ДОЎГАЕ ІСНАВАНЬНЕ АРДЫ

17 траўня 2009 г. Славацкая газэта “Novy Cas” апублікавала вялікі артыкул, прысьвечаны князю Дзьмітрыю Данскому. Аўтар не забыўся паведаміць пра юрыдычную крыніцу ўлады маскоўскіх князёў. А менавіта пра ярлык ад ардынскага хана, атрыманы на пачатку 14-га стагоддзя дзедам Дзьмітрыя Данскога. Успомніў нават пра літоўскага князя Альгерда, які ваяваў Маскву. Пра тое, як “сьвяты князь” Дзьмітры уцёк з Масквы і пакінуў горад на зьнішчэньне татарамі ў 1382 г.

Наш камэнтар: Для нас вельмі важна памятаць таксама тое, што адбывалася на працягу стагоддзяў пасьля згаданага мангольскага ярлыка. Нават класічныя расейскія гісторыкі прызнаюць, што Масковія працягнула дэспатычную імпэрскую палітыку Арды. Трэба зірнуць на карту Эўразіі, каб зразумець, у якім накірунку яна зьдзяйсьняла гэтую палітыку. Драпежная Масковія зрабіла каласальных рывок на Усход, дасягнула кітайскіх мораў і захапіла нават амэрыканскую Аляску. На працягу амаль 500 гадоў Масква рвалася з сваім ярлыком і на Захад, пагражаючы зьнішчэньнем усёй эўрапейскай цывілізацыі. Менавіта беларускі народ і беларуская армія стрымалі гэты дзікі патоп. Пра гэта ўсе неяк забыліся пад заклінаньне зьнешне саліднай, але цалкам міталагічнай расейскай гістарычнай навукі. А памятаць трэба. І памятаць перш за ўсё самым беларусам, якім тая ж Масква навязьліва лепіць жупел “рахманых ды слабенькіх”.

Валеры Буйвал