчас ваенных канфліктаў менавіта дзякуючы прадуманай арганізацыі гэтых службаў мірнае насельніцтва мае мінімальныя страты.

У савецкіх і постсавецкіх людзей грамадзянская абарона (“ГрОб”, як трапна назвалі яе студэнты) заўсёды асацыіравалася і асацыіруецца з маразмам і злачыннай бязглузьдзіцай. Адстаўныя палкоўнікі-гробовшчікі заўсёды забаўлялі людзей сваім пацешным тупізмам (тлуста аплочаным з бюджэта краіны). Успамінаю, як адзін такі строга запытаўся на занятках у студэнтаў Акадэміі мастацтваў: “Товарищи, что вы будете спасать в первую очередь из музея при атомном взрыве?” Студэнты закрычалі: “Старажытныя абразы!” “Цыц, — гукнуў ім палкоўнік, — сначала будем выносить советское искусство!” Супрацоўнікі Мастацкага музэя ў Менску атрымалі ўводную: пры атамным выбуху хавацца на плятформе ст. мэтро “Кастрычніцкая”. Разам зь імі там павінны былі схавацца яшчэ тысяч дзьвесьце грамадзянаў з цэнтру сталіцы...

Пацеха штораз канчалася, калі прыходзіла сапраўдная бяда. Пасьля выбуху Чарнобыльскай АЭС кіруемы Масквой “ГрОб” прадэманстраваў сваю поўную правальнасьць. Людзі, шукаючы паратунку, знаходзілі на складах тысячы гнілых газавых масак і іншых прадметаў хімабароны, што зьліпліся ў адну масу. З бомбасховішчаў выбягалі пацукі. Улада актыўна эвакуіравала з зоны паражэньня кароў і сьвіней, пакінуўшы людзей пад ядзерным дажджом. Злачынная ўлада магла дзейнічаць толькі злачынным спосабам. Цяперашні акупацыйны рэжым у Беларусі, кантралюемы з Масквы, зьяўляецца верным спадчыньнікам і прадаўжальнікам гэтых злачынстваў.

Юрка Марозаў