КРЭМЛЬ НОСІЦЦА З АТАМНАЙ ЗБРОЯЙ

17 сакавіка 2009 г. Славацкая газэта “Novy Cas” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейская “Лада” патанае ў даўгах. Без дзяржавы ня дасьць рады”. Апісваецца фінансавы крызіс на буйнейшым расейскім аўтакамбінаце “АвтоВАЗ”. Некалі магутнае прадпрыемства ня можа расплаціцца па пазыках, мае вялікі дэфіцыт бюджэту. Просіць дзяржаву аб паратунку.

Наш камэнтар: Славакам добра вядомыя словы “Лада” і “АвтоВАЗ”. Да 1989 г. эўрапейскі народ, адрэзаны жалезнай заслонай ад Эўропы, вымушаны быў купляць расейскае ламачча. І вось штучны гігант патанае ў даўгах, гукае Крамлю пра катастрофу. Але справа ў тым, што такое галашэньне гучыць з усіх канцоў неабсяжнай імпэрыі. Калі б і хацела крамлёўскае начальства, дык ня дасьць рады заткнуць усе правалы.

***

17 сакавіка 2009 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул пад тытулам “Масква заяўляе пра маштабнае ўзбраеньне”. Медведев заявіў па тэлебачаньню, што пачынаецца працэс мадэрнізацыі атамнай зброі. Прычына: набліжэньне НАТО да межаў Расеі. НАТО на гэта выступіла з папярэджаньнем аб новай гонцы ўзбраеньняў.

Наш камэнтар: Не дачакаецца паратунку з Крамля ні “Лада”, ні іншыя зоны расейскага эканамічнага бязладдзя. Крамлёўская хунта бярэ курс на канфрантацыю з цывілізаваным сьветам, курс на вайну. Вось куды хунта будзе кідаць мільярды, адбіраючы грошы ў насельніцтва няшчаснай Расеі.

Алесь Хадасевіч