САКАВІЦКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

15 сакавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Рыхтуемся да разьвіцьця падзеяў” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў на Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. У Беларусі набірае сілу глыбокі эканамічны крызіс. Па ўсёй краіне адбываюцца масавыя звальненьні працоўных, рэзка зьніжаецца заработная плата (да 50% у адзін прыём), спыняюцца або пераходзяць на скарочаны рэжым працы прадпрыемствы. З разбуранай эканомікі Расеі вяртаюцца на радзіму дзесяткі тысячаў беларусаў, іх чакае бепрацоўе і галеча. У той жа час антыбеларускі рэжым імкнецца праз сродкі інфармацыі даказаць насельніцтву, што “крызіс вакол Беларусі і ў Амэрыцы, а ў нас яго няма і ня можа быць...”

Заўважана, што па ўсёй краіне КГБ мабілізаваў усіх сваіх стукачоў і сексотаў, якія ў публічных месцах агітуюць за рэжым і “как у нас хорошо жіть”. Людзі, аднак, ужо ня вераць нахабнай рэжымнай прапагандзе і ўсё часьцей задаюцца пытаньнем, як жыць далей? Беларусам страшна за будучыню сваіх дзяцей. У бліжэйшыя месяцы трэба чакаць далейшага абвастрэньня крызісу. Менавіта дзякуючы таму, што эканоміка Беларусі штучна завязана на хворай эканоміцы Расеі. Усеагульны эканамічны і сацыяльны правал у суседняй імпэрыі балюча адбіваецца на Беларусі. Насуперак здароваму сэнсу прамаскоўскі рэжым працягвае палітыку здачы Беларусі ў расейскую імпэрыю. Рыхтуецца прыняцьце расейскага рубля ў якасьці валюты ў Беларусі. Калі б крамлёўскай хунце ўдалося зрабіць гэтую авантуру, то гэта азначала б поўны крах беларускай эканомікі і грамадзтва ў цэлым. Масква ня будзе даваць сродкі на беларускі бюджэт ва ўмовах поўнага эканамічнага правалу і беспрацоўя дзесяткаў мільёнаў расейскіх грамадзянаў. Масква ў такой сытуацыі будзе ратаваць сябе ад народнага бунта. Масква ня будзе ратаваць чужых людзей — беларусаў. Вельмі важна, каб наш народ зразумеў гэта. Не выпадкова ў апошні час Крэмль рэзка актывізаваў уключэньне Беларусі ў ваенныя структуры Расеі. Масква рыхтуецца да вайны, бо толькі вайна дазволіць Крамлю прымусіць расейскае грамадзтва да маўчаньня і пакорлівага выкананьня загадаў (як гэта заўсёды было ў расейскай гісторыі). Вельмі важна, жыцьцёва неабходна, каб Беларусь засталася па-за рамкамі шалёнай маскоўскай палітыкі. Каб маскоўскі вораг у чарговы раз не прымусіў беларусаў ваяваць і паміраць за Маскву.

Беларускае грамадзтва мае канкрэтны шлях выйсьця з крызісу і з сьмяротнай пагрозы — гэта ліквідацыя антыбеларускага рэжыму і наладжваньне нармальнага нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця. Нармальнае жыцьцё для беларусаў магчымае толькі ў сваёй дэмакратычнай дзяржаве, у сям’і цывілізаваных эўрапейскіх народаў, як мага далей ад шалёнай маскоўскай імпэрыі. Таму патрыёты Беларусі павінны даводзіць праўдзівую інфармацыю пра сацыяльныя і палітычныя працэсы. Нашай праўдзе няма альтэрнатывы пасярод панаваньня рэжымнай хлусьні. Неабходна злучаць наш народ у змаганьні за свае нацыянальныя правы і незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Масква і антыбеларускі марыянэткавы рэжым працягваюць сваю зьнішчальную палітыку ў Беларусі. Працягваецца будаўніцтва атрутнага хімкамбіната ў Пухавіцкім раёне пад Менскам. Стала вядома, што на гэтым камбінаце расейцы плянуюць займацца ліквідацыяй сваёй састарэлай хімічнай зброі (страшная небясьпека для сотняў тысячаў жыхароў Беларусі). Рэжым падпісаў з Расеяй новыя пагадненьні, паводле якіх кожны расеец праз месяц пражываньня ў Беларусі атрымлівае дакумэнт “віда на жыхарства” і поўныя маёмасныя правы на тэрыторыі нашай дзяржавы. Такім чынам, Беларусь становіцца камфортным прытулкам для расейскіх гангстэраў і мафіёзаў, якія абрабавалі свой народ і будуць ратавацца ў нас ад народнага гневу. Вось вынікі адкрытай мяжы з імпэрыяй.

Сябры Сойму прышлі да высновы, што крызіс дае беларусам магчымасьці для перамогі над лютым імпэрскім ворагам. Пра гэта сьведчыць шэраг знакавых падзеяў. Яшчэ ўлетку мінулага году Дзярыпаска і іншыя расейскія алігархі ўжо падзялілі між сабой сфэры ўплыву ў Беларусі, разьмеркавалі для захопу беларускія прадпрыемствы. Але цяпер гэтыя алігархі сутаргава ратуюць сабе і свае капіталы ад крызісу. Абвальваюцца іхныя амбіцыйныя пляны захопу нашай маёмасьці. Крамлёўская хунта кідае шалёныя сродкі на дэстабілізацыю становішча ў розных краінах. Але перад Крамлём усё больш выразна ўстае праблема расейскага бунта. Імпэрыя захлынаецца ў крызісе, які яна не перажыве. Вельмі важна, каб беларусы засталіся па-за рамкамі гэтага крывавага канфлікта. Але недастаткова тэарэтызаваць і назіраць за працэсамі ў Расеі. Беларуская Салідарнасьць, кансалідацыя патрыятычных сілаў нашага грамадзтва — вось умова перамогі Беларусі і нашага нармальнага чалавечага і нацыянальнага існаваньня.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

15 сакавіка 2009 г.