НОРАВЫ АНТЫБЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ. СУД І ШТРАФЫ ЗА АБАРОНУ РОДНАЙ МОВЫ

У Гомелі зь сямі ўдзельнікаў акцыі ў абарону роднай мовы пакараныя штрафамі яшчэ дзьве асобы — Зьміцер Кутасаў і Яўген Якавенка. Адпаведна на 1 мільён 50 тысячаў і 700 тысячаў рублёў. Пастановы на пакараньне штрафамі за подпісам судзьдзі Цэнтральнага раёну Гомеля Алены Цалковай актывісты атрымалі ў мінулыя выходныя па пошце. Суды былі завочнымі. Міліцыя нібыта ня здолела ўручыць актывістам позвы на суд.

“Гэта цалкам брутальны прысуд, — лічыць Яўген Якавенка. — У Міжнародны дзень роднай мовы мы ішлі ўскласьці кветкі да помніка праваслаўнаму асьветніку Кірылу Тураўскаму”.

Ахоўнікі перастрэлі моладзь мэтраў за трыста да помніка. У руках маладыя людзі разам з кветкамі трымалі невялікія аркушы паперы з надпісам “Беларуская мова. Запрещено”, міліцыянты адвезьлі ўсіх у пастарунак і склалі адміністрацыйныя пратаколы на ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

Спадар Якавенка ня бачыць сэнсу абскарджваць пастанову суду — звычайна такія штрафы суды не адмяняюць. А вось Зьміцер Кутасаў мяркуе, што варта было б прайсьці ўсе рэжымныя судовыя інстанцыі, каб потым мець магчымасьць абараніць свае правы ў Камітэце ААН.

Усяго за ўдзел у акцыі ўскладаньня кветак ў абарону роднай мовы ў Гомелі 21 лютага, пакараныя штрафамі агулам на 8 мільёнаў 50 тысяч рублёў 6 удзельнікаў і двое журналістаў, Кастуся Жукоўскага арыштавалі за абарону мовы на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

(Паводле Радыё Свабода)