ГІСТОРЫЯ Ў НАС САМЫХ

27 лютага 2009 г. Французкая газэта “Le Monde” публікуе артыкул у рубрыцы “Што пісалі газэты 27 лютага 1909 г.” Сто гадоў таму журналісты сустрэліся з стогадовым Клодам Эрлі. Дзядок распавядаў пра сваё маленства і юнацтва. Як ён бачыў у Парыжы Напалеёна І, быў разам з бацькамі на пахаваньні Людовіка XVIII і г.д.

Наш камэнтар: Кожны культурны народ імкнецца захаваць памяць пра падзеі, а таксама імёны, партрэты іх удзельнікаў — усё тое, з чаго складаецца нацыянальная цывілізацыя. Маскоўска–бальшавіцкія акупанты добра ведалі гэта і заўсёды імкнуліся вычварыць і сфальшаваць беларускую нацыянальную памяць. У 1960-я гады на піянэрскіх лінейках у беларускіх школах раптам пачалі выступаць бадзёрыя бабулькі. Перад іхнымі выступамі вядучы прадстаўляў іх: “А теперь выступіт Варвара Івановна. Она, деті, відела Леніна...” Як і дзе яна пабачыла Леніна, партыйная вэтэранка не прызнавалася, а ўсё заклікала да “верності партіі” і “трудіться на благо”. Калі б усю гэтую райкамаўскую агентуру сабраць разам, то атрымалася б, як з клясічным ленінскім бервяном. Калі ў 1927 г. у Маскве правялі апытаньне, хто дапамагаў Уладзіміру Ільічу несьці бервяно падчас суботніка ў Крамлі, то ў сьпіс памагатых запісаліся семсот чалавек...

Савецка-акупанцкая сістэма выхаваньня гісторыяй была заснавана на мэханічным паглынаньні невялікага набору ўшчэнт фальшывых стэрэатыпаў. Калі вайна, то гэта Сталінград і штурм Берліна (і ні слова пра подзьвігі беларусаў у гэтых бітвах). Калі да вайны, то гэта Магнітка і Днепрагэс. Калі бальшавіцкі пераварот, то “штурм Зімняга” і г.д. Гісторыя павінна была існаваць, як далёкая плянэта — чужая, экзатычная, халодная.

Толькі творчыя людзі (такія, як Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч) глыбока разумелі, што з кожным беларусам назаўжды адыходзіць цэлы сьвет, цэлая кніга гісторыі. Большасьць нашых людзей дагэтуль жывуць савецкімі стэрэатыпамі-фальшыўкамі. Хаця кожны з нас выпадкова адкрываў для сябе непараўнальныя гістарычныя сьведчаньні, здавалася б, звычайных асобаў і месцаў. Толькі нямногія адэкватна ацанілі гэтыя адкрыцьці. А з большага не захавалі, не перадалі іх нашчадкам.

Я дагэтуль памятаю, як быў уражаны такімі знаходкамі. Старэйшыя распавялі пра нямецкі танкавы прарыў і вялікі бой, што адбыўся на ўскраіне Гомеля ў жніўні 1941 г. А гэта было ў некалькіх сотнях мэтраў ад нашай хаты, мы дзецьмі любілі гуляць на гэтым полі (і, зразумела, нічога ня ведалі). Дзядзька Андрэй распавёў быў пра сваю сустрэчу з амэрыканскім прэзыдэнтам Рузвэльтам. Ён служыў матросам на савецкім ваенным караблі і ўдзельнічаў у ахове амэрыканскіх марскіх канвояў, што дапамагалі саветам. У адным з амэрыканскіх портаў іх наведаў прэзыдэнт. Усіх дзьве тысячы маракоў сшыхтавалі. Рузвэльт праехаў на сваёй калясцы перад шыхтом, кожнаму паціснуў руку і сказаў “Thanks”. Дзед Міхаіл успомніў пад настрой, як яны стралялі па немцах з гарматаў пад Рыгай у 1916 годзе... Трэба ўмець слухаць, і вы пачуеце галасы далёкіх стагоддзяў і нават тысячагоддзяў. Падчас архэялагічнай студэнцкай практыкі ў 1973 г. мы працавалі на раскопе старажытнагрэцкага паселішча Парфміён, што ва ўсходнім Крыме (яго згадвае Страбон). Нам пашэнціла: у той год мы раскапалі пласт 5-га стагоддзя да н.э. Самы сабой нараджаліся вобразы далёкай эпохі. На расчышчаным намі бруку працякала даўняе жыцьцё. Безумоўна, грэкі абмяркоўвалі былі ня толькі кошты на коскае віно і ўраджай алівы. Тут гучалі водгукі элінскіх палітычных актуаліяў: “А афіняне зноў прагаласавалі за Пэрыкла...” Тут дэклямавалі Гамэра.

Уласнае жыцьцё адразу робіцца больш сэнсоўным і яркім. Таму кожны культурны беларус павінен цікавіцца, распытваць людзей, ставіцца з павагай да іхных успамінаў, запісваць іх. Традыцыяй павінна стаць пісаньне мэмуараў. Сьведчаньні і ўспаміны самага, здавалася б, шэраговага чалавека праз кароткі час (ня кажучы ўжо праз стагоддзі) становяцца неацэнным арыгінальным гістарычным матэр'ялам. Калі будзе так у асяроддзі нашага культурнага народу, то ніякія райкамаўскія фальсіфікатары ня здолеюць затлуміць галаву нашым нашчадкам.

Валеры Буйвал