КАРОЗІЯ ДУШАЎ. ТАКОГА НЕ БЫЛО ЗА ЎСЮ НАШУ ГІСТОРЫЮ
8 красавіка 2009 г. Угорская газэта “Nepszabadsag” пісала пра землятрус у італьянскім рэгіёне Абруца. Сталіца рэгіёну горад Л'Аквіла разбураны практычна цалкам. Некалькі пасёлкаў вакол яго сьцерты з твару зямлі. Загінулі сотні людзей, шмат параненых. Выратавальнікі выцягнулі з-паз руінаў маладую дзяўчыну Элеанору, якая прабыла ў жудасным палоне 72 гадзіны.
Наш камэнтар: На працягу 16 гадоў тысячы беларускіх дзяцей адпачывалі ў рэгіёне Абруца (пакуль праграму не разграміў сваім дэкрэтам антыбеларускі рэжым). Малыя беларусы жылі ў італьянскіх сем'ях, якія ўсемі сіламі імкнуліся зрабіць гэты час шчасьлівым для нашых дзяцей. Абруца — партызанскі край, дзе людзі ненавідзелі фашыстаў і ваявалі супраць немцаў. У 1944 г. тут прайшлі з баямі ў шэрагах Войска Польскага сотні беларускіх афіцэраў і жаўнераў. Край старажытнай культуры. Калі я працаваў там з нашымі дзецьмі, здавалася, што яны (і іхныя бацькі) навучацца дабрыні, салідарнасьці, італьянскай мове, павазе да культуры.
Даведаўшыся пра катастрофу ў Абруца, я патэлефанаваў некаторым з былых падлеткаў (цяпер гэта асобы 24-27 гадоў). І пачуў ад іх тыповы адказ на маю прапанову пацікавіцца лёсам іхных італьянскіх сяброў: “Я не хочу. Позвоните сами...” Яны забылі тое, што ведалі з італьянскай мовы. Яны не навучыліся беларускай мове. Ім не цікава, як справы ў іхных італьянскіх сяброў, што патрапілі ў бяду. Яны пацыганілі ў свой час дапамогу і забыліся пра добрых людзей.
Такога не было ў беларускіх душах за ўсю нашу гісторыю. Змрочны вынік русіфікацыі, лукашызма, вытаптваньня ўсяго жывога і нацыянальнага ў нашай краіне.
Валеры Буйвал