ПАДРЫХТОЎКА НА ВОСЕНЬ
(Ліст на чэрвеньскі Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
Пасьля ўступленьня Беларусі ва Ўсходняе партнёрства падзеі, як і трэба было чакаць, сталі разьвівацца па горшым сцэнары. Унутраная рэжымная палітыка задушэньня ўсяго вольнага і беларускага не зьмянілася ні на каліва. Брусэльская бюракратыя тым часам адкрыта дэманструе гатовасьць супрацоўнічаць з антынародным рэжымам Лукашэнкі. 8-га чэрвеня, напрыклад, у Менск прыязджалі высокія эўра-чыноўнікі: старшыня Камітэту Міністраў Рады Эўропы Самуэль Жбогар, намесьніца Генэральнага сакратара Рады Эўропы Мод дэ Бур-Букік’ё і адыёзны ўжо дакладчык Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні. Гэты Рыгоні 26 траўня зачытаў на Паліткамісіі ПАРЭ свой даволі сумніўны (і, як адзначылі камэнтатары, месцамі адкрыта “ілжывы”) даклад па нашай краіне. Рыгоні запрапанаваў вярнуць Беларусі (гэта значыць нелегітымнай, непрызнанай імі, фальшывай “палаце Нацыянальнага сходу”) статус спэцыяльна запрошанай у ПАРЭ. Палітычная Камісія ПАРЭ “адзінагалосна” (!) прыняла гэты “даклад” без зьмяненьняў. Такая вось цікавая “Эўропа” (калі хто ня ведаў).
Далей — болей. Самуэль Жбогар 8 чэрвеня заявіў у Менску, што ў ягонай “арганізацыі” “адзначаюць вялікі прагрэс у справе дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека ў Беларусі” (радыё “Свабода”, 8. 06. 2009).
“Отэтада”, як сказаў бы на гэта савецкі чалавек. Зрэшты, ёсьць для беларусаў і станоўчы бок у такіх амаральных заявах. Постсавецкі чалавек, які вось ужо скора 20 гадоў бачыў перад сабой адно толькі маскоўскую імпэрыяльную фізіяномію расейскага захопніка і, дрэнна ўспрымаючы яго, ідэалізаваў усё заходне-эўрапейскае (яму ўсё там здавалася лепшым), гэты чалавек мае цяпер магчымасьць ва ўпор паглядзець, як выглядае заходне-эўрапейскае палітычнае аблічча, пра якое, дарэчы, аўтар гэтых радкоў падрабязна распавёў яшчэ ў 90-х. Відаць, тады гэта ўспрымалі, як казку. Цяпер казка становіцца быцьцём. У пляне маральнай “гумовасьці” яшчэ невядома, хто каму дасьць сто ачкоў наперад, Масква ці “Эўропа”, але што датычыць абмежаванасьці і снабізму, то заходніх чэмбэрленаў пакуль што ніхто не пераплюнуў.
Такім чынам — у Беларусі “вялікі прагрэс”. А будзе яшчэ большы, толькі б не памёр у турме ад галадоўкі палітвязень Аўтуховіч (кінуты за краты без суда). А так — усё о’кей, прыўкрасная маркіза.
На ўсходзе таксама ўсё разгортваецца па прыродзе рэчаў расейскай імпэрыі — усё, зыходзячы з прыроды драпежнікаў. Расейскі гэбізм хоць сам топіцца, ужо па шыю ў багне стаіць, але ў апошні момант сіліцца яшчэ праглынуць Беларусь, схапіўшы за горла Лукашэнку-напарнічка. Малочная прамысловасьць, напрыклад, у Расеі разьвіта слаба. Рашылі забраць беларускія малаказаводы і... адмовіліся ад усіх беларускіх малочных тавараў. Тыповы расейскі шантаж (але гэта вам не “баржомі” і не грузінскае віно — прадукт псуецца). Зрэшты, справа не ў малочных заводах (ці: ня толькі ў заводах), тут адчуваецца палітычная падкладка (як і ва ўсіх расейскіх эканамічных войнах з суседзямі) тым больш, што юрыдычная (догаворная) праўда на беларускім баку, расейцы паламалі свае ж дамоўленасьці. На мой погляд Крэмль вырашыў, відаць, што самы час дадушыць паталагічнага “друга Расеі” патрабаваньнем увесьці рускі рубель, прызнаць адрыў ад Грузіі Асеціі і Абхазіі, заблакаваць беларусам узгодненыя крэдыты і г. д. (вядомы набор) і забраць такім чынам Беларусь пад свой мафійны кантроль. (У карысьць гэтага меркаваньня сьведчыць тое, што як толькі МВФ паабяцаў Беларусі мільярдны крэдыт узамен затрыманых Масквой 500 мільёнаў, Крэмль тут жа пачаў агучваць новыя слоўныя манеўры.)
