“СЬЛЕДСТВА І СУД ПАКАЖУЦЬ, ЧАМУ І ЗА ЯКІ БАКШЫШ...”
4 красавіка ў Менск прыязджала дэлегацыя Ніжагародскай вобласьці з Расеі, хадзіла па беларускіх прадпрыемствах, хваліла “чістоту і порядок”. Прэм'ер РБ Сідорскі сярод іншага заявіў, што зрабіў вельмі важны эканамічны жэст. А менавіта: перадаў расейскаму губэрнатару ўсю інжынэрную дакумэнтацыю на вытворчасьць ліфтоў, якой валодае завод у Магілеве. Няцяжка прадказаць, што будзе цяпер. Цяпер у былым горадзе Горкім апэратыўна наладзяць вытворчасьць ліфтоў. Каб наладзіць яе лепш, запросяць на высокія заробкі 40-50 магілеўскіх спэцыялістаў з сем'ямі (бо горкаўскі люд пасьпіваўся). У выніку ў Расеі з падачы Сідорскага ўзьнікне моцны канкурэнт беларускаму прадпрыемству. Раней магілеўцы прадавалі свае ліфты паўсюль, у тым ліку і ў Расею. Цяпер, зразумела, ніхто ў Расеі магілеўскія ліфты купляць ня будзе. Расея якраз будзе прадаваць у Беларусі свае ліфты. Магілеўскае прадпрыемства ўпадзе, застануцца без працы тысячы беларусаў. Цікава, што дзяржчыноўнік Сідорскі падаваў гэтую інфармацыю як посьпех у іхнай “інтэграцыі”. У вызваленай ад дыктатуры Беларусі сьледства і суд пакажуць, чаму і за які бакшыш прадстаўнікі дыктатуры рабілі гэтае і шэраг іншых злачынстваў супраць нашай дзяржавы і эканомікі.
Янка Базыль