РЫХТУЕМСЯ ДА РАЗЬВІЦЬЦЯ ПАДЗЕЯЎ
(Выступ на сакавіцкім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
...Падзеі ў Беларусі (і ў цэлым у сьвеце) усё больш разьвіваюцца па сцэнары крызісу, які істотна ўплывае на палітычныя паводзіны. Чакаецца, што абвастрэньне можа пачацца ўжо ў канцы красавіка гэтага года. Сытуацыя абумоўлена перш за ўсё ўнутранай антыбеларускай палітыкай рэжыму. Крызіс абвастрыў гэтую сытуацыю, і грамадзтва ўжо пачало пажынаць горкія вынікі эканамічнага і палітычнага лукашызму.
Напярэдадні магчымых зрухаў у грамадзтве ўсім нам, сябрам Народнага Фронту і ўсяго нашага нацыянальна-дэмакратычнага руху, неабходна яшчэ раз нагадаць сабе аб пазыцыі, прынцыпах і сэнсе нашых паводзінаў у зьменных абставінах.
У ацэнцы міжнародных адносінаў да антыбеларускага рэжыму мы адстойвалі неабходнасьць міжнароднай крытыкі дыктатуры, дачыненьняў з рэжымам на пэўных умовах (з магчымасьцю санкцыяў пры невыкананьні ўмоваў) і правядзеньне палітыкі салідарнасьці зь беларускім апазыцыйным нацыянальна-дэмакратычным рухам. Мы выступалі супраць ізаляцыі рэжыму, паколькі (як пацьвердзіла сусьветная практыка) ізаляцыя ўмацоўвае дыктатуру і нішчыць, аслабляе народ.
Рэальнасьць, аднак, прадэманстравала зусім іншую карціну эўрапалітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Усе азначаныя вышэй прынцыпы былі скамечаныя. Эўропа, зыходзячы з традыцыі падвойных стандартаў, пачала балансаваць сваю палітыку ў Беларусі разам з Расеяй, арганізоўваць сумесна з КГБ зьнішчэньне нацыянальна-вызвольнай апазыцыі (БНФ) і ствараць тут сваё апазыцыйнае лобі. Эўропа баіцца нацыянальнай дэмакратычнай сілы (зь якой трэба лічыцца) і хацела б мець тут сваю апазыцыйную марыянэтку без выразнага нацыянальнага аблічча. Ім, разам з КГБ, удалося раскалоць БНФ і стварыць тут сваю апазыцыю, пагрунтаваную на лібэральных ідэях касмапалітычнай дэмакратыі і зьнешніх рэсурсах. Натуральна, што падстаўная апазыцыя аказалася маргінальнай, нацыянальна безідэйнай і поўнасьцю палітычна бясьсільнай. Вынік яе палітычнае дзейнасьці, калі браць агулам, — ня тое, што нуль, а хутчэй мінус.
Эўропа, відаць, не зразумела, што яна сама зьяўляецца прычынай мінусовага выніку свайго штучнага стварэньня. Аднак, да 2008 года яна ўжо ўбачыла поўны тупік сваёй палітыкі вялай ізаляцыі Беларусі і стаўкі на падстаўную апазыцыю.
Невядома да якой ступені маразму датрывала б гэтае становішча, калі б не ваенная агрэсія і напад Расеі на Грузію. Тое, аб чым мы ўсе гэтыя 14 гадоў даводзілі эўрапейскім палітыкам (аб агрэсіўнай сутнасьці расейскага імпэрыялізму) раптам дайшло, напалохала, вымусіла прымаць рашэньні. Эўропа перастала гуляць са сваёй апазыцыйнай падстаўкай і пачала наўпрост дамаўляцца з антыбеларускім рэжымам. Дачыненьні перайшлі ў геапалітычную сфэру. Эўразьвяз нарэшце зразумеў, што захоп Беларусі Расеяй (якому ён спрыяў пад выглядам “пашырэньня дэмакратыі”) не прынясе яму ніякай транзітнай, палітычнай, эканамічнай і іншай выгады, акрамя пагрозы і небясьпекі.
Стварылася новая палітычная сытуацыя (на мой погляд, часовага кшталту), якая ў адных спарадзіла ілюзіі надзеяў, у іншых канчаткова заблытала ўсё ў галаве.
