ТРАВЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

10 травеня сёлета ў Менску сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сабраліся на чарговы Сойм. Адбыўся абмен думкамі і абмеркаваньне палітычнага становішча. Быў зачытаны ліст сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ і Партыі — БНФ, — “Партнёрства і інтарэсы” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. На Беларусі назіраецца стан зацішша. Настала вясна, стала цёпла, людзі паехалі на свае ўчасткі садзіць бульбу і прыглядаць за садамі. Многія маюць ілюзію, што ўсё неяк само сабой наладзіцца, што крызіс сам сабой зьнікне і ўсё будзе, як было. Але калі беларускія патрыёты сустракаюць прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу Беларусі, то бачаць у іхных тварах адчай і разгубленасьць. Гэтыя эканамічна актыўныя людзі на працягу шэрагу гадоў працавалі ў рамках, вызначаных рэжымам, наладжвалі беларускі бізнэс у постсавецкай прасторы, верылі ў гэтую будучыню. Цяпер яны (як спэцыялісты) бачаць поўны правал і бесперспэктыўнасьць гэтай эканамічнай палітыкі. Расея адмаўляецца закупаць беларускую прадукцыю, паўстае крызіс неплацяжоў. Арыентацыя на ўсходняга суседа (штучна наладжаная рэжымам Лукашэнкі) прыводзіць беларускую гаспадарку да бездані і правалу. Ужо ўвосень мільёны беларусаў сутыкнуцца з беспрацоўем і галечай. А ў той жа час рэжым нічога не робіць дзеля падрыхтоўкі да гэтых сацыяльных праблемаў. Працягваецца бравурная дэмагагічная кампанія на тэму “у нас крізіса нет і не будет”. У гэтых умовах беларускае грамадзтва павінна не паддавацца адчаю, а наадварот кансалідавацца незалежна ад нелігітымнай улады. Ідэя Беларускай Салідарнасьці набывае надзвычай актуальнае значэньне ва ўмовах усеагульанга правалу, калі выйсьцем ёсьць адзінае: беларус павінен падтрымліваць і ратаваць беларуса. Антыбеларускі рэжым ніколі ня будзе дзейнічаць паводле гэтай жыцьцёвай формулы нацыянальнага паратунку. Значыцца самы беларусы павінны самаарганізоўвацца ў палітыцы нацыянальнага выратаваньня.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра паводзіны шэрагу дырэктараў прапрыемстаў краіны. Бачачы непазьбежны крах эканомікі, штучна завязанай на Расею, некаторыя дырэктары актыўна раскрадаюць нацыянальную маёмасьць. Цынізм і злоўжываньні дасягнулі небачаных раней маштабаў. Рэжымныя структуры загніваюць, прыслужнікі рэжыму імкнуцца пакарыстацца бязладдзем і хаосам дзеля самаўзбагачэньня. Усё гэта адбываецца на фоне грунтоўных захадаў па пераадольваньні крызісу, якія прадпрымаюцца кіраўніцтвам цывілізаваных краінаў. Раскрадальнікі бяруць прыклад са злачынных паводзінаў “кормчых расейскай эканомікі”. Сябры Сойму падкрэслілі важнасьць нацыянальнай культуры і мовы ў пэрыяд эканамічнага крызісу. Цывілізаваныя народы гуртуюцца вакол нацыянальных каштоўнасьцяў і сьвятыняў і ў гэтым адзінстве знаходзяць шлях паратунку. Вяртаньне да свайго — беларускага — ёсьць умовай выратаваньня беларускага народу. На працягу дзесяцігоддзяў наша Партыя вядзе асьветніцкую працу ў гэтым накірунку. І цяпер, нягледзячы на стомленасьць, трэба працягваць гэтую дзейнасьць, каб пераканаць беларусаў у неабходнасьці абароны свайго — нацыянальнай культуры, маёмасьці, дзяржавы, мовы, будучыні нашых дзяцей і ўнукаў. Калі на Беларусі будзе пашырацца нацыянальны супраціў расейскай агрэсіі, то наш змагарны народ падтрымае ўвесь сьвет. Мы на сваёй зямлі — перамога будзе за намі! Жыве Беларусь!

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 траўня 2009 г.