ТРЭБА РАТАВАЦЬ РОДНУЮ БЕЛАРУСЬ

5 чэрвеня 2009 г. генштаб Расеі заявіў, што на пачатку верасьня гэтага года на тэрыторыю Беларусі будуць уведзены дзьве расейскія арміі ў поўным складзе. Яны, маўляў, зьбіраюцца праводзіць тут поўнамаштабныя манэўры з 8 па 29 верасьня. Калі лічыць, што на вайну супраць Грузіі была кінута толькі адна расейская армія, то становіцца зразумелым наколькі вялікая пагроза паўстае для нашай дзяржавы. У сусьветнай практыцы такога яшчэ не было, каб у мірны час на тэрыторыю сувэрэннай дзяржавы ўваходзілі чужыя войскі ў такой колькасьці. У сувязі з тым, што ўвосень чакаецца поўны сацыяльна-эканамічны правал прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі, Масква вырашыла прыкрыць свайго кліента і ягоную хунту. Такім чынам, усе апошнія філіпікі Лукашэнкі супраць Кудрына, Расеі і “во імя незавісімості” раскрываюцца як чарговае тэатральнае шоў дзеля прыкрыцьця здачы нашай краіны маскоўскаму ворагу. На гэтым фоне становіцца зразумелым, чаму апошнім часам актывізавалася дзейнасьць рэжыму на тэму грамадзянскай абароны па ўсёй Беларусі. Кіраўніцтва прадпрыемстваў і службаў склікаецца на вучэньні па грамадзянскай абароне, правяраюцца бомбасховішчы і г.д. Як гэта разумець? Расея зьбіраецца арганізаваць ваенную правакацыю ў заходнім накірунку або супраць Украіны з тэрыторыі нашай краіны? Расея рыхтуецца да вайны?

Аднак, цяпер час насычаны падзеямі. 5 чэрвеня ў Махачкале партызаны забілі міністра ўнутраных справаў Дагэстана. Там на поўніцу йдзе партызанская вайна супраць расейскіх акупантаў і іхных мясцовых паслугачоў. У бліжэйшы час трэба чакаць бунтоў згаладнелых расейскіх працоўных у розных кутках імпэрыі. Падобна, што Крэмль-Лубянка зьбіраецца ваяваць на некалькі франтоў. Трэба ратаваць родную Беларусь, наш народ, нашых дзяцей ад расейскай экспансіі, якая нясе вайну на нашу зямлю.

Янка Базыль