Падстаўная апазыцыя, якая раптам апынулася на ўзбочы брусэльскіх інтарэсаў, падзялілася, шукае сваю ролю ў чужой палітыцы. Адны цалкам падтрымліваюць усе эўрапейскія дзеяньні і ініцыятывы і лічаць, што “ім” (гэта значыць, “апазыцыі”) трэба супрацоўнічаць з Эўразьвязам і з рэжымам Лукашэнкі, каб дапамагаць антыбеларускаму рэжыму ськіравацца і ўвайсьці ў Эўропу. Гэта, маўляў, трэба рабіць дзеля таго, каб запабегчы агрэсіі Расеі і гарантаваць захаваньне незалежнасьці Беларусі. Іншыя лічаць, што асноўнае ёсьць каштоўнасныя прынцыпы (правы чалавека, свабода друку і г.д.) і імі нельга паступацца дзеля незалежнасьці і геапалітычных задачаў. Супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі Эўропа павінна, на іх думку, ставячы ўмовы захаваньня дэмакратычных каштоўнасьцяў. Пытаньня, што рабіць, калі Лукашэнка ня стане трымацца названых каштоўнасьцяў (а ён ня стане) — гэтае пытаньне не задаецца (адпаведна, няма і адказу). Затое першыя “апазыцыяністы” адказ на яго маюць — супрацоўнічаць нягледзячы ні на што — “лепш Лукашэнка, чым Пуцін”.
І першы і другі падыход не зьяўляюцца ні змагарнымі, ні апазыцыйнымі. Гэта тыповая платформа калабарацыі. Калабарацыя з антыбеларускім рэжымам у справе незалежнасьці і свабоды — рэч абсалютна беспэрспэктыўная і абсурдная. Плюсы тут часовыя, ілюзорныя і мізэрныя, мінусы пастаянныя, велізарныя і сьмярдзючыя.
Новая палітыка Эўразьвязу адносна рэжыму на Беларусі — гэта ёсьць ягоная палітыка і праводзіць ён яе ў сваіх інтарэсах, мэтадамі, якія лічыць патрэбнымі. Нам такая палітыка, якая ўключае Беларусь у сфэру эўрапейскіх дачыненьняў, — зручная, але, паўтараю, гэта ёсьць палітыка Эўразьвязу, якую ён будзе праводзіць, не лічачыся з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі.
Трэба мець на ўвазе, што ў істоце рэчы нічога не перамянілася, акрамя тактыкі. Сацыялістычнае кіраўніцтва эўраструктураў і цяпер едзе ў Менск праз Маскву. Гэтак ехаў да Лукашэнкі Саляна, гэтак ехаў Тэры Дэйвіс (выйшаў зь левага крыла лейбарыстаў, фактычна камуністаў, што былі на ўтрыманьні КПСС). Вядома, што ён там, у Маскве, нагаварыў, сказаў, што расейская дэмакратыя на 20 гадоў апярэдзіла беларускую. Маразм і падвойны стандарт неад’емныя атрыбуты гэтай ружовай эўрапалітыкі. Можна прадбачыць, чым яна скончыцца ў адносінах да Лукашэнкі (я пра гэта ўжо пісаў).
Нашая пазыцыя нацыянальна-дэмакратычных сілаў Беларусі і нашай народнай партыі (КХП — БНФ) вызначана даўно: змаганьне з антыбеларускім рэжымам і яго антынароднай палітыкай. Мы не павінны перашкаджаць дачыненьням Эўразьвязу з антыбеларускім рэжымам, улічваючы абставіны, якія нам выгадныя. Але нельга дапускаць, каб пры гэтым гандлявалі нашымі каштоўнасьцямі, незалежнасьцю і свабодай. У рэчышчы нашых асьветніцкіх і палітычных задачаў мы, — фронтаўцы, — павінны і надалей (асабліва ў гэты час) рыхтаваць глебу для шырокага грамадзкага змаганьня. Наша палітыка робіцца тут на Беларусі і тут вырашаецца наш народны лёс.
Якраз менавіта тут, а не ў ацэнках дачыненьняў рэжыма з Эўропай узьнікае пытаньне прынцыповай важнасьці, якое высьвятляе пазыцыі. Калабаранты ўсіх масьцяў з падстаўной апазыцыі і са структураў улады кажуць у адно: нельга, маўляў, няхораша, нядобра, выкарыстоўваць крызіс у барацьбе супраць улады. Трэба, маўляў, дапамагаць рэжыму выйсьці з крызісу, думаць пра інтарэсы ўсяго грамадзтва, нацыі і дзяржавы, а ня жыць па прынцыпу “чым горш, тым лепш”.
