ФАБРЫКА АТРУЧВАНЬНЯ ЛЮДЗЕЙ

21 сакавіка 2009 г. Італьянская газэта “La Repubblica” публікуе анонс відэапраграмы “Таямніцы Рыма”, прысьвечанай малавядомым старонкам гісторыі і культуры італьянскай сталіцы. Па невысокім кошце дыскі DVD з гэтай праграмай можна набыць паўсюль разам з газэтай.

Наш камэнтар: Беларусы, якія маюць сатэлітарныя антэны, ведаюць пра высокі ўзровень навукова-папулярных праграмаў італьянскага тэлебачаньня. Відэашэраг пабудаваны ў іх выдатна, з выкарыстаньнем сучасьнейшых мэтадаў мантажу і спэцэфэктаў. Але самае галоўнае, што гэтыя праграмы азораны павагай да нацыянальнай і чалавечай спадчыны, любоўю да навукі і культуры і ў той жа час даступныя для разуменьня самай шырокай публіцы, вельмі цікавыя. Важным зьяўляецца таксама чалавечы фактар. Для вядзеньня гэтых праграм абраны мужчыны і жанчыны высокай асабістай культуры. Яны выдатна валодаюць роднай мовай, пачуцьцём гумару, майстэрствам імправізацыі, з сімпатыяй зьвяртаюцца да тэлегледача.

Пераключаем свой тэлевізар на БТ і там ужо гарланіць правінцыйна-расейская анонсаўшчына: “Сегодня на первом национальном телеканале!..” Удаўка лукашысцкай прапаганды даўно ўжо нацерла шыю беларускім гледачам. Многія людзі проста ўжо не глядзяць гэтую манструальную, бязьмежна хлусьлівую і нудную тэлеплынь. Падпарадкаваньне акупанцкай расейскай маскультуры аказвае свой гнюсны ўплыў і на рэдкія праграмы і рубрыкі, прысьвечаныя гісторыі і культуры. Тэлерасповед пра нашу нацыянальную мінуўшчыну, пра нашы шэдэўры, помнікі, літаратуру, славутых людзей вядзецца выключна на мове акупантаў. Расейшчына мабыць павінна “облагоражівать” беларускія тэмы і вобразы. Часьцей за ўсё вядучыя гэтых праграмаў (пэўна ж па загаду начальства) няўклюдна капіруюць крыўляньні і манеры расейскіх тэлевядучых. Адзін крычыць-надрываецца немым крыкам, другі становіцца ў каменную позу і “вяшчае” загробным голасам бацькі Гамлета. Хацапетаўскае капірваньне маскоўскіх першаўзораў выглядае кур'ёзна і дзіка. Але самае галоўнае, што беларусам навязваецца комплекс каланіяльных стэрэатыпаў. Маўляў, “русскость і есть определяюшчей чертой белорусской культуры, так было і будет всегда... это і есть істінно первый національный...”

Пасьля краху антыбеларускага рэжыму з гэтым тэлемаразмам будзе скончана.

Юрка Марозаў