ПЕРАМАГАЕ ТОЙ, ХТО ЗМАГАЕЦЦА

8 красавіка 2009 г. Іспанская газэта “АВС” паведаміла з Руанды. Там паміналі ахвяраў генацыду, які пачаўся роўна 15 гадоў таму — 6 красавіка 1994 г. Экстрэмісты народнасьці хуту (якая трымала жорсткую ўладу ў краіне) забілі на працягу некалькіх тыдняў больш за 800 тысячаў чалавек, у асноўным з народнасьці тутсі. Прэзыдэнт краіны Поль Кагамэ выступіў на мэмарыяльным мітынгу на пагорку Н'янса, што непадалёк ад сталіцы краіны. Ён сказаў сярод іншага і пра “баязьлівасьць міжнароднай супольнасьці, якая нічога не зрабіла, каб спыніць генацыд”. Напрыклад, калі пачаліся масавыя забойствы, бэльгійскі вайсковы кантынгент быў выведзены з раёну Н'янса, і на наступны дзень там былі забіты 4 тысячы нявінных людзей. Камэнтуючы дзеяньні бэльгійцаў, прэзыдэнт зазначыў: “Па іх аніразу ня стрэлілі, а яны ўжо ўцяклі...”

Наш камэнтар: Крывадушнасьць брусэльскіх ды іншых структураў адчулі на ўласным лёсе многія народы, што траплялі ў бяду. Басьнійцы Срэбраніцы, якіх пакінулі сам-насам з сэрбскімі забойцамі. Беларусы, якім пасьля Чарнобыльскай катастрофы ўся заходняя прафэсурка з МАГАТЭ сьпявала песенькі пра “нармальную сітуацыю пасьля аварыі”. І г.д.

Народнасьць тутсі таксама пераканалася, што трэба ратавацца самым. Людзі на працягу некалькіх дзён утварылі ў джунглях народную армію, якая, не пытаючыся дазволу ў “міжнароднай супольнасьці”, пачала граміць ворагаў-забойцаў і ліквідавала забойчы рэжым. Гэта ёсьць вялікая лекцыя для народаў, над якімі навісла сьмяротная пагроза.

Алесь Хадасевіч