У РАСЕІ СТУКАЮЦЬ

13 лютага 2009 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” перадрукоўвае інфармацыю пра стукачоў з расейскіх выданьняў. Прэзыдэнцкая канцэлярыя РФ мае сваю сетку тайных агентаў, якія дзейнічаюць у маладзёвым асяроддзі. Прыводзіцца прыклад маладой Ганны Букоўскай з пуцінскай маладзёвай арганізацыі “Наші”. Букоўская — каардынатар, яна кіруе агентамі ў Маскве, Пецярбурзе і Варонежы. Выплочвае ім штомесяц па 20 тысячаў рублёў (сама яна атрымлівае па 40 тысячаў рублёў штомесяц). Яны павінны інфільтравацца ў маладзёвыя структуры розных арганізацыяў і даваць адтуль інфармацыю. Букоўская сярод іншага вельмі актыўна спрычынілася да стварэньня пецярбургскай маладзёвай арганізацыі партыі “Яблоко”. Свае справаздачы яна накіроўвае аднаму з лідэраў “Нашіх” Галубятнікаву, а той у сваю чаргу начальніку прэзыдэнцкай адміністрацыі тав. Суркову.

Наш камэнтар: Тую ж мадэль дзеяньняў спэцслужбаў у маладзёвым асяроддзі мы назіраем у Беларусі. Малодшыя імітатары розных калібраў панастваралі груповачак пад гучнымі назовамі і спрабуюць завабіць туды патрыятычную моладзь. Дарагія хлопцы і дзяўчаты. Углядзіцеся ў іхныя твары, паслухайце, пра што яны гавораць, зірніце на іхную баламутную сымволіку. Ня верце іхным моб-шмобам і паказушным выбрыкам. Барацьба за волю — гэта не тусоўка. Не дазваляйце стукачам і жулікам зарабляць на вас юдавы грошы.

Алесь Хадасевіч