ЯНЫ ДУМАЮЦЬ, ШТО “ВСЁ В ПОРЯДКЕ”...

4 сакавіка 2009 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung“ прысьвяціла артыкул пад тытулам “Расея мае адпаведную мадэль на крызіс” расейскаму мільярдэру Андрэю Мельнічэнку (36 гадоў). З фотаздымка глядзіць усьмешлівы, аптымістычны расейскі мільярдэр. Распавядаецца пра посьпехі ягонага бізнэсу ў Расеі і за мяжой. Мельнічэнка мае раскошны аўтамабіль і нядаўна купіў сваёй жонцы (прыгожай сэрбскай мадэльцы) раскошную яхту. Ён упэўнены ў будучыне сваёй і ў цэлым расейскай.

Наш камэнтар: Можа ім у Швайцарыі лепш бачна, але многія аналітыкі на постсавецкай прасторы прадказваюць сацыяльную катастрофу ў Расеі ў бліжэйшыя месяцы. Беларускія патрыёты, якім давялося пабачыць індустрыяльныя паселішчы ў імпэрскай глыбінцы (кшталту Магнітагорска), упэўнены, што бунт пачнецца менавіта там. Шэраг такіх магнітагорскаў стаіць на камянях і ўсё насельніцтва занята на адным-двух мясцовых камбінатах. Калі камбінаты спыняцца, то людзям літаральна ня будзе што есьці. На камянях ня зробіш нават блакадныя градкі. Іншыя аналітыкі мяркуюць, што першай запалае алігархічная Рублёўка, якую люта ненавідзяць дзесяткі мільёнаў абрабаваных расейцаў. Некаторыя кажуць, што першым загарыцца пад ударамі нэапугачоўшчыны Крэмль. А ў мільярдэра Мельнічэнкі пакуль што “всё в порядке”...

Алесь Хадасевіч