ПАЛІТЫКА НІШЧЭНЬНЯ
10 сакавіка 2009 г. Аўстрыйская газэта “Kurier” пісала пра он-лайнавую службу “Pinakes Text”. Дзякуючы ёй дасьледчыкі і ўсе цікаўныя могуць знаёміцца з старажытнымі тэкстамі з розных сховішчаў. Напрыклад, у сеціве можна пазнаёміцца з усімі творамі Галілеа Галілея.
Наш камэнтар: Ва ўмовах акупацыйнага рэжыму дасьледчыкам і ўсім цікаўным проста немагчыма атрымаць цэльную і адэкватную карціну Беларусі, яе гісторыі і культуры. На афіцыйных рэжымных сайтах вы прачытаеце шмат казак пра “лукамор'е”. Напрыклад, пра “эфэмэрную незалежнасьць 25 сакавіка 1918 года”. Дагэтуль ня складзены інтэрнэт-архіў важнейшых беларускіх гістарычных дакумэнтаў. У сеціве няма праўдзівай беларускай гісторыі. Немагчыма пазнаёміцца з гісторыяй беларускага мастацтва і культуры. Не існуе, напрыклад, інтэрнэт-службы па залях і сховішчах Нацыянальнага мастацкага музэя Беларусі і іншых музэяў. (Такія службы існуюць ва ўсіх эўрапейскіх нацыянальных музэях). Паасобныя фрагмэнты карціны Беларусі можна знайсьці ў сеціве, і ўсё гэта створана энтузіястамі. На замежных мовах няма практычна нічога. Рэжым заштурхвае Беларусь у каменнае стагоддзе. Усё робіцца для таго, каб ні беларусы, ні іншыя народы ня ведалі каштоўнасьцяў і славы беларускай гісторыі і культуры. Гэта ёсьць палітыка зьнішчэньня.
Алесь Хадасевіч