ЯК НІШЧАЦЬ НАШУ НАЦЫЮ І КУЛЬТУРУ

17 сакавіка 2009 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” апублікавала рэкляму новай турыстычнай зоны Партугаліі. Раней рэгіён Алентэжу быў вядомы хутчэй як транзітная зона. Ён займае 30% тэрыторыі краіны, але жывуць тут толькі 7% ад насельніцтва краіны. Мясцовыя ўлады добра папрацавалі і цяпер рэгіён можа сустрэць замежных турыстаў. Тут выдатная кухня, рэстараны і шынкі. Паўсюль велічныя сляды знаходжаньня маўраў і тампліераў. Прыгожыя помнікі архтэктуры і прыроды, замкі музэі.

Наш камэнтар: Пра культурныя багацьці Алентэжу раней ведалі толькі спэцыялісты. Цяпер рэгіён будзе прымаць сотні тысячаў турыстаў. Гэта ёсьць вынік працы культурных людзей, якія любяць сваю айчыну і ў той жа час умеюць наладзіць турыстычны бізнэс.

Які яркі кантраст з дзейнасьцю спэцоў ад “белорусского турізма”! Гэты “турізм” зьяўляецца арганічнай часткай агульнай палітыкі задушлівай ізаляцыі нашай краіны і нашага народу ад цывілізаванага сьвету. Афіцыйнае хамства і жлобства (якое пачынаецца з “прэзыдэнцкага палацу” і пануе на ўсіх структурах улады і сэрвісу) адбіла ахвоту ў замежнікаў наведваць Беларусь. Ідыёцкія, неадэкватна высокія кошты ў гатэлях, недаразьвітасьць транспартных і іншых паслуг — сярод прычынаў турыстычнага крызісу ў нашай краіне. А вы чулі калі-небудзь, што распавядае пра нашу гісторыю і культуру абсалютная большасьць усіх гэтых ребят і девчат з ін'язаўскай выпраўкай? Гэтыя “экскурсоводы” распавядаюць гасьцям тое, што на працягу ўсяго савецкага часу дзяўблі іхныя папярэднікі. Вось асноўныя іхныя “тэзісы”: “В Белоруссіі очень плохая земля... Белоруссія очень пострадала от войны, вся земля заліта кровью... Белоруссы — очень терпелівый і тіхій народ... Белорусскій — это не язык, а діалект русского...” Пра тое, што наш “тіхій” народ шмат разоў зьнішчаў і гнаў з сваёй зямлі ўсходніх і заходніх ворагаў гэтыя спэцы не раскажуць. Не раскажуць пра нашу славу, пра эўрапейскую культуру і старажытную літаратуру. Будуць паўтараць стэрэатыпы, распрацаваныя ворагамі-ненавісьнікамі Беларусі. Паўтараць з лёгкасьцю, бо не баліць за сваё. Ды яно ўжо для іх даўно не сваё, так іх навучылі ў “ін'язе” і “Белінтурісте”. Наперадзе, у вызваленай ад маразму Беларусі выпраўленьне гэтай ганебнай недарэчнасьці, якой няма больш нідзе ў сьвеце.

Валеры Буйвал