АДНА ПЕСЬНЯ
26 лютага 2009 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляе з Расеі. Генсек Расейскай народна-дэмакратычнай партыі Міхаіл Касьянаў заявіў, што толькі свабодныя і дэмакратычныя выбары могуць вывесьці Расею з крызісу. Ён запатрабаваў таксама адстаўкі прэм'ера Пуціна і ўсіх чыноўнікаў, якія зьдзяйсьняюць цэнзуру. Газэта нагадвае, што “у 2004 г. прэзыдэнт Пуцін звольніў з пасады харызматычнага прэм'ера Касьянава”. Газэта піша таксама: “вядомыя апазыцыянэры Нямцоў і Мілаў” заявілі, што ўлада падтрымлівае алігархаў, а не простых людзей.
Наш камэнтар: Для славацкага журналіста гэты Касьянаў можа і “харызматычны”. А вось расейцы называлі гэтага падпуцінскага прэм'ера мянушкай Міша Два Процента (бо з кожнай трансакцыі ў Расеі ён браў сабе 2% прыбытку). Потым гэты “харызматык” перайшоў у апазыцыю. Славакі не заўважылі, а беларусы заўважылі падабенства мадэлі, паводле якой дзейнічае гэтая “оппозіція” і ў Расеі і ў Беларусі: яна патрабуе “справядлівых выбараў” (гэта пад гэбоўскай дыктатурай) у той час, як мільёны людзей у Расеі і Беларусі адвярнуліся ад рэжыму і адмовіліся ўдзельнічаць у псэўдавыбарчых шоў. Кіруемая “оппозіція” і ў Маскве і ў Менску выконвае адну функцыю: загнаць разам з лубянскім рэжымам як мага больш людзей на выбарчыя ўчасткі і забясьпечыць тым самым выжываньне рэжыму. “Іді і скажі своё нет”. — як той казаў.
Алесь Хадасевіч