ГАВАРЭНЬНЕ Ў ЯПОНІІ

16 траўня 2009 г. Славацкая газэта “Novy Cas” апублікавала тэкст і фота пра тое, як Пуцін езьдзіў па Сочы на сваёй “Ладзе-Ніве”, дэманструючы сваю падтрымку расейскага аўтапрама.

Наш камэнтар: Вельмі ж “наблюдательные” славацкія журналісты, акрэдытаваныя ў Маскве. Такі яркі рэпартаж зрабілі пра пуцінскі “аўтапрабег”. Лепш было б ім прасачыць за Пуціным падчас ягонага нядаўняга візыту ў Японію ды паслухаць, што ён там заяўляў. Калі японскія журналісты спыталі яго “о судьбах русской демократіі”, Пуцін заўсьміхаўся і падзяліўся зь імі таямніцай: “Знаете, настанет 2012 год, год выборов. Мы сядем с Дмитрием Медведевым, потолкуем и всё решим...” Прысутныя, пачуўшы такое, захавалі самурайскі спакой, але абнародваць “таямніцу” не паленаваліся (у адрозьненьні ад славацкіх калегаў, якія пісалі пра “Ладу”). Крамлёўскі кадр з лубянскай “прямотой” падзяліўся з японцамі сакрэтам рускай дэмакратыі. Ён і ягоная хунта ўжо не хаваюць, што выбары тут ні пры чым. Усё будзе вырашацца не на пацешным выбарчым карнавале, а ў крамлёўскай палаце паміж паханамі двух кланаў.

Юрка Марозаў