ВЕЧНА ТАК НЯ БУДЗЕ
11 сакавіка 2009 г. Французкая газэта “Le Figaro” пісала пра выставу, што адкрылася ў парыжскім Музэі Д'Арсэ. Выстава называецца “Скульптары ў ценю Радэна”. На ёй выстаўлены творы выдатных пасьлядоўнікаў вялікага французкага плястыка 19-га стагоддзя: Жазэфа Бэрнара, Раймона Дзюшамп-Віёна, Манола і іншых. Побач з гіганцкай постацьцю настаўніка яны сапраўды адсунуліся на другі плян у гісторыі мастацтва. Але выстава прадэманстравала высокі ўзровень іхнай плястыкі, вобразнае багацьце твораў.
Наш камэнтар: Дарэчы, ніхто з гэтых скульптараў не забыты грамадзтвам. Існуюць іхныя мэмарыяльныя музэі, ім прысьвечаны манаграфіі, іхныя магілы дагледжаны.
Які кантраст з лёсамі выдатных беларускіх мастакоў! Найвялікшага нашага жывапісца ХХ стагоддзя экспрэсіяніста Філіповіча беларускае грамадзтва практычна ня ведае. Таксама як і выдатнейшага графіка Гэмбіцкага. Іхныя творы засунуты ў заднія залі Нацыянальнага мастацкага музэя ў Менску, галоўны будынак Музэя запаўняе чужое мастацтва — расейскае. Гэтым і безлічы іншых беларускіх мастакоў няма манаграфій. Іхныя імёны адсунуты на маргінэс “правінцыйнага савецкага мастацтва”. Вуліцы нашых гарадоў называюцца імёнамі чужых мастакоў Шышкіна, Васняцова... Невялікі помнік Язэпу Драздовічу ў Менску — выключэньне з агульнага правіла здушэньня беларускай мастацкай спадчыны. Хамскі акупант, які валадарыць нашай краінай, усё робіць для таго, каб адрэзаць яшчэ адно пакаленьне беларускіх людзей ад нашай культуры, замяніць роднае чужым сурагатам.
Вечна так ня будзе. У вызваленай Беларусі будзе адноўлена справядлівасьць.
Алесь Хадасевіч