ЗМАГАРНАЯ ГРУЗІЯ

Сёньня спаўняецца роўна 20 гадоў з дня, калі расейскія акупанты зьдзейсьнілі крывавае злачынства ў сталіцы Грузіі Тбілісі. 9 красавіка 1989 года спэцыяльныя часткі ўнутраных войскаў, прысланыя з Масквы, напалі на мірны мітынг у цэнтры Тбілісі. Акупанты секлі людзей сапёрнымі рыдлёўкамі. Дзесяткі асобаў, у асноўным жанчыны, былі забіты і паранены. Крамлёўскія гаспадары разьлічвалі запалохаць грузінскі народ гэтай жорсткай расправай. Але імпэрыялісты пралічыліся. Народ Грузіі злучыўся ў змаганьні за вызваленьне сваёй зямлі ад акупантаў. Салідарнасьць грузінам выказалі тады ўсе паняволеныя Расеяй народы. Беларускі Народны Фронт накіраваў у той час спэцыяльнага пасланьніка ў Тбілісі для перадачы спачуваньня, салідарнасьці і навязваньня кантактаў. У Менску адбыліся пікеты з пратэстам супраць злачынных дзеяньняў Масквы і малебны за Грузію ў храмах. Праз два гады, у жніўні 1991 г. пачаўся першы пэрыяд распаду злачыннай расейскай імпэрыі. Нашы народы вызваліліся ад акупацыі, якая працягвалася стагоддзямі і прынесла людзям незьлічоныя бедствы.

Але гэта было не апошняе злачынства Масквы супраць Грузіі. На працягу ўсіх гадоў існаваньня незалежнай Грузінскай дзяржавы Масква груба ўмешвалася ва ўнутраныя справы Грузіі. У жніўні 2008 г. Расея зьдзейсьніла ваенную агрэсію, уварварваўшыся танкавымі калёнамі на тэрыторыю Грузіі і пачаўшы бамбардоўкі мірных грузінскіх гарадоў і паселішчаў. Увесь сьвет асудзіў Маскву за гэтае злачыннае парушэньне міжнароднага права. Грузінская армія і народ здолелі спыніць агрэсара і нанесьці яму моцныя ўдары. Але частка тэрыторыі сувэрэннай Грузіі застаецца пад расейскай акупацыяй. Мужны народ працягвае змаганьне за сваё канчатковае вызваленьне ад расейскіх акупантаў.

Беларускія патрыёты выказваюць салідарнасьць грузінскаму народу, які змагаецца за сваю волю. Пакуль існуе і творыць зло крамлёўска-лубянская імпэрыя, нашы народы павінны яднацца ў супрацьстаяньні ворагу чалавецтва. На перадзе ў нас перамога і сьветлы шлях цывілізаванага нацыянальнага разьвіцьця. Жыве незалежная Грузія! Жыве Беларусь!

Кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 красавіка 2009 г.