Ад пачатку 90-х мы, дэпутаты ад БНФ, папярэджвалі ўсіх і кожнага: гандлёвы абарот Беларусі з Расеяй у кожнай галіне не павінен перавышаць 10 адсоткаў. Расейскія ўлады — гэта ёсьць палітычныя агрэсары і эканамічныя шантажысты. І ніякія нібыта “эканамічныя” аргумэнты супраць такога папярэджаньня ня трэба прымаць пад увагу. Бо тут асаблівая сытуацыя. Да парады прыслухаліся толькі эстонцы — і гора ня ведаюць. Астатнім... можна б было сказаць “так вам і трэба”, калі б не было зразумела, што беларусы ў гэтай палітыцы не вінаватыя; адказнасьць нясе адзін чалавек, які ня ёсьць і ня лічыць сябе беларусам.
Гэтак драпежнікі на ўсходзе хочуць скарыстаць крызіс: не ратавацца, а скарыстацца, утапіць і праглынуць іншага. Канібальская палітыка.
На гэтым фоне “кантора” і маргінальная апазыцыя пачынаюць бавіцца ў “эўрапейскія кангрэсы” і прэзыдэнцкія выбары 2011 года. Гэтае штучнае ўзбуджэньне адцягвае людзей ад галоўнага пытаньня — выхаду з крызісу. Крызіс, выхад зь яго вызначаць і характар выбараў, і іх неабходнасьць.
І ўчора, і сёньня, і заўтра абсалютна зразумела, што А. Лукашэнка, які парушыў Канстытуцыю, незаконна ўзурпаваў уладу, сфальсіфікаваў выбары і незаконны рэфэрэндум 2004 года аб падаўжэньні сваёй улады, ня мае права і не павінен удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі.
Зразумела, што мусіць быць зьмененае недэмакратычнае выбарчае заканадаўства. Але няўдзел ўзурпатара ўлады ў чацьвёртых выбарах прэзыдэнта — гэта ёсьць першасная і галоўная ўмова выбараў 2011 года, якая павінна быць пастаўлена ўсім грамадзтвам. І толькі пасьля выкананьня гэтай умовы магчымае рашэньне пра ўдзел у выбарах астатніх грамадзянаў. Пры невыкананьні ўмовы выбары, як ужо даказаў вопыт і практыка, трацяць усялякі сэнс пры гэтым рэжыме. Грамадзтва павінна тады жорстка байкатаваць чарговую выбарчую камэдыю і тым самым не дапусьціць спробы легітымізацыі дыктатуры. Байкот павінен быць дастаткова магутным, улічваючы, што цяперашнія бюракраты з Брусэля (што йдуць на супрацоўніцтва з узурпатарам і антынароднай уладай), спаслаўшыся на ўдзел ў выбарах дэмакратычных сілаў, прызнаюць такія выбары за дэмакратычныя і заплюшчаць вочы на фальсіфікацыю.
Успомнім, што на восеньскіх выбарах 2008 года на байкот працавала толькі адна наша Кансэрватыўна-Хрысьціянская фронтаўская народная партыя. І фактычны байкот адбыўся. Тры чвэрці выбаршчыкаў не пайшлі галасаваць. У выніку “палатка” не прызнаная за легальны ворган ўлады. У нас пакуль нехапае сілы ліквідаваць антынародны рэжым, але мы змаглі яго падвесіць. Гэта вельмі істотна, бо выводзіць з праўнага поля прэтэнзіі Масквы і антыбеларускія дзеяньні рэжыму.
* * *
На сакавіцкім Сойме быў прыняты і распаўсюджаны па структурах нашай народнай партыі (КХП — БНФ) інфармацыйны матэрыял “Шукаем выхад з агульнага крызісу на Беларусі”. Там адзначана, што “канкрэтная прапанова падрыхтоўкі першых крокаў па выхаду з агульнага крызісу будзе выкладзена ў наступным паведамленьні”. За два месяцы, якія мінулі з таго часу, сытуацыя ў краіне згоршала яшчэ больш. Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі, які выклікаў гэты крызіс сваёй антынацыянальнай палітыкай, ня ў стане нічога перамяніць, каб вывесьці Беларусь з цяжкага становішча. Жыцьцё людзей пагаршаецца. Вялікія цяжкасьці могуць узьнікнуць восеньню.
У сувязі з гэтым беларускае грамадзтва мусіць рыхтавацца да пераменаў і забясьпечыць арганізаванае разьвіцьцё падзеяў. Прапаную сябрам Сойму нашай народнай партыі (КХП — БНФ) абмеркаваць прапанову Сяргея Пятровіча Папкова аб народных выбарах.
