НЕБЯСЬПЕКА АРДЫ
19 сакавіка 2009 г. Ангельская газэта “Guardian” пісала пра пахаваньне жаўнера Марка Куінсі, забітага 7 сакавіка ў Паўночнай Ірляндыі падчас нападу невядомых на ангельскую вайсковую базу. Тысячы людзей сабраліся, каб разьвітацца з палеглым, на ягонай радзіме непадалёк ад Бірмінгема. Прысутнічалі вышэйшыя вайсковыя чыны і кіраўнікі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў. Сябры жаўнера, — ягоны ўзвод, — несьлі труну, накрытую дзяржаўным сьцягам, і складалі ганаровую варту.
Наш камэнтар: У цывілізаваных краінах цывілізавана ставяцца да памяці аб героях і ахвярах, да іхных сем'яў. Гэта ёсьць даўні закон эўрапейскай культуры.
Маскоўская акупацыя Беларусі прадэманстравала многім пакаленьням беларусаў сваю ардынскую азіятчыну. Для Масквы палеглыя і ахвяры заўсёды былі нічога ня вартым сьмецьцем. Па палях і лясах на прасторах Расеі дагэтуль ляжаць непахаваныя мільёны парэшткаў ахвяраў расейскіх войнаў і расейскага генацыду. Апошнім актам акупацкай маскоўскай азіятчыны для беларусаў быў Аўганістан. Да 1987 г. забітых у далёкай краіне беларусаў прывозілі на радзіму патаемна, у запаяных цынкавых трунах, якія забаронена было адчыняць. Бывала, што бацькі спайвалі гарэлкай афіцэра і канвой, якія суправаджалі труну, і адчынялі яе. Шмат разоў яны знаходзілі там зьнявечаныя целы сваіх сыноў, а часам чалавечыя парэшткі зусім іншых людзей. Савецкая прапаганда ў той самы час дундзела пра тое, як “савецкія жаўнеры будуюць у Аўганістане дзіцячыя садкі і мірнае жыцьцё для прыязных аўганцаў”. Ужо пазьней саветы пачалі ствараць свой злачынны міф пра “інтэрнацыянальную дапамогу” і будаваць “мэмарыялы”.
Беларусы, памятаючы пра ўсё гэта, павінны абараніць сваю радзіму і моладзь ад маскоўскай арды, якая зноў хоча вярнуцца ў Беларусь і штурхнуць наш народ у вір вайны.
Юрка Марозаў