СТАРЫЯ ФАТАГРАФІІ

23 траўня 2009 г. Ангельская газэта “Independent” паведаміла пра знаходку ў французкім мястэчку Варлуа-Баён, якое знаходзіцца непадалёк ад месцаў, дзе ў ліпені-лістападзе 1916 г. адбывалася бітва І Сусьветнай вайны. Тады на рацэ Соме загінула больш за мільён жаўнераў антыгерманскай кааліцыі і Нямеччыны. Два французы сярод сьмецьця на пакінутай фэрме знайшлі нядаўна 400 фотапласьцінак, многія зь якіх у добрым стане. Яны выкананы мясцовым фатографам напярэдадні вялікай бітвы. Са здымкаў глядзяць маладыя жаўнеры і афіцэры арміяў Брытаніі, Аўстраліі, Новай Зэляндыі. Большасьць зь іх загінула на Соме. Французы апублікавалі гэтыя здымкі, спэцыялісты паклапаціліся аб рэстаўрацыі фотаматэр'ялу. У Францыі рыхтуецца вялікая выстава гэтых фота. Ангельская газэта апублікавала некаторыя з фотапартрэтаў і заклікала чытачоў адгукнуцца і дапамагчы высьветліць імёны і лёсы герояў фотаздымкаў.

Наш камэнтар: Здавалася б, на двары крызіс, усім не да таго, каб займацца пошукамі імёнаў людзей, якіх даўно няма. Але ў культурных краінах памятаюць аб сваіх дзядах, у сэрцах многіх людзей жыве ўдзячнасьць за іхны ахвярны подзьвіг.

У многіх беларускіх сем'ях таксама захоўваюцца фота пэрыяду Вялікай вайны 1914-18 гадоў. З тых часоў фотамастацтва вельмі эвалюцыянавала. Але такога стылю, такіх кампазыцыяў і твараў мы цяпер ня знойдзем. Прадзяды, — энэргічныя, маладыя, прыгожыя, з мэдалямі, крыжамі і шашкамі, — вобраз змагарнага пакаленьня. І надпіс з вэнзэлямі: “На памяць пра германскую вайну”... Ці ўсе разумеюць цяпер непараўнальную каштоўнасьць гэтых рэліквіяў, гэтага злепка з трагічнай эпохі? Маскоўска-бальшавіцкая арда затаптала жыцьці і магілы нашых продкаў, паняволіла наш народ горш за любога германца. Цяперашні цемрашальскі рэжым адурманьвае моладзь “лініяй Сталіна” ды іншымі тупымі сваімі вынаходніцтвамі.

Вечна так ня будзе. Культурны народ павінен зьберагаць старыя фота, фіксаваць імёны і падзеі, захоўваць старыя рэчы — усе сьведчаньні мінулых часоў. Тады і цяпершчына будзе выглядаць інакш.

Валеры Буйвал