ВЫГАРОДЖВАЮЦЬ ГІТЛЕРА

7 чэрвеня 2009 г. Латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Польшча злуецца на Расею”. Прычынай такой рэакцыі стала зьмяшчэньне на афіцыйным сайце мінабароны РФ артыкула, прысьвечанага пачатку ІІ Сусьветнай вайны. У артыкуле спэцыяліста ад мінабароны сьцьвярджаецца, што Польшча разьвязала гэтую вайну. МЗС Польшчы заявіла, што Расея прадэманстравала экзатычную інтэрпрытацыю гісторыі і запатрабавала тлумачэньняў ад расейскіх уладаў. МЗС Расеі адказала, што гэта ня ёсьць афіцыйная пазыцыя Расеі.

Наш камэнтар: У артыкуле лубянскага “гісторыка” напісана, што патрабаваньні Гітлера да Польшчы былі “умеранымі”: аддаць Нямеччыне Гданьск, “дзе немцы усяроўна складалі большасьць” і зрабіць для Нямеччыны экстэрытарыяльны калідор ва Усходнюю Прусію. Маўляў, калі Польшча пайшла б насустрач, то ўсё было б у парадку.

Польскія дзяржаўныя прадстаўнікі вельмі адэкватна і апэратыўна адрэагавалі на маскоўскую правакацыю. Справа тут не ў акадэмічных спрэчках. Ведаем мы лубянскіх “акадэмікаў”. Яны ўжо на працягу дзесяцігоддзяў аргумэнтуюць наконт таго, што “Гитлер молодец, он был прав, вот только зря войну против СССР начал...” Роднаснасьць гітлерскага і маскоўскага рэжымаў не схаваеш.

Але апошняя антыпольская правакацыя сьведчыць таксама аб актуалізацыі тэмы. 5 чэрвеня сёлета генштаб узброеных сілаў Расеі афіцыйна заявіў, што на пачатку верасьня 2009 г. Масква ўвядзе на тэрыторыю Беларусі дзьве свае арміі ў поўным складзе (нібыта для вучэньняў). Сусьветная практыка ня ведае такіх “вучэньняў”, каб на тэрыторыі чужой дзяржавы маршыравалі цэлыя арміі з поўным убраеньнем. Эўрапейскія народы павінны задумацца над істэрыяй, якую раздзьмувае Масква, і над пагрозай акупацыі Беларусі маскоўскім рэжымам.

Юрка Марозаў