ЗВАРОТ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ І ЭЎРАПЕЙСКІХ ПАЛІТЫКАЎ.
Мы вітаем добрую волю Эўразьвязу, накіраваную на падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі. Разам з тым, у сувязі з інаўгурацыйным самітам праграмы “Усходняе партнэрства”, які плянуе правесьці Эўразьвяз у Празе 7-га траўня гэтага году, мы мусім заявіць, што пэўная канцэптуальная неакрэсьленасьць гэтай добрай і ўзаемавыгаднай праграмы ў дачыненьні да дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі прывядзе да вельмі нэгатыўных вынікаў.
Запрашэньне кіраўніка ўлады А. Лукашэнкі на саміт у Прагу ёсьць знакавым дзеяньнем, якое, фактычна, легітымізуе дыктатуру, скасуе незаконнасьць яе ўлады і прынятых антыпраўных рашэньняў. Вынікам запрашэньня А. Лукашэнкі ў Прагу стане ўзмацненьне рэпрэсіяў і этнацыду беларусаў, ціску на народ, перасьледу па палітычных прычынах за іншадумства.
Мы ведаем становішча ў нашым грамадзтве, узровень думаньня і матывы паводзінаў А. Лукашэнкі. Нягледзячы на міжусобныя супярэчнасьці зь некаторымі сваімі саюзьнікамі, рэжым Лукашэнкі праводзіць зь імі ўзгодненую палітыку, у тым ліку і ў падыходзе да “Усходняга партнэрства”. Нявызначанасьць палітычных крытэрыяў з боку Эўразьвязу задавальняе антыбеларускі рэжым А. Лукашэнкі і яго саюзьнікаў, але супярэчыць інтарэсам Беларусі.
Аморфнасьць крытэрыяў у дачыненьні да антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ставіць пад пагрозу нацыянальнае, гуманістычнае і дэмакратычнае разьвіцьцё беларускага грамадзтва.
Пасьля новых арыштаў у Беларусі па палітычных прычынах, пасьля дэманстратыўных зрываў візыту эўракамісара па зьнешніх сувязях і палітыкі добрасуседзтва, ёсьць дастаткова аргумэнтаў, каб не запрашаць Лукашэнку на саміт.
У нас, падпісантаў гэтага звароту, розныя партыйныя пазыцыі і розныя погляды на палітыку, але пагроза Незалежнасьці нашай краіны і нашай грамадзянскай супольнасьці, якая ўзьнікае ў сувязі з аднабокімі дзеяньнямі ў дачыненьні да рэжыму на Беларусі, змушаюць нас гаварыць цяпер разам і адным голасам: Лукашэнка не павінен быць запрошаны ў Прагу.
Мы спадзяемся на падтрымку гэтага звароту з боку нашых балтыйскіх і заходніх суседзяў і прыхільнікаў адказнай палітыкі.
Івонка Сурвіла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,
Зянон Пазьняк,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г.
Станіслаў Шушкевіч,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г.
Аляксандар Казулін,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 2006 г.
Варшава, Менск, Атава.
16 красавіка 2009 г.