КРАСАВІЦКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

11 красавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Перамены трэба рыхтаваць” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Ва ўсім сьвеце адбываюцца публічныя дыскусіі на тэму эканамічнага крызіса і шукаюцца шляхі выйсьця зь яго. У Беларусі афіцыйная прапаганда працягвае абдурваць насельніцтва пераможнымі рэляцыямі “з палей і цахоў”. Рэжым не прымае ніякіх спробаў для вырашэньня вострых эканамічных і сацыяльных праблемаў, робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Такое ўражаньне, што яны разам з Масквой чакаюць, калі вернуцца дакрызісныя кошты на нафту, і ў гэтым бачаць панацэю ад бяды. Тым часам рэжым працягвае хаджэньне з працягнутай рукой на Усход і на Захад, каб атрымаць крэдыты.

Прафэсійным эканамістам зразумела, што такія штучныя ўліваньні ў эканоміку дазволяць магчыма на некалькі месяцаў працягнуць існаваньне рэжыму, але потым усяроўна настане агульны абвал. Да таго ж, гэтыя “уліваньні” спрыяюць разрастаньню карупцыі на ўсіх узроўнях улады. Прэм’ер Сідорскі, аднак, агучыў новы рэжымны праект. Цяпер дзяржава будзе выкупляць прадукцыю буйных прадпрыемстваў (якая стаіць на складах і не распрадаецца) і забясьпечваць яе рэалізацыю. Маўляў, гэта дасьць прадпрыемствам сродкі на разьвіцьцё і дзейнасьць і г.д. Але ж спэцыялісты папярэджваюць, што не сам Сідорскі будзе хадзіць па прадпрыемствах і выкупляць гэтую прадукцыю. Для такой апэрацыі трэба ствараць шэраг пасрэдніцкіх кантор, якія і будуць займацца гэтай дзейнасьцю. Большая частка сродкаў і асядзе ў гэтых канторах. Прыклад Расеі ў гэтай сфэры “эканамічнай рэформы” дэманструе на поўніцу разбуральны характар гэтых дзеяньняў. Вынік такой авантуры — яшчэ больш актыўнае раскраданьне народных грошай і дэзарганізацыя эканамічнага жыцьця краіны.

Многія думаючыя людзі ў Беларусі ўжо зразумелі, што ніякага чыста эканамічнага рашэньня драматычнай сітуацыі ў Беларусі ня можа быць без ліквідацыі бяздарнага прамаскоўскага рэжыму. Абавязкам беларускіх патрыётаў ёсьць давядзеньне да грамадзтва праўдзівай інфармацыі аб становішчы ў краіне. Нельга дапусьціць, каб антыбеларускі рэжым і яго псэўдаапазыцыя заблыталі-забалбаталі людзей і завялі наш народ у чарговы тупік. Неабходна далучаць людзей да Беларускай Салідарнасьці, тлумачыць ім мэтады мірнага супраціўленьня і мірнага пратэсту, паказваць эфэктыўныя шляхі абароны сваіх правоў і нашай Дзяржавы.

Сойм абмеркаваў падзеі ў Грузіі і Малдове. Расея яшчэ раз прадэманстравала, што гатовая кінуць на галодную сьмерць мільёны сваіх грамадзянаў, але ніколі не адмовіцца ад палітыкі экспансіі і адкрытай агрэсіі, кіне любыя фінансавыя сродкі на разбурэньне незалежных дзяржаваў. Мэтай гэтай злачыннай палітыкі зьяўляецца аднаўленьне расейскай імпэрыі ў былых межах, а ў больш шырокім сэнсе — панаваньне над сьветам. У Грузіі нягледзячы на ўсе намаганьні Крамля не ўдаецца дэстабілізаваць сытуацыю. На мітынгі апазыцыі там зьбіраюцца ў асноўным людзі старэйшага ўзросту (Масква ўвесь час ў некалькі разоў перабольшвае колькасьць удзельнікаў мітынгаў). Грузінская моладзь канчаткова зьвязала сваё жыцьцё з вольнай, цалкам незалежнай ад Масквы радзімай. Яшчэ больш выразна заявіла пра гэта моладзь Малдовы. Сфальшаваныя камуністамі вынікі выбараў не прызнала маладое пакаленьне, якое не прымае камуну і абрыдлых кліентаў КПСС, якія выглядаюць недарэчным дагістарычным атавізмам на пачатку ХХІ стагоддзя. У будынках парляманту і прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Кішынёве моладзь нішчыла партрэты Леніна і бальшавіцкую сымволіку, якая вісела там паўсюль. Крамлёўская хунта адразу пачала актыўна ратаваць сваіх кішынёўскіх сатрапаў, прыслала ім самалёт, поўны паліцэйскай зброі для барацьбы супраць моладзі, актывізавала гэбоўскія структуры ў акупаваным Прыднястроўі. Аднак, крах прамаскоўскага рэжыму ў Малдове непазьбежны. Маскоўская авантура праваліцца і на гэтым участку антыімпэрскага фронту.

Выступілі таксама сябры Сойму з іншых рэгіёнаў краіны. Па ўсёй Беларусі закрываюцца прадпрыемствы, звальняюць тысячы працоўных. Многія прадпрыемствы працуюць па 3 дні на тыдзень. Ужо абвешчаны пляны аб павальным скарачэньні кадраў. Рэзка зьніжаны заробкі. Расьце сацыяльнае напружаньне. Рэжым канчаткова згубіў падтрымку нават пажылых людзей, якія доўгі час былі яго апірышчам. Мясцовыя адміністрацыі спрабуюць палепшыць правальную эканамічную сытуацыю сваімі захадамі. У Віцебску і шэрагу раённых гарадоў краіны рэгулярна адключаюць электрычнасьць у жылых дамах і на вуліцах. Гэта прывяло толькі да рэзкага росту крымінальнай злачыннасьці на вуліцах. Многія людзі ў разгубленасьці і ня ведаюць, што рабіць. Таму неабходна тлумачыць людзям, што адбываецца, і рыхтаваць іх да пераўтварэньняў у нашай краіне.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

11 красавіка 2009 г.