ЗЛАЧЫНСТВЫ І ЗЬДЗЕК НАД ЖАНЧЫНАМІ

Гэтага рыцара плашча і кінжала ня здолела адцерці ад адказнасьці нават свая кантора, бо скандал адгукнуўся ў шэрагу краінаў. 27 сакавіка Масква прызналася, што вядзецца сьледства па справе гандлю людзьмі. Некалькі ўдзельнікаў міжнароднай банды гандляроў жывым таварам ужо сядзяць за кратамі ў розных краінах. А камандваў бандай палкоўнік Галоўнага Разьведвальнага Упраўленьня Расеі (ГРУ), яго імя не называецца. Банда выправіла на сэксуальнае рабства 130 жанчын на працягу 1999-2007 гг. у розныя краіны, у асноўным у Ізраіль (мяркуем, што колькасьць ахвяраў моцна заніжана). Дзяўчын вывозілі падманам з Беларусі, Малдовы, Узбэкістану, Украіны і Расеі. (У паведамленьнях расейскіх СМІ Беларусь падаецца на першым месцы ў сьпісе. Гэта значыць, што беларусак сярод ахвяраў было найбольш). Ня верыцца, што палкоўнік дажыве да суда (“он слішком много знал”). Ня верыцца, што ён займаўся гэтым “у вольны ад працы час”. Дзякуй ізраільскім спэцслужбам, якія забілі трывогу і пачалі арышты. КГБ РБ заняты іншымі справамі, зьнікненьне беларускіх жанчын лукашэнкаўска-жадобінскую кантору не зацікавіла. Тым больш калі злачынным бізнэсам займаюцца маскоўскія калегі.

Янка Базыль