ЗЛАЧЫНСТВЫ МАСКОЎСКАЙ ІМПЭРЫІ.
11 сакавіка 2009 г. Нарвэжская газэта “Dagbladet” апублікавала артыкул пад тытулам “Невядомы Галакост”. Журналіст распавядае пра злачынствы НКВД у Летуве. Для яго Галакост — масавае забойства людзей любой нацыянальнасьці. У першы дзень нямецка-савецкай вайны ў чэрвені 1941 г. НКВД расстраляў усіх палітычных вязьняў турмы ў невялікім горадзе Тэлсяй. Потым родныя раскапалі сотні трупаў, на якіх былі сьляды катаваньняў. Тысячы летувісаў, якія хацелі помсьціць саветам за сьмерць блізкіх, запісаліся ў палкі, якія змагаліся супраць савецкай арміі. Газэта піша, што такія расстрэлы НКВД праводзіла па ўсёй Прыбалтыцы, а таксама ў Беларусі і Украіне. Жудасныя фота і сьведчаньні нарвэжцам прадаставіў Інстытут супраціву і народнай памяці Летувы. Супрацоўнікам Інстытута вядома, што начальнік НКВД у Тэлсяі Пётр Раслан жыве ў Расеі. Але расейскія ўлады адмовіліся даваць аб ім інфармацыю.
Наш камэнтар: Вядома, што Раслан і тысячы іншых расейскіх эсэсаўцаў камфортна жывуць у свай Расеі, яны там героі. Пра гэта і пра расейскія злачынствы на акупаваных саветамі тэрыторыях нарвэжцы і наагул на Захадзе мала што ведаюць. Вельмі важна распавядаць цяпер заходнім людзям пра злачынствы жахлівай маскоўскай імпэрыі. Пасьля краху антыбеларускага рэжыму ў Беларусі таксама будзе створаны Інстытут народнай памяці. У чэрвені 1941 рускія энкавэдзісты расстралялі тысячы вязьняў ў турмах Беларусі: у Глыбоцкай і Вялайскай турмах, у Менску, у турме Берасьцейскай крэпасьці, у Магілёве, Воршы, Лідзе і іншых месцах.
Юрка Марозаў