ЗБАЎЛЯЮЦЦА АД СЬЛЯДОЎ БАЛЬШАВІЗМУ

2 чэрвеня дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Юры Гнаткевіч выступіў з прапановай прыняць закон аб адмене савецкіх назоваў на ўсёй тэрыторыі краіны. Маюцца на ўвазе перш за ўсё “імёны людзей, якія маюць непасрэднае дачыненьне да зьнішчэньня ўкраінскай незалежнасьці і фізічнага зьнішчэньня ўкраінцаў”. Дэпутат прывёў прыклады савецкага стылю. У Кіеве ёсьць вуліца Полупанова. Атрады расейскага матроса Полупанова ў часы ўкраінска-маскоўскай вайны 1917-20 гг. забілі на вуліцах Кіева тысячы ўкраінцаў за размову на ўкраінскай мове, вышываныя кашулі або ўкраінскія фрызуры. Дэпутат згадаў таксама назовы шэрагу перайменаваных акупантамі гарадоў: Дзяржынск, Днепрадзяржынск, Кіраў, Кіраваград, Новамаскоўск. Расейскія СМІ апошнім часам рэгулярна паведамляюць пра “акты вандалізма” ва Украіне, дзе людзі разбураюць і нішчаць помнікі Леніну і іншым бальшавікам. Маскоўскія вандалы, зьнішчальнікі народаў, разважаюць пра антыленінскі “вандалізм”. 4 чэрвеня Вярхоўная Рада Украіны прыняла больш пасьлядоўны Закон аб абароне дзяржаўнага сьцяга, гэрба і гімна Украіны. Цяпер тыя, хто паспрабуе блюзьнерыць на гэтыя тэмы, зьдзеквацца над нацыянальнымі сьвятынямі, можа разьлічваць на тры гады турэмнага зьнявольваньня.

Алесь Хадасевіч