СТОС БАНАЛЬНАСЬЦЯЎ

14 траўня 2009 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” надрукавала аналітычны артыкул Чарльза Тэнака, кіраўніка брытанскіх кансэрватараў у Эўрапарляманце і аўтара “Справаздачы аб усходнім напрамку эўрапейскай палітыкі суседства”. Артыкул прысьвечаны Беларусі, “Усходняму партнёрству”, Лукашэнку ў Ватыкане і г.д. Зьвяртаюць на сябе ўвагу некаторыя “назіраньні” гэтага аналітыка. Напрыклад, ён піша, што “апазыцыя ва ўзаемных сутыкненьнях не ўяўляе пагрозы для рэжыму”. Або пра тое, што “у Беларусі старыя і вяскоўцы задаволены Лукашэнкам і падтрымліваюць стабільнасьць”.

Наш камэнтар: Наагул, даволі вялікі тэкст уяўляе сабой тыповы стос банальнасьцяў і неадэкватных высноваў. Калі такое напіша які-небудзь студэнт або журналіст-гастралёр, то можна й пасьмяяцца. Але ж гэта ёсьць эўрапарляманцкая “аналітыка” (зробленая, дарэчы, за шалёныя ганарары). Сапраўднага аналізу тут, зразумела, няма. “Аналітык” разважае пра Беларусь як пра чужую, далёкую плянэту, на якой ніколі не бываў, але глядзеў на яе ў тэлескоп за вячэрняй гарбатай. На працягу доўгіх гадоў гэтыя эўраспэцы пераказваюць адзін адному і ўсім вакол іх свае стэрэатыпчыкі і стэрэатыпы пра нашу “постсавецкую краіну”, “апошняга дыктатара Эўропы” і г.д. Яны й самы вераць у гэтую схаластычную псэўдаінтэлектуальную жуйку. Яны так нічога і не зразумелі. Гэта ёсьць дыягназ перманэнтна сытых і самазамілаваных асобаў. Згаданы артыкул яшчэ ня самы шкодны. Няма захапленьня “сахараўскім лаўрэатам” Мілінкевічам, “дісідентом с детства” Лебедько і г.д. (адчуваецца, што ў Брусэлі іх зьнялі “с довольствія”). Але няма й канкрэтнага пляну “Заходняга партнёрства”. Што яны зьбіраюцца рабіць, для чаго ўсё гэта прыдумалі? Заўсёды застаецца небясьпека, што гэтая публіка разам з антыбеларускім рэжымам і ягонай псэўдаапазыцыяй у чарговы раз раскрадзе грантаўскія грошы і давядзе справу да абсурду.

Алесь Хадасевіч