Першым крокам у гэтым накірунку павінна стаць стварэньне групаў народнага даверу. Групы народнага даверу ўтвараюцца дзеля пэўнай мэты гэтак жа, як некалі ў 80-х “групы падтрымкі” Народнага Фронту, толькі яны не заяўляюць аб сваім стварэньні і ня дзейнічаюць да пэўнага моманту (зьяўляюцца толькі ўмоўнымі групамі).
Мэта групаў народнага даверу — стварэньне Народнай Цэнтральнай Выбарчай Камісіі і правядзеньне выбараў.
Калі ўзьнікне грамадзкая неабходнасьць, тады групы народнага даверу “ажываюць”, пачынаюць дзейнічаць і пасылаюць сваіх дэлегатаў на Ўсеагульны Нацыянальны Сход, які выбірае Народную Цэнтральную Выбарчую Камісію. НЦВК прыступае да дзейнасьці, групы народнага даверу ператвараюцца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі і пачынаюць дзейнічаць згодна выбарчага закону і народнага мандату НЦВК пад яе кіраўніцтвам.
Гэтая схема цалкам дэмакратычная і цалкам канстытуцыйная (вынікае з прынцыпаў непасрэднай дэмакратыі).
Калі складзецца сытуацыя, то істотным рашэньнем у гэтай схеме ёсьць тое, хто вызначыць момант і аб’явіць аб скліканьні Ўсеагульнага Нацыянальнага Сходу. Але зразумела, што гэта павінна быць воля ўсіх арганізацыяў і сілаў, якія зацікаўленыя ў правядзеньні свабодных дэмакратычных выбараў.
Дзеля гэтага павінен быць створаны адпаведны “Камітэт прадстаўнікоў”, у які ўвойдуць кіраўнікі зацікаўленых палітычных арганізацыяў. Яны павінны прыняць рашэньне аб скліканьні Сходу і стварыць Аргкамітэт Сходу.
Прынцыповая ўмова на гэтым этапе: не павінны прымацца пад увагу (і тым больш прысутнічаць) ніякія прапановы і меркаваньні з боку Брусэля і Масквы. Інакш на ўсім у чарговы раз будзе пастаўлены крыж (хто гэтага ў Беларусі яшчэ не зразумеў, таму можна толькі паспачуваць).
Мусім яшчэ раз падкрэсьліць, што гэтая схема са скліканьнем Усеагульнага Нацыянальнага Сходу, стварэньнем НЦВК і народнымі выбарамі магчымая толькі ў надзвычайных умовах, пры якіх наступіць пратэстная актывізацыя насельніцтва, часовы параліч і аслабленьне кіруючага рэжыму. Яна (схема) невыканальная ў цяперашніх абставінах. Усялякія заклікі да ажыцьцяўленьня яе цяпер трэба будзе расцэньваць як прафанацыю ідэі і правакацыю кшталтам той, якая адбылася ў 1999 годзе ў выніку авантуры В. Ганчара з альтэрнатыўнымі выбарамі прэзыдэнта (што прывяло да расколу БНФ).
Мы ўсьведамляем, што наша схема народных выбараў (гэтак жа, як колішнія выдатныя планы аб сымвалічным Грамадзянстве БНР і Народным галасаваньні) ёсьць адначасна тэст на арганізацыйны ўзровень і палітычную сьпеласьць грамадзтва. Аднак, зважаючы на нэгатыўнае дасьведчаньне, трэба ўлічваць, што палітычны ўзровень нашага грамадзтва ў апошні час павысіўся, а ў пэрыяды надзвычайных абставінаў (на што разьлічана наша прапанова дзеяньняў) гэты ўзровень і актыўнасьць людзей вырастае шматкроць.
Мы спадзяёмся, што ідэі, якія тут выкладзены, пройдуць праз грамадзкае абмеркаваньне, якое дасьць ня толькі інфармацыйны, але ідэйны, практычны плён.
Тым часам прапануем нашым фронтаўскім партыйным структурам і ўсім грамадзянам Беларусі прыступіць да стварэньня групаў народнага даверу. Гэта надзвычай проста (робіцца нават на кухні) і цалкам незаўважна. Часам проста знаёмыя людзі мусяць абмяняцца думкамі і банальна дамовіцца аб дзеяньнях у час “N”. Нават калі гэты час “N” не настане (а ён настане), то сама акцыя па стварэньні групаў народнага даверу будзе чыста народным дзеяньнем, праявай грамадзкай актыўнасьці і волі. Усё гэта дапаможа скансалідаваць наш народ на галоўных інтарэсах краіны, нашай дарагой Бацькаўшчыны.
