УГОДКІ ЧАРНОБЫЛЯ

Менск, 26 красавіка. Сябры і прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прышлі ў Курапаты, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Мерапрыемствы пачаліся сьпяваньнем духоўнага гімна “Магутны Божа”. Над грамадой лунаў сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Людзі заслухалі зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Фронту і Партыі — “Палітычны Чарнобыль” (публікуецца).

Выступіў адказны сакратар Управы Фронту і Партыі сп. Алесь Чахольскі, які ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Ён сьведчыў аб тым, як пасьля катастрофы злачынная ўлада марнавала ня толькі вялізныя грашовыя сродкі, але і шчырыя памкненьні беларускіх вайскоўцаў-ліквідатараў сапраўды дапамагчы свайму народу. Бязглуздае адсяленьне тысячаў людзей на тры-чатыры кілёмэтры ад родных вёсак у такія ж атручаныя радыяцыяй мясьціны. Ідыёцкая кампанія па “дэзактывацыі”, гэбельсаўская хлусьня і дэмагогія... Мы павінны не забывацца, што камандавала ўсім гэтым злачынная Масква. Антычалавечы крамлёўскі рэжым надаў званьне “герояў Расеі” лётчыкам, якія расстралялі над Беларусьсю радыяактыўныя воблакі і справакавалі атрутны дождж над нашай зямлёй. Тысячы і тысячы акупанцкіх “герояў” і цяпер працягваюць у нашай краіне сваю зьнішчальную дзейнасьць. Вызваліцца з гэтага кашмару можна толькі палітычнымі мэтадамі. Павінен быць ліквідаваны прамаскоўскі антынацыянальны рэжым. Толькі тады спыніцца зьнішчэньне нашага народу і адкрыецца шлях нармальнага цывілізаванага разьвіцьця Беларусі.

Выступоўцы казалі пра антычалавечыя экспэрымэнты, якія прарасейскі рэжым па загаду з Масквы праводзіць над нашымі дзецьмі, над усім насельнітвам. Масква зьбірае статыстыку выміраньня нашага народу. Менавіта крамлёўская хунта кіруе злачыннымі дзеяньнямі мясцовых выканаўцаў. Імпэрыя Зла павінна быць спынена і разгромлена на нашай зямлі. Беларусы ўрэшце павінны ўбачыць і зразумець, што ёсьць прычына нашай бяды і хто адказны за чарговы этап генацыду. Разуменьне прычынаў трагедыі дазволіць беларусам прыняць адпаведныя рашэньні: злучацца ў Беларускую Салідарнасьць, вяртацца да свайго, роднага. Разам змагацца супраць лютага ворага. У Беларусі ёсьць магчымасьці пераадолець наступствы Чарнобыля. Але пачынаць трэба зараз. Не чакаць літасьці ад забойцаў, а гнаць іх з нашай зямлі і наладжваць на ёй нармальнае і дастойнае жыцьцё. Цемра не пераможа Беларусь. Сьветлая перамога будзе за намі.

Людзі ўсклалі да курапацкіх крыжоў кветкі, запалілі зьнічкі. На прыканцы ўсе засьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

26 красавіка 2009 г.