Такая ахоўніцкая пазыцыя наскрозь фальшывая і вядомая ня толькі з часу распаду СССР. Гэта ахоўніцкая класіка ўсялякай дыктатуры, абсалютызму і прыгнятальніцкага рэжыму. Каб уратаваць скуру, ставілі грамадзтва ў выключнае становішча, якое абавязвала да супольных дзеяньняў на глебе нацыянальных інтарэсаў. Тут і “маленькая пераможная вайна” і “вайна народная”, і “Дойчлянд уйбэр альлес” і нават “трацкісцкія сабакі” і “жыда-масоны”. А тут крызіс здарыўся. “Усе на барацьбу з крызісам (які, маўляў, прышоў з Захаду), уратуем Беларусь, — выступаюць ахоўнікі і калабаранты, — дапаможам ураду!”
Скажу адразу, нічога з гэтага ня выйдзе ў Беларусі (акрамя ганьбы крыкунам). Усе дыктатуры, якія існавалі і існуюць, вырасталі на нацыянальнай (альбо імпэрскай) аснове, таму ашукаць народ і ратаваць сваю ўладу на абароне быццам бы нацыянальных інтарэсаў дыктатарам, як правіла, удавалася. У Беларусі ж не нацыянальны, а антынацыянальны антыбеларускі рэжым, які адкрыта праводзіць антыбеларускую палітыку. Гэта прамаскоўскі рэжым, які ўтварыўся шляхам унутранай акупацыі беларускай улады прамаскоўскімі сіламі. Калі хто яшчэ за амаль 15 гадоў рэжыму гэтага не зразумеў, то цяпер, калі жыцьцё прымусіць думаць, — уцяміць хутка.
Пра якія там “нацыянальныя інтарэсы” гэтая антынацыянальная ўлада будзе яшчэ казаць беларусам?! Чатырнаццаць гадоў яна плявала на беларускія інтарэсы. Гэты рэжым сваёй кансэрвацыяй саветчыны, шашнямі з Масквой і душэньнем усяго жывога давёў наш народ да такога стану, што ён не можа ўжо справіцца зь бядой. Якую камарыльлю ён павінен яшчэ ратаваць!? Людзей трэба перастаць палохаць і душыць падаткамі, кантрактамі, кагэбістамі, кантралёрамі, судамі, амонамі, дэвальвацыяй, інтэграцыяй, стабілізацыяй, трасцай з хваробай. Людзям трэба вольна дыхаць, вольна працаваць і мець сваё. Пакуль існуе гэты рэжым і ягоны начальнік, ня будзе ні павагі, ні волі, ні свайго. Заганяюць вунь ужо людзей у пятлю і хоць бы што, памаўківаюць, фэльетончыкі папісваюць. Усялякі антынародны рэжым, дарэчы, існуе толькі таму, што зь ім супрацоўнічае эліта, тэхнакратыя, інтэлігенцыя (“слушай бацьку”). Ня толькі на “амоне” — на “изотовичах” трымаецца рэжым.
Хто там ладзіў “мобы-шмобы” і прасіў пераменаў? Вось яны йдуць перамены — крызіс. Перамены, аднак, можа ажыцьцявіць толькі народная сіла. Гэта тая частка народа, якая працуе, кіруе вытворчасьцю, на чыіх плячах трымаецца ўлада. Гэта людзі, якія ствараюць ідэі і дабрабыт нацыі. Канкрэтныя дзеяньні і мэты будуць неўзабаве надрукаваныя ў дакумантах нашага руху і партыі.
Задача эліты, інтэлігенцыі не зьберагаць збанкрутаваны рэжым, не дапамагаць яму ўратавацца, выходзіць з крызісу, каб потым ён загнаў усіх у труну, а ліквідаваць яго як першапрычыну асабліва цяжкага крызісу на Беларусі. Шанц трэба скарыстаць, дапамагчы людзям усьвядоміць рэальны шлях свабоды і пераменаў. Лукашэнка — гэта пэрманэнтная пагроза незалежнасьці Беларусі. Незалежнасьць, дзяржава і нацыя ня ёсьць для яго каштоўнасьці, а толькі тавар, якім можна гандляваць у інтарэсах. Колькі гадоў зьневажаньня і духоўнага рабства трэба выцерпець, каб гэта нарэшце ўбачыць?!
Але надыходзіць час, калі дарогу змогуць убачыць усе (калі захочуць). Гэты час настае незаўважна і хутка. Будзьма ж гатовыя яго спаткаць.