ЧАПЛЯЮЦЦА ЗА ВАЙНУ

6 сакавіка 2009 г. Ангельская газэта “Telegraph” паведамляе з Масквы. Міністар па надзвычайных сітуацыях С. Шайгу заявіў патрабаваньне прыняцьця новага закону, паводле якога судзіць і караць трэба кожнага, хто заявіць, што “Расея ня выйграла Другую сусьветную вайну”. Прапануецца прыцягваць да суду таксама замежных грамадзянаў і дзяржаўных кіраўнікоў, якія заявяць, што Чырвоная армія ня вызваліла іхныя краіны, а акупавала іх. Выступ Шайгу зьвязваюць з паказаным нядаўна па расейскім тэлебачаньні дакумэнтальным тэлефільмам пра бітву пад Ржэвам (1941-43 гг.), дзе ў лабавых атаках пад камандай Жукава загінула больш за мільён савецкіх вайскоўцаў. Кіраўніцтва Савета вэтэранаў РФ таксама патрабуе суду і пакараньня аўтара фільма Аляксея Піваварава.

Наш камэнтар: Прычыны чарнасоценнай мітусьні ў Маскве відавочныя. Даўно заўважана, што манумэнтальныя ідэалагічныя асновы расейскай імпэрыі з грукатам праваліліся. Праваліўся Ленін (“самый человечный человек”), праваліўся Мікалай ІІ Святой (“Крывавы”). Можна з упэўненасьцю сказаць, што правальваецца РПЦ, ад якой масава адварочваюцца самы расейцы. Імпэрцы сутаргава чапляюцца за “Велікую Отечественную”, якую, дарэчы, яны разьвязалі ў Эўропе разам з лепшым сваім сябрам А. Гітлерам, дзялілі зь ім кантынэнты і народы, зьнішчалі людзей. Калі навукоўцы, удзельнікі і сьведкі вайны, іхныя нашчадкі распавядуць усю жудасную праўду пра “Отечественную”, то праваліцца і гэтая фальшывая аснова Імпэрыі. І не застанецца нічога, на чым магла б трымацца крамлёўская гідра. Нічога, акрамя ярлыка на царства, атрыманага ад мангольскай арды ў 14-м стагоддзі.

Юрка Марозаў