МАЛАДЫЯ, А Ў ГАЛАВЕ САВЕТЧЫНА

12 сакавіка на БТ іграла духавая музыка і паказвалі кінахроніку. Русскоязычныя дыктары віншавалі нас з чарговым “праздніком”: 55-мі ўгодкамі адпраўкі беларускай моладзі на цаліну. Маўляў, менавіта 12 сакавіка 1954 года зь беларускіх вакзалаў на Усход паехалі эшалёны з нашымі хлопцамі і дзяўчатамі. Так сапраўды было, і на працягу шэрагу гадоў. Сталін быў на тым сьвеце роўна год. Аднак, мільёны людзей яшчэ сядзелі ў савецкіх канцлягерах. Над імпэрыяй яшчэ панаваў страх. Але сталінскія сябручкі з палітбюро добра разумелі, што прымусам ужо немагчыма мабілізаваць на вялікую авантуру вялікую колькасьць людзей. Народ стаміўся ад зьверстваў і мог аказаць супраціў. Тады крамлёўскія хітруны прыдумалі камсамольскую рамантыку (новы варыянт “ГУЛАГаўскай рамантыкі”, услаўленай Максімам Горкім і іншымі). Моладзь гналі ў дзікі стэп не пад брэх канвойных сабак і не пад аўтаматамі, а пад гукі аркестраў. Чаму раптам Масква прыдумала гэтую “цаліну”? Савецкія грамадзяне пражылі жыцьцё, а так і не зразумелі сэнсу гэтай авантуры. Непадалёк ад Масквы дагэтуль ляжаць некранутыя землі цэнтральных эўрапейскіх вобласьцяў: Калінінскай, Уладзімірскай, Калужскай... Там распадаліся калгасы, народ выміраў і ўцякаў у гарады. А крамлёўцам спатрэбілася “падымаць” тэрыторыі, на якіх тысячагоддзямі камфортна качавалі казахскія плямёны. У Крамлі спадзяваліся на высокія ўраджаі, але самай галоўнай мэтай была грунтоўная акупацыя і русіфікацыя зямлі азіяцкага народа.

Зразумела, што беларускую моладзь кінулі ў авангард гэтай інвазіі. Нашы “цаліньнікі” распавядалі потым пра эгіпецкую працу і жудасныя ўмовы жыцьця пасярод камсамольскай рамантыкі: “Позна ўначы вяртаесься ў намёт, прыляжаш на гадзінку. А бывае, што адразу ж гоняць на працу...”, “Улетку прачнесься, а пад тваім спальным мехам прыгрэліся гадзюкі. Ляжаць сабе ціхенька...” Многія беларусы так і засталіся жыць назаўсёды ў чужым стэпе.

“Цаліна” ня выратавала імпэрскую гаспадарку (сярэдні ўраджай пшаніцы там быў 4 цэнтнеры з га). Варварская эксплуатацыя зямлі выклікала разбуральныя пясчаныя буры. Праз некалькі гадоў, ужо пры Хрушчове ўсяроўна давялося закупляць збожжа ў Канадзе. Але трэба прызнаць, што Казахастан зрусіфікавалі вельмі грунтоўна (вялікі посьпех на шляху да камуны). Потым саветы тлумілі наш народ чарговымі авантурамі: асушэньнем палескіх балот, “мірным атамам”, БАМам, паваротам паўночны рэк... Вынікі нязьменна былі катастрафічнымі. У 1991 годзе здрыганулася і пасыпалася Імпэрыя. Вызваліўся Казахстан, адкуль масава пачалі ўцякаць нашчадкі цаліньнікаў (ня здолелі вывучыць дзяржаўную мову народа-гаспадара). Нам і ў галаву не магло прыйсьці, што ўвесь гэты цалінны маразм адновіцца ў жыцьці новага пакаленьня беларускай моладзі. Ажно вось, БРСМ узьняў над краінай транспарант пра “романтіку отцов”: стройотряды, все в Сібірь, в Россію, заработать денег, прославіться... Трэба прызнаць, што цяперашняя моладзь не пасьпяшалася мабілізавацца пад заклікі рэжымных стукачоў. Колькі яшчэ будзе працягвацца гэтая паранаідальная рэжымная настальгія?

Янка Базыль