ПАМЯЦЬ — БАГАЦЬЦЕ НАЦЫІ.

21 красавіка 2009 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул з нагоды Дня памяці ахвяраў Галакосту. Матэр'ял прысьвечаны ў лепшым сэнсе сэнсацыйнаму адкрыцьцю. У Ерусаліме сустрэліся чацьвёра польскіх габрэяў, якія прайшлі праз пекла Асвенцыма. Выпадкова высьветлілася, што яны маюць на руцэ выкаланыя нумары, якія сьледуюць адзін за адным у лічбавым шэрагу. Калі немцы прывезьлі іх у канцлягер і паставілі ў чаргу на “сэлекцыю”, то яны стаялі адзін за адным у жывым шэрагу. Двое зь іх браты, але яны ня памяталі людзей, што стаялі ў той страшны дзень побач зь імі. Усе чацьвёра ацалелі, дажылі да вызваленьня амэрыканскімі войскамі іхнага лягернага канвоя. Пасьля 1945 г. яны паехалі ў Палестыну, ваявалі ў блізкаўсходніх войнах за сваю дзяржаву. І нават ня ведалі, што ўсе жывуць у Ізраіле. Адкрыцьце зрабіла дачка аднаго з вэтэранаў. Яна ўважліва праглядала інфармацыю ў сеціве на старонцы габрэйскага Інстытута Нацыянальнай Памяці “Яд Ва Шэм” у Ерусаліме.

Наш камэнтар: У Беларусі таксама павінен быць аналагічны Інстытут Нацыянальнай Памяці з грунтоўнай, разгалінаванай базай дадзеных, бібліятэкай, музэямі, навуковымі цэнтрамі, інтэрнэт-старонкамі і г.д. Разумеючы немагчымасьць узнікненьня Інстытута пад антыбеларускім рэжымам, зьбіральную працу трэба пачынаць ужо цяпер. Запісваць успаміны людзей, ідэнтыфікаваць мясьціны, імёны людзей, падзеі. Памяць — гэта багацьце нацыі.

Валеры Буйвал