ЧЭРВЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

14 чэрвеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Парыхтоўка на восень” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Крызіс антыбеларускага рэжыма паглыбляецца. Многія аналітыкі прадказваюць яго драматычнае абвастрэньне менавіта на сёлетнюю восень. Разбуральныя працэсы праходзяць таксама на прасторах Расеі, да якой мясцовы рэжым штучна прывязаў беларускую эканоміку. Лукашэнка і ягонае атачэньне спрабуюць лавіраваць пасярод гэтай стыхіі, каб выратаваць сябе і свае крыніцы ўзбагачэньня. Спосабы паратунку яны бачаць не ў рэфармаваньні эканомікі і дэмакратызацыі грамадзтва, а ў папрашайніцтве, зьвяртаючыся па чарговыя крэдыты то на Захад, то ў Маскву. Але гэта ня выратуе іх, а толькі крыху аддаліць канчатковы калапс рэжыму. Так званая “малочная вайна”, якую Расея праводзіць супраць Беларусі, сьведчыць аб прагным жаданьні расейскага мафійнага капіталу захапіць і падпарадкаваць сябе прыбытковую галіну беларускай эканомікі. Рэжым нібыта “ўстаў на абарону” вытворцаў беларускіх малочных прадуктаў, нібыта нават робіць рэзкія палітычныя заявы і рухі. Але павышаныя тоны і нават пэўная антымаскоўская лексіка рэжымнай прапаганды не павінны падманваць беларускае грамадзтва. Гэта ёсьць чарговая хваля рэжымнай дэмагогіі, якая не азначае ніякіх пераменаў.

Рэжым як праводзіў разбуральную антынацыянальную палітыку, так і праводзіць. Самае яркае сьведчаньне таму — працяг рэжымнага задушэньня беларускай мовы і культуры. Выратаваць Беларусь могуць толькі самы беларусы, якія павінны аб’яднацца дзеля абароны Бацькаўшчыны. Нядаўняя заява ваеннага камандваньня Расеі аб плянах увядзеньня на тэрыторыю Беларусі вялікай масы расейскага войска ў верасьні сёлета сьведчыць пра агрэсіўную палітыку суседняй краіны ў адносінах да нашай сувэрэннай краіны. Увядзеньне расейскіх войскаў стварае пагрозу міжнароднага ваеннага канфлікту, які можа разгарнуцца на нашай зямлі, бо вядомая традыцыя расейскага імпэрыялізма вырашаць свае ўнутраныя сацыяльныя праблемы з дапамогай вайны, на якую Крэмль будзе мабілізаваць грамадзтва. Тым больш, што ў якасьці галоўнага ўдзельніка і ахвяры ваеннай авантуры Масква разглядае беларускі народ, якім яна хацела б пакарыстацца ў чарговы раз. Недапушчэньне ўводу расейскай ваеннай арды на нашу тэрыторыю — адна з галоўных задач беларускіх патрыётаў, усяго нашага народа.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных куткоў Беларусі. Яны канстатавалі, што далёка ня ўсе беларусы разумеюць ваенную небясьпеку з боку Расеі. Неабходна даводзіць да людзей поўную інфармацыю аб небясьпецы з боку расейскай імпэрыі, якая парушае міжнароднае права і зьдзяйсьняе ваеннае ўмяшальніцтва ў іншых краінах, а ў самой Расеі разгортвае разбудову ваеншчыны і агрэсіўную ваенную прапаганду. Сябры Сойму распавялі таксама пра шырокую кампанію паліцэйскага ціску і застрашэньня, якую рэжым праводзіць па ўсёй Беларусі, незаконна прымушаючы людзей цэлымі працоўнымі калектывамі здаваць адбіткі пальцаў. Прычым, калі людзі рашуча заяўляюць, што ня будуць падпарадкоўвацца гэтаму незаконнаму загаду, парушальнікі закону адчапляюцца ад іх. Нават найменшы супраціў несправядлівасьці дае станоўчы вынік.

Па ўсёй краіне вертыкалі рэжыму распачалі новую гульню, якой яны спрабуюць засланіць сапраўдныя праблемы нашай эканомікі і грамадзтва. Кампанія называецца “Облетим родную землю”: рэжым зьбіраецца пасадзіць начальнікаў розных узроўняў на верталёты і зьдзяйсьняць “аблёты” тэрыторыі краіны дзеля “навядзеньня парадку”. Чакаецца ўрачысты прылёт на верталёце самага галоўнага начальніка рэжыму. Акрамя таго, што такая верталётная дзейнасьць надзвычай дорага каштуе, гэтая кампанія дэманструе таксама паглыбленьне маразма рэжыму і яго начальнікаў.

Сябры Сойму распавялі таксама пра тое, што склады па ўсёй краіне запоўнены нерэалізаванай прадукцыяй прадпрыемстваў, адміністрацыя якіх ліхаманкава шукае новыя плошчы для складзіраваньня гэтай прадукцыі. Гэта таксама сьведчыць аб набліжэньні правалу эканомікі, штучна завязанай на чужынскую Расею, дзе кіруе бяздарная рэжымная групоўка.

Сойм абмеркаваў плян арганізацыйных мерапрыемстваў на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

14 чэрвеня 2009 г.