УКРАІНЦЫ ВЫРАШАЮЦЬ ПРАБЛЕМЫ З ГАЗАМ
24 сакавіка 2009 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” апублікавала артыкул пад тытулам “Расея бярэ пад ціск Эўразьвяз”. Цытуем: “Расея перагледзіць свае адносіны з Эўразьвязам, калі Эўропа ня будзе лічыцца з інтарэсамі Расеі. Гэта сказаў у панядзелак расейскі прэм'ер Уладзімір Пуцін”. Украінскі прэзыдэнт В. Юшчанка і прэм'ер Ю. Цімашэнка знаходзяцца ў Брусэлі. Яны запрапанавалі правесьці мадэрнізацыю газаправода на ўкраінскай тэрыторыі, каб лепш наладзіць дастаўку газу ў Эўропу. Пуцін у Маскве назваў гэты плян “дрэнна прадуманым і непрафэсійным”, бо ў яго ня ўключылі Расею. Расейскі міністар энэргетыкі С. Сямашка выказаўся яшчэ больш пагрозьліва: “Аднабаковы разгляд можа нанесьці сур'ёзную шкоду газазабесьпячэньню Эўразьвяза”.
Наш камэнтар: Вядома, што ў той жа дзень рабіліся заявы і ў Кіеве. Упаўнаважаны прэзыдэнта Украіны па міжнародных пытаньнях энэргетычнай бясьпекі Багдан Сакалоўскі заявіў 24 сакавіка, што Україна ня мае жаданьня, каб Расея стала суладальнікам газатранспартнай сістэмы (ГТС) Украіны. Украінец нагадаў пра гэта Маскве, бо 23 сакавіка Пуцін заявіў, што некалькі гадоў таму Расея, Україна і ФРГ падпісалі дэклярацыю аб магчымасьці сумеснага кіраваньня ўкраінскім ГТС.
Нідэрляндская газэта не пасьпела пра гэта паведаміць, але стала вядома, што Юшчанка і прадстаўнікі ЭЗ падпісалі прадугледжаную дамову ў Брусэлі. У Маскве адразу назвалі гэта “не адпавядаючым інтарэсам Расеі”. З гэтым і зьвязана істэрычная рэакцыя маскоўскіх начальнікаў, якія зьбіраліся душыць Украіну (а заадно і Эўропу) разам з немцамі. Ня выйшла! Нанесены яшчэ адзін моцны ўдар па нахабнай маскоўскай манаполіі.
Вось як дзейнічае сапраўды нацыянальны лідэр украінскага народу, сапраўдны прэзыдэнт. З другога боку, можна зразумець істэрыку Масквы. Крэмль-Лубянка ўбухалі шалёныя грошы на подкуп эўрачыноўнікаў усіх рангаў. Думалі маніпуляваць імі ў любой сітуацыі ды пралічыліся. Газавыя ўльтыматумы і закручваньне вентыля пасярод зімы шмат чаму навучылі заходнія грамадзтвы. Цяпер нават скарумпаваным палітыкам надта ж цяжка ставіць пад пагрозу эўрапейскія народы. Мільёны людзей могуць узяць ды пакараць іх за здраду. Вось прыклад таго, што народ, які разам з сваім нацыянальна-дзяржаўным кіраўніцтвам абараняе свае інтарэсы, дасягае тактычных і стратэгічных перамогаў у самых здавалася б немагчымых умовах.
Алесь Хадасевіч