* * *
Пра тое, што сацыяльныя вынікі крызісу могуць выбухнуць восеньню, гавораць шмат якія аглядальнікі. Гэта не абавязкова здарыцца, але цалкам верагодна. Небясьпечна тое, што антыбеларускі рэжым, які ня ў стане з гэтага крызісу выйсьці, ўсю энэргію накіраваў на запабяганьне свайго краху і на захаваньне ўлады. У гэтых дзеяньнях Лукашэнка шматкроць дапусьціўся парушэньня Канстытуцыі і ігнараваньня дзяржаўных інтарэсаў. Такімі “дзеяньнямі” зьяўляюцца пашырэньне функцый і наданьне, практычна, неабмежаванай улады спэцслужбам. Усе спэцслужбы могуць арыштоўваць людзей, урывацца ў дамы грамадзянаў, праводзіць сьледчыя дзеяньні. Беларус робіцца цалкам бяспраўны перад КГБ, міліцыяй, пракуратурай, падаткавай службай, прэзыдэнцкай аховай і г.д. Асабліва злавесным выглядае наданьне аўтаномных і, практычна, неабмежаваных правоў службе бясьпекі прэзыдэнта, якая абстаўлена ў асноўным чужымі людзьмі (выхадцамі з Расеі). У краіне, дзе ня дзейнічаюць законы, — гэта грунт для ўладнага тэрору.
Такім “дзеяньнем” зьяўляецца таксама незаконная згода Лукашэнкаі на падпісаньне дамовы аб удзеле вайскоўцаў Беларусі ў расейскіх калектыўных карных сілах апэратыўнага рэагаваньня (створаных пад парасонам АДКБ і СНД), якім надаецца права ўступаць на суверэнную беларускую тэрыторыю і ўжываць зброю супроць беларусаў. (Дарэчы, у сувязі з малочна-эканамічнай вайной супраць нашай краіны і, заходзячы з разьвітага ў Лукашэнкі інстынкту самазахаваньня, у яго яшчэ ёсьць повад не падпісаць антыканстытуцыйную самабойчую дамову аб КСАР. Хаця ад суду яго, відаць, ужо нішто не ўратуе.)
Такім “дзеяньнем” зьяўляецца таксама рашэньне аб правядзеньні ў верасьні на тэрыторыі Беларусі расейскіх ваенных манеўраў “Захад-2009” сумесна з войскам Беларусі. Аб’яўлена, што на зямлю Беларусі будзе ўведзена 5 тысячаў расейскіх салдатаў (практычна, дзейная дывізія). Нічыё і ніякае заканадаўства (у тым ліку і беларускае) не дазваляе заходзіць чужому войску на сваю суверэнную тэрыторыю. Тое, што заплянаваў Лукашэнка, ёсьць нечуванае парушэньне законаў краіны.
Насьцярожвае, што манеўры, запланаваныя на верасень, — час верагоднага крызіснага абвастрэньня. Блакада беларускага малочнага гандлю, якую распачала Расея і адначасная “дзіўная” заява начальніка штаба РФ Макарава аб увядзеньні на Беларусь дзеля манеўраў дзьвюх расейскіх арміяў у поўным складзе (а гэта 160 тысячаў салдатаў і афіцэраў, тысячы танкаў, самалётаў і г. д.) — усё гэта пэўным чынам карэлюецца між сабой і паказвае, якога роду вобраз палітычнага думаньня існуе на расейскім баку. (Дарэчы, ніхто ў Расеі не ўдакладняў, не зьдзіўляўся і не тлумачыў “сэнсацыйнай заявы” кіроўнага генэрала.)
Думка аб ваеннай акупацыі Беларусі, аказваецца ўжо цьвёрда сядзіць у рускіх генэральскіх галовах і выказваецца ў лапідарнай форме.
Беларусы не павінны дазваляць (тым больш у такіх абставінах) заходзіць расейскім войскам на сваю тэрыторыю (ні 5-ці тысячам, ні аднаму салдату).
Сумесныя манеўры “Захад-2009” (гэта для Расеі — “захад”, для нас не захад) павінны быць адкладзены і ў далейшым мэтазгоднасьць іх перагледжана.
Беларускае грамадзтва мусіць сур’ёзна ўспрыняць пагрозу і не заставацца тут пасіўным назіральнікам. Якая б ні была ўлада ў краіне, але на ёй ляжыць палітычная і праўная адказнасьць за суверэнітэт Беларусі. Таму першыя патрабаваньні грамадзтва павінны быць зьвернутыя да ўлады, якая ўзурпавала сабе гэтую адказнасьць.
Зянон ПАЗЬНЯК
12 чэрвеня 2009 г.